Камунізм (франц. communisme ад лац. communis - агульны), 1) ідэі, тэорыі і ідэалогія, якія адмаўляюць асновы капіталістычнага сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і духоўна-маральнага грамадскага ладу і абгрунтоўваюць неабходнасць і непазбежнасць усталявання грамадства, заснаванага на грамадскай уласнасці, сацыяльнай роўнасці і сацыяльнай справядлівасці, народаўладдзі, гуманізме і г.д. (ідэі ўтапічнага сацыялізму Т.Мора, Т.Кампанелы, А.Сен-Сімона, Ш.Фур'е, Р.Оўэна і інш.; камуністычнае вучэнне К.Маркса, Ф.Энгельса, К.Каўцкага, Г.В.Пляханава, У.І.Леніна і інш.). 2) Камуністычны рух і камуністычныя партыі розных краін свету. 3) Паводле вучэння марксізму камунізм - вышэйшая ступень грамадскага прагрэсу; асобная грамадска-эканамічная фармацыя або яе вышэйшая фаза, якая прыходзіць на змену капіталізму, і павінна ўвасобіць у жыццё прынцыпы, каштоўнасці і ідэалы камунізму. Адносіны да камунізму ў сучасным свеце надзвычай разнастайныя - ад уяўлення аб ім як ідэальным узоры грамадскага ўладкавання і рэалізацыі спрадвечнай мары чалавецтва аб «светлай будучыні» да поўнага адмаўлення і прызнання яго галоўнай пагрозай і найбольш небяспечнай перашкодай на шляху сацыяльнага прагрэсу чалавецтва.

Паведаміць пра недакладнасьць