Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Капіталізм, тып грамадства, заснаваны на прыватнай уласнасці, рыначнай эканоміцы і дэмакратычных інстытутах улады. У розных плынях грамадскай думкі вызначаецца як сістэма свабоднага прадпрымальніцтва, этап у развіцці індустрыяльнага грамадства, а сучасная ступень капіталізму - як «змешаная эканоміка», «постіндустрыяльнае грамадства», «інфармацыйнае грамадства» і інш. У марксізме капіталізм вызначаецца як грамадска-эканамічная фармацыя, заснаваная на прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці і эксплуатацыі капіталам наёмнай працы.

Узнік капіталізм у гарадах Італіі (гандаль) і Галандыі (мануфактура) у 14-15 ст. у працэсе т.зв. першапачатковага назапашвання капіталу. У выніку прамысловага перавароту была створана буйная машынная вытворчасць. Ва ўмовах капіталізму механізм рыначнай канкурэнцыі прымушае прадпрымальніка для атрымання прыбытку пастаянна павялічваць капітал і ўдасканальваць вытворчасць. Гэта садзейнічае дынамічнаму развіццю вытворчых сіл, навукі і тэхнікі. У канцы 19 - пач. 20 ст. ў развітых краінах Захаду ўзніклі буйныя прамысловыя і банкаўскія карпарацыі, важную ролю набываў фінансавы капітал, рыначная канкурэнцыя дапаўнялася механізмамі дзяржаўнага рэгулявання эканомікі. Склалася ўстойлівая сацыяльная структура, у якой побач з буйнымі ўласнікамі і наёмнымі работнікамі значнае месца заняў сярэдні клас уласнікаў.

Сучасныя формы капіталізму ўключаюць кароткатэрміновае (антыцыклічнае, антыінфляцыйнае) і доўгатэрміновае (макраэканамічнае) дзяржаўнае рэгуляванне. Яно ажыццяўляецца пры дапамозе заканадаўчых і адміністрацыйных актаў, а таксама ў формах падаткаў, расходаў дзяржаўнага бюджэту, амартызацыйных адлічэнняў і інш. Акрамя гэтага існуюць галіновыя і рэгіянальныя праграмы (планы) развіцця вытворчасці, якія носяць рэкамендацыйны характар. Паступова ўсталяваныя ў многіх краінах развітая рыначная эканоміка і парламенцкая дэмакратыя забяспечылі ў 2-й палове 20 ст. павышэнне ўзроўню жыцця і культуры насельніцтва, змякчэнне сацыяльных супярэчнасцей і выпрацоўку прававога механізму іх рэгулявання. З ростам інтэрнацыяналізацыі гаспадарчага жыцця, узмацненнем транснацыянальных карпарацый пачынаюць развівацца рэгіянальная і сусветная эканамічная інтэграцыя, міждзяржаўнае рэгуляванне эканомікі. Гэта знайшло адлюстраванне ва ўзнікненні такіх спецыяльных устаноў, як Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, Эўрапейскі Звяз і інш.

Чалавек і грамадства. Даведнік   Чалавек і грамадства. Даведнік
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2019