Жалезная заслона. Калька з анг. (iron curtain) або ням. (der eiserne Vorhang) м. Самаізаляцыя, сур'ёзная перашкода ў кантактах (пераважна паміж дзяржавамі).

Жалезная заслона ў канцы васьмідзесятых гадоў была ўжо добра такі прыўзнята (Т.Кароткая. Дом вокнамі ў заўтра).

У замежнай прэсе выраз дастасоўваўся да Савецкага Саюза, які адгарадзіў сябе «жалезнай заслонай» ад краін заходняй дэмакратыі. Выраз у яго палітычным значэнні і менавіта ў дачыненні да СССР упершыню выкарыстаў Гебельс у артыкуле «2000-ы год», апублікаваным у часопісе «Das Reich» 23.02.1945 г. Але шырокую вядомасць і пашыранасць у замежным друку гэты выраз атрымаў пасля таго, як 05.03.1946 г. быў ужыты Ў.Чэрчылем пры выступленні ў Фултане.

Паведаміць пра недакладнасьць