Хаос (грэч. chaos), у грэчаскай міфалогіі адвечна цёмная і бязмежная прастора, што існавала да стварэння свету, у пераносным сэнсе - беспарадак, неразбярыха (хаос). Старажытныя мысліцелі хаосам лічылі беспарадкавы стан свету, пазбаўлены структурнай арганізацыі. Старажытнагрэчаскі паэт Гесіёд уяўляў хаос як невымерную прастору, што існавала ў Сусвеце да з'яўлення ўсіх прадметаў. У ім знаходзіўся «змрочны Тартар» (пустата, царства памерлых), а таксама Эрас (пабуджальная сіла). Рух Тартара пад уздзеяннем Эраса парадзіў Эрэба (змрочная частка свету, пекла) і Нікту (ноч). Пад уздзеяннем таго ж Эраса яны стварылі Эфір (слой паветра) і Гамеру (дзень). Матэрыя, што знаходзілася ў хаосе, згуртавалася ў Гею (Зямлю) - маці і карміцельку, якая стварае ўсё жывое і прымае назад у сваё ўлонне ўсё створанае ёю і г.д. Паняцце «хаос» знайшло адлюстраванне ў тэорыях Анаксагора, Платона і іншых антычных аўтараў. З касмалагічных міфаў, што адштурхоўваліся ад хаосу, старажытныя філосафы запазычылі ўяўленне пра першаснасць, бясформенны стан Сусвету, матыў аддзялення (часта вымушанага) неба ад Зямлі, ідэю эвалюцыі ў бок большага ўпарадкавання і лепшага ўладкавання свету, а таксама матыў перыядычнай гібелі і новага нараджэння Сусвету. Ідэі, звязаныя з трактоўкай хаосу, можна выявіць у многіх касмалагічных выказваннях пазнейшых філосафаў.

Паведаміць пра недакладнасьць