Роўнасць сацыяльная. Патрабаванні палітычнай і сацыяльнай роўнасці адыгрывалі актыўную, часта рэвалюцыйную ролю ў гістарычным працэсе. Антычны стаіцызм выпрацаваў паняцце роўнасці ўсіх людзей, грунтуючыся на іх агульнай разумнай прыродзе. Тэарэтыкі звычаёвага права сцвярджалі роўнасць як раўнацэннасць і раўнапраўе ўсіх людзей, у т.л. роўнасць усіх перад законам. Ж.Ж.Русо разумеў роўнасць, у т.л. роўнасць выхавання, як неабходную перадумову свабоды. У процівагу яму французскі гісторык і сацыёлаг А.Таквіль лічыў, што ўстаноўка на роўнасць сацыяльных умоў жыцця вядзе да дэспатычнага эгалітарызму (усеагульная ўраўняльнасць) і да страты асабістай свабоды. Патрабаванне маёмаснай і эканамічнай роўнасці характэрна для розных плыней сацыялістычнай думкі 19-20 ст. У сучаснай грамадскай думцы крытыкуюцца прынцыпы ўраўняльнага размеркавання і ўстанаўлення поўнай роўнасці. Найбольшае пашырэнне набылі канцэпцыі, у якіх абгрунтоўваецца неабходнасць забеспячэння роўных умоў старту для пакаленняў, якія ўступаюць у жыццё.

Паведаміць пра недакладнасьць