Інтэрнацыяналізацыя (ад лац. inter - паміж + natio (nationis) - народ), заканамернае распаўсюджанне якой-небудзь з'явы або працэсу за рамкі адной краіны або народа (этнасу), у выніку якога адбываецца пашырэнне і паглыбленне міжнацыянальнага, міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, пераадоленне замкнёнасці і адасобленасці, інтэнсіўнае ўзаемаўзбагачэнне назапашаным вопытам і яго дасягненнямі, павышэнне месца і ролі агульнага, інтэрнацыянальнага аж да фармавання міжнацыянальных і міждзяржаўных аб'яднанняў, інтэграцыі. Сёння, напрыклад, важнымі фактарамі інтэрнацыяналізацыі выступаюць навукова-тэхнічны прагрэс, навукова-тэхнічная рэвалюцыя, інфарматызацыя грамадства і інш. Інтэрнацыяналізацыя выяўляецца ў развіцці і паглыбленні міжнацыянальных, міждзяржаўных эканамічных і культурных сувязей, у стварэнні адпаведных аб'яднанняў (напр., Эўрапейскі Звяз), росце шматнацыянальнасці насельніцтва многіх краін, міграцыі, павелічэнні колькасці змешаных шлюбаў і сем'яў, пашырэнні і ўзмацненні ўзаемаўплыву нацыянальных культур, у пашырэнні ведання сусветных моў, моў міжнацыянальных зносін і г.д. Інтэрнацыяналізацыю нельга атаясамліваць з дэнацыяналізацыяй, бо інтэрнацыяналізацыя прадугледжвае не адмаўленне ад нацыянальнага, а яго захаванне і ўдасканаленне, яго ўздым да ўзроўню інтэрнацыянальнага, усё большае пранікненне інтэрнацыянальнага ў нацыянальнае. Праяўленнем і вынікам інтэрнацыяналізацыі з'яўляецца ўзмацненне інтэрнацыянальных тэндэнцый у рэгіянальных і планетарных маштабах, у вырашэнні глабальных праблем сучаснасці.

Паведаміць пра недакладнасьць