Дзяржава, асноўная форма палітычнай сістэмы грамадства, якая арганізуе, накіроўвае і кантралюе сумесную дзейнасць і адносіны людзей, грамадскіх груп, асацыяцый, класаў. Яе найбольш істотнай прыкметай з'яўляецца наяўнасць публічнай улады, якая пашыраецца на ўсё грамадства і абапіраецца на сродкі і меры прымусу (армія, паліцыя, турма і да т.п.). Важным сродкам ажыццяўлення дзяржаўнай улады з'яўляецца права - абавязковыя правілы паводзін, якія ўстанаўлівае і санкцыянуе дзяржава. З дапамогай права яна замацоўвае парадак грамадскіх адносін, структуру і функцыі дзяржаўнага механізма. Ідэя панавання закону як найважнейшай крыніцы права нарадзілася ў старажытнасці як процівага самаўладдзю і дэспатызму асобы правіцеля. Старажытнагрэчаскі філосаф Платон пісаў: «Я бачу блізкую пагібель той дзяржавы, дзе закон не мае сілы і знаходзіцца пад чыёй-небудзь уладай». Падобныя погляды развіваў другі старажытнагрэчаскі вучоны і філосаф Арыстоцель, які лічыў, што панаванне законаў, а не людзей абазначае стабільнасць існуючай формы дзяржавы і яе палітычнага парадку. Гэтыя ідэі былі развіты пазней французскімі асветнікамі Ш.Л.Мантэск'е, Ж.Ж.Русо, ангельскім філосафам-матэрыялістам Дж.Локам, у Расеі А.М.Радзішчавым, А.І.Герцэнам і інш., у Вялікім Княстве Літоўскім Ф.Скарынам, Л.Сапегам і інш. Нямецкі філосаф І.Кант разглядаў дзяржаву як «аб'яднанне мноства людзей, падпарадкаваных прававым законам».

Першабытнае грамадства не ведала дзяржаўнага ладу. Першай у гісторыі грамадства была рабаўладальніцкая дзяржава, якая падзялялася на рабоў і рабаўладальнікаў. У рабаўладальніцкіх дзяржавах існавалі розныя формы праўлення: манархія (Рымская імперыя), арыстакратычная рэспубліка (Спарта), дэмакратычная рэспубліка (Афіны). З зараджэннем феадальных вытворчых адносін склалася феадальная дзяржава. Яе характэрнай формай праўлення стала абсалютная манархія. У выніку буржуазных рэвалюцый узнікла буржуазная дзяржава. Там, дзе ў ходзе рэвалюцыі буржуазія ішла на кампраміс з дваранствам (Вялікабрытанія), дзяржава набыла форму канстытуцыйнай манархіі; там, дзе буржуазія дамаглася толькі свайго панавання, утварылася рэспубліка (Францыя). У выніку Кастрычніцкага перавароту 1917 у Расеі і народна-дэмакратычных рэвалюцый у шэрагу краін Эўропы, Азіі і Лацінскай Амерыкі пасля 2-й сусветнай вайны ўзнік прынцыпова новы тып дзяржавы - сацыялістычная дзяржава.

Сістэма арганізацыі і функцыянавання вярхоўнай улады, якая характарызуецца падзелам заканадаўчых і выканаўчых функцый, пры прывілеяваным становішчы парламента стала называцца парламентарызмам. Цэнтральная ідэя, закладзеная ў такой структуры дзяржаўнага кіравання, - падзел выканаўчай, заканадаўчай і судовай улад, які стварае сістэму «стрымак» і «проціваг». Патрабаванне вяршэнства прадстаўнічых органаў дзяржавы вынікае з прынцыпу народнага суверэнітэту як асновы ўсёй улады. Суверэнітэт народа з'яўляецца крыніцай дзяржаўнага суверэнітэту, які спалучае ў сабе вяршэнства дзяржаўнай улады і панаванне права. Улада дзяржавы пашыраецца на ўсю яе тэрыторыю і ўсё насельніцтва. Аднак гэта не пазбаўляе народ яго неадчужальнага права вызначаць і змяняць формы і змест свайго дзяржаўна-прававога жыцця. У такім кантэксце дзяржава выступае як суверэнная форма арганізацыі і ажыццяўлення публічнай палітычнай улады. Менавіта на такіх прынцыпах заснаваны дзяржаўны лад Беларусі.

Паведаміць пра недакладнасьць