Самакіраванне, самастойнасць якой-небудзь арганізаванай сацыяльнай супольнасці ў кіраванні ўласнымі справамі. Узнікла разам з дзяржавай. Вядомае ў рабаўладальніцкім і феадальным грамадстве. У Беларусі таго часу пашырылася ў гарадах з увядзеннем магдэбургскага права, якое часткова вызваляла іх ад улады цэнтральнай адміністрацыі і феадалаў і засноўвала органы самакіравання - магістраты. Апрача гарадоў, граматы на магдэбургскае права атрымалі і некаторыя буйныя мястэчкі (Дзісна, Друя, Лагішын, Любча і інш.). Магістрат складаўся з рады і лавы. Рада ажыццяўляла функцыі гарадской улады і суда па маёмасных і цывільных справах, лава - судовы орган па крымінальных справах. У склад магістрата ўваходзілі войт (кіраўнік адміністрацыі), бурмістры, радцы (райцы) і лаўнікі. Магістраты выбіраліся з прадстаўнікоў насельніцтва на пэўны тэрмін. Скасаваны ў канцы 18 ст. паводле ўказа Кацярыны ІІ.

Самакіраванне адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак (мясцовае самакіраванне) у Беларусі ажыццяўляецца праз розныя формы прамога волевыяўлення (напрыклад, рэферэндумы, сходы), а таксама праз выбарныя органы мясцовага самакіравання, якія самастойна вырашаюць пытанні, не аднесеныя да кампетэнцыі дзяржавы. Асноўным звяном мясцовага самакіравання ў Беларусі з'яўляюцца мясцовыя Саветы дэпутатаў (сельскія, пасялковыя, раённыя, гарадскія, абласныя). Сістэма мясцовага самакіравання, акрамя Саветаў дэпутатаў, уключае саветы і камітэты мікрараёнаў, жыллёвых комплексаў, дамавыя, вулічныя, квартальныя, пасялковыя, сельскія камітэты і іншыя органы, якія ствараюцца па ініцыятыве грамадзян або мясцовых Саветаў і ажыццяўляюць сваю дзейнасць у цеснай сувязі з Саветамі, іх органамі, выканаўчымі камітэтамі, дэпутатамі, працоўнымі калектывамі, грамадскімі арганізацыямі. Мясцовае самакіраванне ажыццяўляецца на прынцыпах народаўладдзя, законнасці, сацыяльнай справядлівасці, гуманізму, галоснасці і ўліку грамадскай думкі, спалучэння мясцовых і агульнадзяржаўных інтарэсаў. Парадак стварэння органаў мясцовага самакіравання, іх дзейнасць, паўнамоцтвы і адказнасць рэгламентуюцца законам «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» ад 20.02.1991 з пазнейшымі дадаткамі і змяненнямі.

Паведаміць пра недакладнасьць