Народніцтва, ідэалогія і рух разначыннай інтэлігенцыі, якія панавалі на буржуазна-дэмакратычным этапе вызваленчага руху ў Расейскай імперыі і аб'ектыўна адлюстроўвалі антыфеадальныя інтарэсы сялянства. Ужо на ранніх этапах руху выявіліся разыходжанні ў пытаннях тактыкі рэвалюцыйнай барацьбы (ад асветніцка-прапагандысцкай дзейнасці да палітычнага тэрору) і пачалі складвацца асноўныя тэарэтычныя канцэпцыі. У пачатку 1870-х г. гэты рух набыў своеасаблівую форму «хаджэння ў народ», заклікаючы сялянскую беднату да паўстання. Але прапаганда ў вёсцы не мела поспеху. У 1879 таварыства «Зямля і воля» раскалолася на «Народную волю» і «Чорны перадзел», якія ў канцы 1880-х г. перасталі існаваць.

У Беларусі ідэі рэвалюцыйных дэмакратаў А.І.Герцэна і М.І.Чарнышэўскага падзялялі К.Каліноўскі, В.Урублеўскі, З.Серакоўскі і інш. кіраўнікі і ўдзельнікі паўстання 1863-1864. Сярод прапагандыстаў «хаджэння ў народ» былі ўраджэнцы Беларусі С.Кавалік, М.Судзілоўскі і інш. У 1874-1884 існавалі нелегальныя групы бел. студэнтаў у Пецярбургскім і іншых універсітэтах. Беларуская сацыяльна-рэвалюцыйная група «Гоман» мела сувязі ў Віцебску, Менску і іншых гарадах. У 1884 выйшлі 2 нумары часопіса «Гомон», выдаваліся адозвы да інтэлігенцыі. З дзейнасцю рэвалюцыйных народнікаў звязана ўзнікненне ў Беларусі першых рабочых гурткоў.

Паведаміць пра недакладнасьць