Права. З нормамі права грамадзяне маюць справу на працягу ўсяго жыцця, хоць часам і не заўважаюць гэтага. З моманту нараджэння чалавека яго адносіны ў сям'і і калектыве, з іншымі грамадзянамі, з дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі, яго валоданне і распараджэнне асабістай маёмасцю, працоўная дзейнасць і асабістая бяспека - усё гэта ахопліваецца правам і рэгулюецца яго нормамі. Побач з такімі рэгулятарамі нормаў паводзін, як мараль, звычаі, традыцыі, культура і рэлігія права накіравана яшчэ і на развіццё ўсяго сацыяльнага арганізму ў адпаведнасці з эканамічнымі законамі і патрэбамі грамадства. Сутнасць права вызначаецца характарам і ступенню выяўлення волі і інтарэсаў розных груп сацыяльна неаднароднага грамадства. У больш раннія перыяды развіцця грамадства (у антычнасці, пры феадалізме) права адкрыта замацоўвала і ахоўвала класавыя і сацыяльныя прывілеі. Па меры дасягнення пэўнага ўзроўню цывілізаванасці права стала адлюстроўваць усё больш шырокую сукупнасць сацыяльных інтарэсаў і трансфармавацца ў сродак кампрамісу пры іх сутыкненні. Найпершае прызначэнне права - забеспячэнне і абарона свабоды чалавека. Такім чынам, права - гэта сукупнасць агульнаабавязковых правіл паводзін (нормаў), узаконеных магчымасцей чалавека, якія санкцыянаваны, рэгулююцца і ахоўваюцца дзяржавай. Прававыя нормы распрацоўваюць і выдаюць органы дзяржаўнай улады і кіравання. Нормы, якія рэгулююць аднародныя адносіны, складаюць галіну права. Сістэма беларускага права складаецца з наступных галін: дзяржаўнай, адміністрацыйнай, фінансавай, зямельнай, цывільнай, працоўнай, сямейнай, крымінальнай і інш. Амаль усе галіны права маюць свае зводы асноўных законаў у выглядзе кодэксаў. Асноўнай прававой базай усяго заканадаўства з'яўляецца Канстытуцыя Беларусі.

Паведаміць пра недакладнасьць