Раўнадушнасць. У развіцці грамадскага жыцця і сацыяльных адносін, фармаванні інтэлекту асобы важную ролю адыгрывае інтарэс. Вельмі важна, каб інтарэсы садзейнічалі стваральнай дзейнасці, духоўнаму і фізічнаму развіццю асобы. Зацікаўлены чалавек адчувае сябе задаволеным, радасным і ўпэўненым у поспеху. Зніжэнне ж інтарэсу вядзе да развіцця абыякавасці і раўнадушша. Раўнадушнага чалавека не цікавяць працэсы, што адбываюцца ў грамадстве, ён пасіўны, абыякавы да ўсяго. У яго зніжана пачуццё адказнасці, яму неўласцівыя актыўнасць і імкненне да новага. Развіццё раўнадушнасці звязана з сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі жыцця, маральным кліматам, які існуе ў сям'і, у калектыве і ў грамадстве ў цэлым. Характэрна, што перыяды грамадскіх крызісаў параджаюць раўнадушнасць і на асабістым, і на агульнадзяржаўным узроўнях. Такім чынам, раўнадушнасць - гэта стан абыякавых, безудзельных адносін да рэчаіснасці (людзей, прадметаў і з'яў). Раўнадушнасць часам параўноўваюць з хваробай, з «духоўным самазабойствам». Раўнадушны чалавек не здольны перажываць, весяліцца, цешыцца шчасцем. Яго абыякавасць вядзе да пакут, незадаволенасці, апатыі, бяздушнасці, гультайства. За раўнадушшам часта хаваецца баязлівая нерашучасць, лянота і бяссілле. Чалавек пазбаўлены інтарэсу ў жыцці, рана старэе, раўнадушнасць садзейнічае развіццю невуцтва, разумовай друзласці, тупасці. Дыяпазон праяўлення раўнадушнасці шырокі: у адносінах да справы, прафесіі, у абыякавасці да блізкіх людзей (дзяцей, бацькоў, родных). Раўнадушнасць звязана з такімі сацыяльнымі з'явамі, як фармалізм, бюракратызм, жаданне жыць спакойна без справы і турбот. Раўнадушнасць да чалавечых пакут, лёсу свайго народа, Радзімы знішчае ўсё гуманнае, што ёсць у чалавеку, і ўяўляе сабой небяспеку для цывілізацыі, культуры, жыцця.

Паведаміць пра недакладнасьць