Светапогляд. Чалавек заўсёды імкнуўся асэнсаваць сваё месца ў навакольным свеце. Пазнанне свету, выпрацоўка сваіх адносін да яго, ацэнка з'яў прыроднага і грамадскага быцця дасягаюцца праз сістэму абагульненых ведаў і ўяўленняў, перакананняў і пачуццяў. Светапогляд, які ўтварае ядро свядомасці, - гэта не проста веды, а веды-ацэнка, веды - адносіны да свету. Ён складае высокаарганізаваную псіхічную структуру. Таму вельмі часта карыстаюцца вызначэннем паняцця светапогляду, якое мае псіхалагічнае абгрунтаванне: светапогляд - гэта не толькі інтэлектуальная карціна свету, гэта адначасова і пранізаныя ўласнымі адчуваннямі ацэнкі і матывы дзеянняў людзей.

Структура светапогляду чалавека вельмі складаная. У ёй можна вылучыць розныя элементы ў залежнасці ад таго, якія веды, перакананні і погляды з'яўляюцца для чалавека высноватворнымі ў той ці іншы час ці нават усё чалавечае жыццё. Напрыклад, можна казаць пра звычайны жыццёвы светапогляд, філасофскі, рэлігійны, навуковы і інш. Усё залежыць ад таго, якая сістэма ведаў і нормаў жыцця, перакананняў і пачуццяў усведамляюцца і выкарыстоўваюцца чалавекам. Развіццё чалавека непасрэдна звязана з развіццём яго светапогляду і наадварот - развіццё светапогляду адбываецца пад уздзеяннем жыццёвага вопыту чалавека, яго адукацыі і выхавання. Сёння ў грамадстве дамінуючае значэнне мае навука. Навуковыя веды ўтвараюць сутнасць нашых сучасных поглядаў на свет, прыроду, навакольнае асяроддзе. На гэтай аснове будуюцца адносіны да прыроды, грамадства і саміх сябе. Светапогляд мае вялікі жыццёвы і практычны сэнс. Ён уплывае на нормы паводзін, на адносіны чалавека да іншых людзей, на яго быт, інтарэсы, дасягненне мэт. Гэта свайго роду духоўная прызма, праз якую ўспрымаецца і перажываецца ўсё, што нас акружае.

Паведаміць пра недакладнасьць