Жаль, маральна-псіхалагічнае пачуццё спачування і спагады. У наш час нямала людзей лічаць такое пачуццё праявай слабасці і нават бязволля, ганарацца раўнадушшам і абыякавасцю нават да блізкіх ім людзей. У падлеткавым узросце такія пачуцці многія хлапчукі старанна хаваюць і, дэманструючы смеласць і мужнасць, часам праяўляюць паказную жорсткасць. Але гэта не значыць, што ў іх няма пачуцця жалю. Спачуванне - гэта ўласцівасць душы, элементарны маральны прынцып чалавечага быцця: ты спачуваеш некаму, а нехта клапоціцца пра цябе. Асаблівы жаль чалавек павінен праяўляць да дзяцей, хворых, састарэлых, слабых, бездапаможных і адзінокіх людзей. Гэтае пачуццё можа быць наследавана ад бацькоў, можна развіць яго і з дапамогай выхавання. Адзін са шляхоў фармавання пачуцця жалю - клопат пра хатніх жывёл, расліны. Бо калі дзіця жорстка абыходзіцца з катамі ці сабакамі, то з цягам часу ў яго могуць развіцца садысцкія схільнасці. Жаль - пачуццё выбіральнае і высокае, накіраванае на вартых яго людзей.

Паведаміць пра недакладнасьць