Стрэс (ад англ. stress - ціск, напружанне). Такі тэрмін выкарыстоўваюць для абазначэння шырокага кола станаў чалавека, што ўзнікаюць у адказ на разнастайныя экстрэмальныя ўздзеянні (стрэсары). Першапачаткова паняцце ўзнікла ў фізіялогіі для абазначэння неспецыфічнай рэакцыі арганізма ў адказ на любое неспрыяльнае ўздзеянне. Від стрэсу залежыць ад тыпу стрэсара і характару яго ўздзеяння на чалавека. У найбольш агульнай класіфікацыі вылучаюць фізіялагічны, сацыяльны і псіхалагічны стрэсы; апошні падзяляюць на інфармацыйны і эмацыянальны. Інфармацыйны стрэс узнікае ў сітуацыях, калі чалавек не паспявае прымаць правільныя рашэнні ў неабходным тэмпе пры высокай ступені адказнасці за вынікі прынятых рашэнняў; эмацыянальны - у сітуацыях пагрозы, небяспекі, крыўды і інш. Сацыяльныя стрэсы ўключаюць розныя віды сацыяльнага напружання, ціску, экстрэмальных сітуацый, нагрузак, якія патрабуюць разнастайных спосабаў прыстасавання, складанага ўраўнаважвання ў сістэмах сацыяльных паводзін, узаемадзеяння і інш. Такія стрэсы могуць узнікаць пад уздзеяннем фактараў, звязаных з жыццёвымі цяжкасцямі, канфліктамі ў працоўных калектывах, з праблемамі, што ўзнікаюць у працэсе асваення новай тэхнікі і тэхналогій, з беспрацоўем і інш. У цяжкіх сацыяльных умовах могуць узнікаць разнастайныя псіхалагічныя стрэсы. У іх ліку «стрэс жыцця», звязаны з немагчымасцю дасягнуць жаданай мэты, «стрэс скучанасці», выкліканы празмернай перанаселенасцю гарадоў, «стрэс натоўпу», «стрэс дэфіцыту зносін» і інш. Для стварэння аптымальных умоў любой дзейнасці неабходна прадугледжваць комплекс мерапрыемстваў, якія б папярэджвалі прычыны ўзнікнення стрэсаў.

Паведаміць пра недакладнасьць