Смеласць, маральная якасць, якая характарызуе здольнасць чалавека пераадольваць у сабе пачуццё страху, няўпэўненасці ў поспеху, небяспекі, што пагражае яму ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях. З гэтым паняццем звязваюцца рашучыя дзеянні ў імя дасягнення пастаўленай мэты, вернасць выбраным ідэалам і прынцыпам насуперак неспрыяльным абставінам і націску з боку іншых людзей, непрымірымасць у адносінах да зла і несправядлівасці, адкрытае выказванне ўласнай думкі, асабліва калі яна супярэчыць санкцыянаваным уладамі поглядам. Смеласць часта ўвасабляецца ў подзвігу, яна цесна звязана з такімі маральнымі якасцямі, як мужнасць, стойкасць, прынцыповасць, самавалоданне, ініцыятыўнасць, і процілеглая паняццям трусасць, маладушша, прыстасаванства і інш. Маральная ацэнка смелых учынкаў залежыць ад іх зместу і матываў. Смеласць мае маральнае апраўданне, калі яна падпарадкавана здзяйсненню гуманных і справядлівых мэт: абарона свабоды і незалежнасці свайго народа, выратаванне людзей, абарона слабых і безабаронных і інш. У процілеглым выпадку акты асабістай смеласці можна разглядаць як праявы бравады, паказнога фразёрства, адчаю, анархічнага бунтарства, нігілізму і авантурызму. Смеласць служыць сродкам вырашэння супярэчнасцей паміж велічнымі гістарычнымі задачамі і перашкодамі, што ўзнікаюць на шляху іх здзяйснення. У перыяды вострых сацыяльных крызісаў, нацыянальных канфліктаў, якія ўзнікаюць на гістарычных паваротах, смеласць можа набываць масавы характар.

Паведаміць пра недакладнасьць