Закон. Жыццё кожнай краіны патрабуе рэгулявання асноўных, найбольш важных пытанняў, якія вырашаюцца ў адпаведнасці з інтарэсамі яе грамадства. У старажытнасці такое рэгуляванне адбывалася паводле звычаяў і традыцый - нормаў так званага звычаёвага права. З развіццём грамадства звычаёвае права замянілася пісаным правам, асновай якога стаў закон - нарматыўна-прававы акт вышэйшага органа ўлады, дзяржавы, выдадзены ва ўстаноўленым парадку і абавязковы для ўсеагульнага выканання; закон мае вышэйшую юрыдычную сілу. Асноўны закон кожнай краіны - Канстытуцыя, якая з'яўляецца юрыдычнай базай для ўсіх астатніх нарматыўна-прававых актаў. У Беларусі такім асноўным законам з'яўляецца Канстытуцыя Беларусі. У Беларусі выданне законаў з'яўляецца выключнай кампетэнцыяй яе вышэйшага прадстаўнічага органа - Нацыянальнага схода Беларусі. Ніякія іншыя дзяржаўныя органы не маюць права на выданне законаў. Выключэннем з гэтага правіла з'яўляецца ўсенародны рэферэндум. Закон змяшчае прававыя прадпісанні, якія ўяўляюць сабой зыходныя пункты ўсёй прававой сістэмы і законнасці. Усе астатнія прававыя акты выдаюцца на аснове закону і павінны не супярэчыць яму. Закон можа быць адменены або заменены толькі законам.

Паведаміць пра недакладнасьць