Свядомасць, вышэйшая, уласцівая толькі чалавеку форма адлюстравання аб'ектыўнай рэчаіснасці, спосаб яго адносін да свету і да самога сябе, апасродкаваны ўсеагульнымі формамі грамадска-гістарычнай дзейнасці людзей. Свядомасць - гэта адзінства псіхічных працэсаў, якія актыўна ўдзельнічаюць у асэнсаванні чалавекам аб'ектыўнага свету і свайго ўласнага быцця. Яна ўзнікае ў працэсе працоўнай і грамадска-вытворчай дзейнасці людзей, непарыўна звязана з мовай. Ад нараджэння чалавек трапляе ў свет прадметаў, створаных папярэднімі пакаленнямі, і фармуецца ў працэсе асэнсавання іх мэтанакіраванага выкарыстання. Спосаб яго адносін да рэчаіснасці вызначаны не непасрэдна яго цялеснай арганізацыяй (як у жывёл), а набытымі толькі праз зносіны з іншымі людзьмі звычкамі прадметных дзеянняў. У зносінах уласная жыццядзейнасць чалавека паўстае перад ім і як дзейнасць іншых. Таму кожнае сваё дзеянне ён ацэньвае грамадскай меркай, агульнай і для яго, і для іншых людзей. Чалавек настолькі вылучае і проціпастаўляе сябе аб'ектыўнай рэчаіснасці, наколькі адрознівае сябе ад сваёй жыццядзейнасці і яе прадмета, ацэньваючы іх меркай гістарычна назапашаных ведаў. Менавіта таму, што чалавек ставіцца да аб'ектаў з разуменнем, з веданнем, спосаб яго адносін да свету называеца свядомасцю. Без разумення, без ведання, якія нясуць з сабой грамадска-гістарычная прадметная дзейнасць і чалавечая мова, няма і свядомасці. Усякі пачуццёвы вобраз прадмета, усякае адчуванне або ўяўленне настолькі з'яўляюцца часткай свядомасці, наколькі яны валодаюць пэўнымі значэннем і сэнсам. Веды, значэнні і сэнс, што захоўваюцца ў мове, накіроўваюць і дыферэнцыруюць пачуцці чалавека, волю, увагу і іншыя псіхічныя акты, аб'ядноўваючы іх у адзіную свядомасць. Веды, назапашаныя гісторыяй, палітычныя і прававыя ідэі, дасягненні мастацтва, мараль, рэлігія і грамадская псіхалогія ўяўляюць сабой свядомасць грамадства ў цэлым.

Паведаміць пра недакладнасьць