Рацыяналізм. У штодзённым словаўжыванні пад рацыянальным разумеюць такую жыццёвую пазіцыю, лад думак, учынкаў і дзеянняў, калі чалавек кіруецца дакладнымі разлікамі, выбірае аптымальны шлях да пастаўленай мэты, абапіраецца на дакладныя, бясспрэчныя аргументы і не ўлічвае эмоцый. Але ў філасофіі гэтае паняцце мае больш шырокае значэнне. Рацыяналізм - філасофскі кірунак, які прызнае розум у якасці ўсеагульнай асновы, крыніцы і крытэрыя пазнання і дзейнасці людзей. У гэтым сэнсе рацыяналізм процістаіць ірацыяналізму, рэлігійнай містыцы. Як гнасеалагічная канцэпцыя рацыяналізм, пачынаючы з 17 ст., канфрантуе з эмпірызмам і скептыцызмам. Вытокі філасофскай традыцыі рацыяналізму ў глыбокай антычнасці. Старажытнагрэчаскі філосаф Парменід аргументавана размежаваў веды, заснаваныя на розуме, ад ведаў, што апабіраюцца на выпадковыя назіранні, думкі, суб'ектыўныя ацэнкі. Тым самым ён заклаў фундамент тэарэтыка-пазнавальнага рацыяналізму. У 17 ст. прадстаўнікамі рацыяналізму былі Р.Дэкарт, Б.Спіноза, Г.Лейбніц, у 18 ст. - І.Кант, І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг, Г.Гегель. Рацыяналізм мае розныя праявы ў розных галінах ведаў. У псіхалогіі ён на першы план вылучае інтэлектуальныя псіхічныя функцыі, зводзячы, напрыклад, волю да розуму (Спіноза); у этыцы - рацыянальныя матывы і прынцыпы маральнай дзейнасці; у эстэтыцы - рацыянальны (інтэлектуальны) характар творчасці. Ва ўсіх гэтых выпадках рацыяналізм абазначае веру ў розум, у відавочнасць разумнага погляду, у сілу даказальнасці. У багаслоўі рацыяналізм - кірунак, згодна з якім прымальнымі могуць быць толькі тыя догмы веры, якія розум лічаць адпаведным і логіцы і довадам розуму.

Паведаміць пра недакладнасьць