Эліта (ад франц. élite - лепшае, адборнае). З 17 ст. слова «эліта» выкарыстоўвалася для вызначэння тавараў найвышэйшай якасці (адборнае насенне, лепшыя расліны, жывёліны), з 19 ст. дастасоўваецца да вызначэння вышэйшых сацыяльных груповак у сістэме сацыяльнай іерархіі. У 20 ст. - гэта цэнтральнае паняцце элітарнай тэорыі, якая сцвярджае, што састаўнымі часткамі любой сацыяльнай структуры з'яўляюцца вышэйшыя прывілеяваныя слаі, што ажыццяўляюць функцыі кіравання, развіцця навукі і культуры (г.зн. творчыя функцыі), у процівагу астатняй масе насельніцтва, якая быццам выконвае нятворчыя, узнаўленчыя функцыі. Да эліты адносяць людзей, якія найбольш актыўныя ў палітычных адносінах, карыстаюцца ў грамадстве найбольшым прэстыжам, прывілеяваным статусам ці багаццем, людзей, якія валодаюць інтэлектуальнай або маральнай перавагай над масай, маюць найбольшы ўплыў у грамадстве, займаюць у ім вядучае становішча, найбольш высокакваліфікаваныя спецыялісты і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць