Давер, характар адносін паміж сацыяльнымі суб'ектамі (асобамі, сацыяльнымі групамі і інстытутамі); у больш канкрэтнай форме - гэта адносіны аднаго чалавека да другога (партнёра, кіраўніка, сябра), заснаваныя на перакананасці ў яго праваце, вернасці і добрасумленнасці. Супрацьлеглым гэтаму паняццю з'яўляецца недавер, падазронасць, калі пад сумненне ставіцца вернасць агульнай справе ці шчырасць адносін паміж людзьмі. Шчырасць у характары адносін можа існаваць толькі тады, калі суб'екты адносін перакананы ў тым, што могуць з вялікай ступенню імавернасці прагназаваць паводзіны іншых людзей і калі партнёры прытрымліваюцца агульнапрынятых маральных прынцыпаў - добрасумленнасці, гонару і інш.

Псіхолагі лічаць, што ў аснове даверу ляжаць разуменне і веданне іншых людзей. Здольнасць праяўляць давер у розных людзей неаднолькавая. Упэўнены ў сабе чалавек здольны больш лаяльна ставіцца да іншых людзей, найперш заўважаць у іх дадатныя рысы, а не недахопы. Шлях да даверу ляжыць і праз удасканаленне самога сябе. Давер адыгрывае важную ролю ў выхаванні чалавека. Калі чалавеку даручаюць адказную справу і пры гэтым ставяцца да яго як да роўнага, хоць ён яшчэ не па ўсіх параметрах адпавядае гэтаму, то давер становіцца моцным стымулам для развіцця, ён акрыляе. Таму давер і недавер - моцныя стымулятары чалавечых паводзін, з якімі неабходна абыходзіцца асцярожна і на індывідуальным, і на грамадскім узроўні.

Паведаміць пра недакладнасьць