Тэорыя (ад грэч. theoria - разгляд, даследаванне), у шырокім сэнсе - гэта сістэма несупярэчлівых поглядаў, уяўленняў і ідэй, накіраваных на вытлумачэнне тых ці іншых з'яў рэчаіснасці. Чалавечае жыццё - гэта непарыўная сувязь практыкі (вопыту) і тэорыі. Тэорыя ўзнікае галоўным чынам тады, калі ўжо існуе нейкая практычная праблема, якая павінна знайсці лагічнае вытлумачэнне і вырашэнне. Практыка ў такім выпадку не толькі ставіць праблемы і задачы, але і дазваляе сабраць неабходныя факты, якія потым вывучаюцца, абагульняюцца, сістэматызуюцца і ўваходзяць у тэорыю ў выглядзе пэўных паняццяў і заканамерных сувязей. Але гэта яшчэ не азначае, што ўсе тэорыі выводзяцца непасрэдна з эмпірычнага вопыту. Некаторыя з іх у якасці зыходнага матэрыялу бяруць ужо існуючыя паняцці, законы, тэарэтычныя дасягненні і будуюцца на гэтай аснове.

Тэорыі выконваюць не толькі канкрэтна-практычныя вытлумачальныя задачы. Найважнейшая іх функцыя - прагнастычная. Гэта азначае, што тэорыя можа апярэджваць практыку, заглядваць значна далей, чым існуючыя веды. Такія тэорыі ўзнікаюць не толькі з улікам раней дасягнутых уяўленняў, але і на падставе абстрактнага творчага мыслення чалавека. З пункту гледжання навуковага і сацыяльнага прагрэсу гэта найбольш прадукцыйныя і карысныя тэорыі, бо яны дазваляюць прадказваць шляхі далейшага развіцця і пошукаў. Тэорыя не з'яўляецца нечым абсалютным і канчатковым. Гэта адносна завершаная сістэма ведаў. Яна можа змяняцца шляхам уключэння ў яе новых прынцыпаў, фактаў, даных навукі. Пад уздзеяннем новых навуковых адкрыццяў можа адбыцца пераход ад адной тэорыі да другой, якая здымае супярэчнасці, што ўзніклі пры выкарыстанні старой тэорыі. Паміж новай і старой тэорыямі маюць месца складаныя адносіны, некаторыя з якіх могуць быць перададзены прынцыпам адпаведнасці, паводле якога новая тэорыя мае права на навуковую аб'ектыўнасць і практычнае выкарыстанне, калі ўжо існуючыя тэорыі пры адпаведных умовах з'яўляюцца яе выпадкам і не супярэчаць ёй. Напрыклад, класічная фізіка з'яўляецца прыватным выпадкам сучасных фізічных тэорый. Прынцып адпаведнасці выражае адначасова і пераемнасць у развіцці ведаў.

Паведаміць пра недакладнасьць