Інтарэс (ад лац. interest - важна, мець значэнне). Фактычна ўсе дзеянні і памкненні людзей абумоўлены пэўным інтарэсам. Выбар прафесіі, праца, наведанне тэатра, падарожжа, нават злачынства - усё заснавана на інтарэсе. Інтарэс - гэта рэальная прычына асэнсаванай ці неасэнсаванай патрэбнасці ў чым-небудзь, прыхільнасці да чаго-небудзь, пачуццяў, пазнавальных працэсаў і сацыяльных дзеянняў. Выступае як форма выяўлення патрэбнасці ў чым-небудзь асобы ці сацыяльнай групы, супольнасці людзей (дэмаграфічнай, этнічнай, прафесійнай, палітычнай, рэлігійнай і інш.). Суб'ектыўна інтарэс выяўляецца ў павышэнні ўвагі да аб'екта ці з'явы. Задавальненне інтарэсу не заўсёды вядзе да яго згасання; ён можа яшчэ больш павялічыцца ці перарасці ў новы.

Паводле аб'екта, які зацікавіў асобу, інтарэсы бываюць матэрыяльныя і духоўныя, эканамічныя, палітычныя, сацыяльныя, навуковыя, рэлігійныя, спартыўныя і інш.; па ступені супольнасці - індывідуальныя, групавыя, грамадскія; па магчымасці здзяйснення - рэальныя і ўяўныя; па адносінах да тэндэнцый грамадскага жыцця - прагрэсіўныя, кансерватыўныя, рэакцыйныя. Сутнасная рыса інтарэсаў - іх устойлівасць, якая выяўляецца ў іх працягласці і інтэнсіўнасці. Шырыня, маштабнасць ці, наадварот, вузкасць інтарэсаў вызначаюцца іх зместам і значнасцю для асобы ці сацыяльнай супольнасці.

Праблемы інтарэсу даўно сталі аб'ектам навуковых даследаванняў. К.Гельвецый падкрэсліваў, што калі фізічны свет падпарадкоўваецца закону руху, то свет духоўны ў не меншай меры падпарадкоўваецца закону інтарэсаў. Г.Гегель лічыў, што дзеянні людзей вынікаюць з іх патрэбнасцей, захапленняў, інтарэсаў. К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін і іх паслядоўнікі сцвярджалі, што ў аснове ўсіх грамадскіх з'яў ляжаць інтарэсы сацыяльных класаў, найперш эканамічныя, якія стымулююць развіццё прадукцыйных сіл і сацыяльна-эканамічнае развіццё грамадства. У цывілізаваным дэмакратычным грамадстве, якое гарантуе чалавеку рэальныя правы і свабоды, кожны можа вызначаць свае асабістыя інтарэсы. Але нават самы індывідуальны інтарэс асобы абумоўлены грамадствам, а часам з'яўляецца адлюстраваннем грамадскага інтарэсу. Таму дзяржава, грамадства, вызначаючы прыярытэты ў матэрыяльнай і духоўнай сферах, унутры- і знешнепалітычнай дзейнасці, нясуць адказнасць за фармаванне разумных, цывілізаваных інтарэсаў сваіх грамадзян.

Паведаміць пра недакладнасьць