Песімізм (ад лац. pessimus - найгоршы), гэта пэўная сістэма ўяўленняў і поглядаў, звязаных з адназначна негатыўным успрыманнем жыцця і яго перспектыў, паводле якіх у свеце пераважае зло і чалавек асуджаны на пакуты і безвыходнасць. Такія погляды прапаведаваў нямецкі філосаф 19 ст. А.Шапенгаўэр, які сцвярджаў, што чалавечае жыццё «паводле свайго ладу не здольна ні да якога сапраўднага шчасця, а па сутнасці ёсць толькі разнастайныя пакуты і скрозь гаротнае становішча», а чалавечы лёс - «нягоды, гора, плач, мука і смерць». Падобныя думкі на 2 стагоддзі раней выказваў французскі філосаф Б.Паскаль. Дык у чым жа прычына такога змрочнага і бесперспектыўнага бачання свету? Ці мае яно падставы ў рэальным жыцці? Сапраўды, жыццё поўнае супярэчнасцей, у ім шмат таго, што процістаіць чалавеку. Менавіта на гэтых баках жыцця песімісты і фіксуюць сваю ўвагу. Сёння чалавецтва стаіць перад шэрагам глабальных праблем, якія здольны навесці на думку пра марнасць чалавечага жыцця. Пажыўнай глебай для песімізму служаць сацыяльныя антаганізмы, супярэчнасці сучаснай цывілізацыі: неадназначнае ўспрыманне навукова-тэхнічнага прагрэсу, страта традыцыйных каштоўнасцей, узмацненне маральнага скептыцызму, нігілізму і г.д. Песімісты лічаць, што чалавечае жыццё па сваёй сутнасці бесперспектыўнае, бо ў ім пануе зло і пакуты, што чалавек адзінокі, свет варожы чалавеку. А калі жыццё чалавека фатальна прадвызначана і асуджана на пакуты, то вынікае, што ён не ў стане што-небудзь змяніць. Перанос такой пазіцыі ў сацыяльную сферу вядзе да адмаўлення любых грамадскіх змен і пераўтварэнняў. Таму ў сваіх ідэалагічных формах песімізм скіраваны на ўвекавечанне таго парадку, які існуе. Нявер'е ў будучыню вядзе да адмаўлення сэнсу сацыяльнага дзеяння, да думак, што ўсё ў гэтым свеце ідзе да горшага, што лепшыя часы чалавецтва калі яны і былі, то даўно мінулі. Антычнасць уяўлялася «залатым векам» чалавецтва. Сучасныя песімісты лічаць, што негатыўныя вынікі навукова-тэхнічнага прагрэсу выклікаюць дэгуманізацыю грамадскіх адносін, пагаршэнне нораваў, разбурэнне маральных нормаў і каштоўнасцей. Рэальных жа перспектыў выхаду з гэтай крызіснай сітуацыі яны не бачаць і не прапануюць. Яны прапаведаваюць погляд на чалавека як на істоту злую, сапсаваную, жорсткую, эгаістычную і хлуслівую; быццам гэтыя рысы ўласцівыя яму спрадвеку, яны непазбежна «прарываюцца» праз пласт культуры і выяўляюцца ў амаралізме, злачыннасці. Відавочна, што, надаючы чалавеку такія якасці, цяжка чакаць ад яго дзеянняў, накіраваных на самаўдасканаленне, павышэнне маральнай культуры.

Паведаміць пра недакладнасьць