Утапічны сацыялізм, ідэйная плынь, якая ўзнікла ў перыяд станаўлення капіталістычных адносін. Сваёй назвай яна абавязана кнізе Т.Мора «Утопія» (1516), у якой апісана нейкая дзяржава, дзе дзякуючы мудрым законам і адмене прыватнай уласнасці няма прыгнёту, нястачы, кожны чалавек удасканалены і працуе на агульнае дабро. Буйнейшыя прадстаўнікі ўтапічнага сацыялізму (Т.Мюнцер, Т.Кампанэла, А.Сен-Сімон, Р.Оўэн, Ш.Фур'е, А.І.Герцэн, М.Г.Чарнышэўскі і інш.), выкрываючы заганы буржуазнага ладу, імкнуліся выпрацаваць прынцыпы такой арганізацыі грамадства, якая б назаўсёды пакончыла з праявамі любога прыгнёту, няроўнасці, з жабрацтвам, войнамі і іншымі заганамі жыцця. Яны лічылі, што новы грамадскі лад можна ўстанавіць шляхам прапаганды сацыялізму праз асветніцтва і маральнае самаўдасканаленне людзей. У поглядах на гісторыю сацыялісты-ўтапісты заставаліся ідэалістамі. Сен-Сімон, Фур'е і Оўэн крытыкавалі буржуазную ідэалогію, мараль, права і найперш панаванне прыватнаўласніцкіх інтарэсаў і анархіі вытворчасці. На іх думку, капіталізм затрымлівае далейшы прагрэс чалавецтва, бо не дазваляе справядліва і поўна выкарыстоўваць дасягненні навукі, буйной машыннай вытворчасці, якія пры іншых абставінах маглі б служыць усяму грамадству, стварыць усеагульны дастатак, аблегчыць фізічную працу. Зыходзячы з пазіцыі непазбежнасці знішчэння капіталістычных парадкаў і ўсталявання ладу, які адпавядаў бы пажаданням працоўных, яны, аднак, адмаўлялі неабходнасць рэвалюцыйнай барацьбы працоўных, а разлічвалі пераканаць усе класы, у тым ліку і буржуазію, мірна і ўзгоднена змяніць існуючае грамадства. Спадчына Сен-Сімона, Фур'е, Оўэна была выкарыстана К.Марксам і Ф.Энгельсам, якія прызнавалі сацыялістаў 19 ст. сваімі папярэднікамі, але іх вучэнні называлі ўтапічнымі, падкрэсліваючы тым самым навуковасць уласнай дактрыны. Вучэнне сацыялістаў-утапістаў зрабіла прыкметны ўплыў на ліберальныя і кансерватыўныя праекты сацыяльных рэформаў.

Паведаміць пра недакладнасьць