Інтэграцыя (ад лац. integratio - аднаўленне, папаўненне), працэс і вынік узаемасувязі, узаемадзеяння, збліжэння і аб'яднання ў адзінае цэлае якіх-небудзь частак, элементаў - краін, іх эканомік, сацыяльных і палітычных структур, культур, сацыяльных і палітычных груп, партый, рухаў, арганізацый і г.д. Гэты працэс звычайна ахоплівае ўсе сферы грамадскага жыцця: эканоміку, палітыку, сацыяльнае і духоўнае жыццё. Можа адбывацца на глабальным, рэгіянальным і дзяржаўным узроўнях, выступаючы як вынік дастаткова высокага ўзроўню інтэрнацыяналізацыі жыцця краін і народаў. Асабліва наглядна працэсы інтэграцыі на рэгіянальным узроўні праявіліся за апошнія дзесяцігоддзі ў Заходняй Эўропе ў выглядзе стварэння спачатку Эўрапейскай Эканамічнай Супольнасці (ЕЭС), а з 1992 - больш шырокага і глыбокага аб'яднання - Эўрапейскага Звязу (ЕЗ), які ахоплівае сёння 15 краін. Процілеглым інтэграцыі працэсам з'яўляецца дэзінтэграцыя, прыкладам якой можа служыць распад СССР. Сёння на частцы тэрыторыі былога СССР развіваюцца тэндэнцыі інтэграцыі на новай аснове. Формамі такой інтэграцыі з'яўляюцца створаная ў 1991 Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД), у 1996 - Садружнасць Расеі, Беларусі, Казахстана і Кіргізіі, Супольнасць Расеі і Беларусі, а ў 1997 - Саюз Расеі і Беларусі.

Паведаміць пра недакладнасьць