Філасофія (ад грэч. phileo - люблю + sophia - мудрасць), гэта светапогляд, сістэма ідэй, поглядаў на свет і на месца чалавека ў ім. Грунтуючыся на тэарэтычных і практычных адносінах чалавека да рэчаіснасці, філасофія выяўляе ўзаемаадносіны суб'екта і аб'екта. Яна даследуе пазнавальныя, сацыяльна-палітычныя, каштоўнасныя, этычныя і эстэтычныя адносіны чалавека ў свеце. Гістарычна склаліся асноўныя раздзелы філасофіі: анталогія (вучэнне пра быццё), гнасеалогія (тэорыя пазнання), логіка, этыка, эстэтыка. У вырашэнні розных філасофскіх праблем вылучыліся такія процілеглыя кірункі, як дыялектыка і метафізіка, рацыяналізм і эмпірызм (сенсуалізм), матэрыялізм (рэалізм) і ідэалізм, натуралізм і спірытуалізм, дэтэрмінізм і індэтэрмінізм і інш. Вылучаюць таксама гістарычныя формы філасофіі: філасофскія вучэнні старажытных Індыі, Кітая, Эгіпта; старажытнагрэчаскую (антычную) - класічную форму філасофіі (Парменід, Геракліт, Сакрат, Дэмакрыт, Эпікур, Платон, Арыстоцель); сярэднявечную філасофію (патрыстыка і схаластыка); філасофію эпохі Адраджэння (Г.Галілей, Нікалай Кузанскі, Дж.Бруна); філасофію новага часу (Ф.Бэкан, Р.Дэкарт, Т.Гобс, Б.Спіноза, Дж.Лок, Дж.Берклі, Д.Юм, Г.Лейбніц); французскі матэрыялізм 18 ст. (Ж.Ламетры, Д.Дзідро, К.Гельвецый, П.Гольбах); нямецкую класічную філасофію (І.Кант, І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг, Г.Гегель); філасофію марксізму (К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін); расейскую рэлігійную філасофію (У.С.Салаўёў, С.М.Булгакаў, М.А.Бярдзяеў, Л.Шастоў); філасофію расейскага касмізму (М.Ф.Фёдараў, К.Э.Цыялкоўскі, У.І.Вярнадскі) і інш. Асноўныя кірункі філасофіі 20 ст. - неапазітывізм, прагматызм, экзістэнцыялізм, персаналізм, фенаменалогія, неатамізм, аналітычная філасофія, філасофская антрапалогія, структуралізм, філасофская герменеўтыка. Асноўныя тэндэнцыі сучаснай філасофіі звязаны з асэнсаваннем такіх фундаментальных праблем, як свет і месца ў ім чалавека, прырода чалавечага пазнання, быццё і мова, лёс сучаснай цывілізацыі, разнастайнасць і адзінства культуры. Задачы філасофіі найперш звязаны з выпрацоўкай свядомасці, што прадугледжвае адказнасць людзей перад глабальнымі праблемамі, ад якіх залежыць выжыванне чалавецтва.

Паведаміць пра недакладнасьць