Ідэалогія (ад грэч. idea - паняцце, уяўленне + logos - слова, вучэнне), сістэма палітычных, прававых, маральных, рэлігійных, эстэтычных і філасофскіх поглядаў і ідэй, у якіх усведамляюцца і ацэньваюцца адносіны людзей да рэчаіснасці. Як правіла, яна выражае інтарэсы і фармулюе мэты пэўных сацыяльных груп.

Любы палітычны рух прадстаўлены пэўнай палітычнай ідэалогіяй, якая адпавядае яго характару, арыентацыі, задачам, мэтавым устаноўкам. Функцыі ідэалогіі не вычэрпваюцца тэарэтычным абгрунтаваннем палітычных і іншых інтарэсаў адпаведных сіл. Яна заклікана фармуляваць праграму іх дзеянняў, вызначаць арыенціры і мэты палітычнага руху, выступаць матывуючым і волестваральным фактарам. Характар і змест ідэй і поглядаў, што складаюць палітычную ідэалогію, залежаць ад кваліфікацыі, кампетэнтнасці і інтэлекту ідэолагаў, іх умення аналізаваць рэчаіснасць, вызначаць шляхі спалучэння ідэй з грамадскай практыкай. Тэрмін «ідэалогія» часам выкарыстоўваюць і для абазначэння памылковай ілюзорнай, адарванай ад рэчаіснасці свядомасці.

Паведаміць пра недакладнасьць