Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Навукова-тэхнічны прагрэс. У наш час навука і тэхніка развіваюцца вельмі хуткімі тэмпамі, адкрыцці адно за адным укараняюцца ў вытворчасць. Гэтую паступальную бесперапынную змену стадый развіцця і называюць навукова-тэхнічным прагрэсам. Галоўныя яго адметныя рысы - цесная сувязь навукі і тэхнікі, іх узаемаўплыў. Зачаткі навуковых ведаў узніклі шмат тысяч гадоў таму, калі першабытны чалавек вучыўся вырабляць прымітыўныя прылады працы, здабываць агонь, будаваць жыллё і г.д. Прынята лічыць, што навука ўзнікла ў Старажытнай Грэцыі, дзе былі закладзены асновы матэматыкі (Піфагор, Эўклід), астраноміі (Эўдокс), клінічнай медыцыны (Гіпакрат), біялогіі (Арыстоцель). Архімед адкрыў вядомы ўсім закон, названы яго прозвішчам, вынайшоў водапад'ёмную машыну - архімедаў вінт, з рычагоў і блокаў стварыў прыстасаванне для спуску вялікіх суднаў на ваду. У эпоху сярэднявечча прыродазнаўчыя навукі і тэхніка ў Эўропе развіваліся даволі марудна. Многія навуковыя адкрыцці эўрапейцы запазычвалі ў краінах Азіі. Напрыклад, кітайцы першыя наладзілі вытворчасць паперы, фарфору, вынайшлі порах, кнігадрукаванне. Некаторыя адкрыцці сталі вядомы эўрапейцам праз арабаў, якія ў час сваіх паходаў запазычвалі іх у іншых народаў. Хуткае развіццё рамёстваў у эўрапейскіх гарадах 11-12 ст. прывяло да ўзнікнення мануфактур - адносна буйных прадпрыемстваў, заснаваных на раздзяленні працы і выкарыстанні ручной рамесніцкай тэхнікі. У працэсе развіцця мануфактур павялічвалася прадукцыйнасць працы, вучоныя сталі выкарыстоўваць свае веды, вынаходствы і адкрыцці для развіцця вытворчасці, а вытворцы пачалі часцей звяртацца да навукі. Навука ў сучасным яе разуменні пачала складвацца ў Эўропе ў 16-17 ст. У 18-19 ст. адбыўся т.зв. «прамысловы пераварот» - пераход ад ручной рамеснай тэхнікі да машыннай індустрыі. Пачаўся ён вынаходствам і выкарыстаннем шматлікіх машын, якія вызвалялі чалавека ад аперацый, звязаных з цяжкай фізічнай працай, а скончыўся стварэннем машынабудавання. У сярэдзіне 20 ст. адбыўся сапраўдны пераварот у навуцы і звязаны з ім узлёт тэхнічных дасягненняў, які часта называюць навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй. Карані гэтай рэвалюцыі прыпадаюць на час, калі на базе навуковых адкрыццяў былі створаны рухавікі, якія выкарыстоўвалі электрычную энергію і энергію вадкага паліва. Гэта зрабіла магчымым стварэнне рухавікоў унутранага згарання, а на іх аснове масавых і хуткасных відаў транспарту - аўтамабільнага, паветранага, воднага. Галоўнымі дасягненнямі навукова-тэхнічнага прагрэсу 20 ст. сталі развіццё касманаўтыкі, кібернетыкі, энергіі мірнага атама, дзе выявіўся класічны прыклад плённага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння навукі і тэхнікі.

Пад уплывам навукова-тэхнічнага прагрэсу значна змяніліся ўмовы жыцця нашай цывілізацыі. Навука і тэхніка глыбока праніклі ва ўсе сферы жыццядзейнасці чалавека, аказалі ўплыў на яго ўзаемаадносіны з прыродай, далі яму новыя прыёмы і спосабы вытворчасці, паўплывалі на ўзровень і лад жыцця людзей. Дзякуючы сучаснай тэхніцы людзі могуць за некалькі гадзін перамяшчацца з адной кропкі зямнога шара ў другую, з дапамогай тэлефоннай і радыётэлевізійнай сувязі звязвацца адзін з адным на вялізных адлегласцях, практычна імгненна даведвацца пра падзеі ў свеце ці назіраць за імі па прамой трансляцыі. Чалавек можа апускацца ў самыя глыбокія мясціны Сусветнага акіяна, дзе ціск у сотні разоў большы за атмасферны, і працаваць на іншых планетах ва ўмовах касмічнага перападу тэмператур, пры поўнай адсутнасці атмасферы. Аптычная і элементарная тэхніка дапамагае нам вывучыць жыццё велізарных касмічных аб'ектаў і будову найдрабнейшых элементаў жывой клеткі, асобных малекул і атамаў. Стварэнне камп'ютэраў і распрацоўкі ў галіне кібернетыкі дазволілі чалавеку адмовіцца ад непасрэднага ўдзелу ў многіх вытворчых працэсах і даручыць іх выкананне аўтаматам. Аднак навукова-тэхнічны прагрэс стварае для сучаснай цывілізацыі і шэраг праблем. Гэта выкарыстанне навуковых дасягненняў у сродках для масавага знішчэння людзей, псіхалагічныя стрэсы, звязаныя з велізарным інфармацыйным патокам, экалагічныя праблемы нашай планеты і інш. Усё гэта патрабуе разумнага выкарыстання буйных дасягненняў навукі і тэхнікі, што дазволіць зрабіць кожнага чалавека шчаслівым насельнікам Сусвету.

Чалавек і грамадства. Даведнік   Чалавек і грамадства. Даведнік
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2019