Фігавы лісток. Агульны для ўсходнесл., польск., чэшск. м. Крывадушная маскіроўка ганебных учынкаў, прыкрыцце чагосьці непрыстойнага.

Хто ў гэтай драме - герой, хто статыст, распішуць стратэг і статыстык, схаваўшы лоб за браніраваны ліст, сумленне - за фігавы лісцік (В.Вітка. Спакуса).

Узнік на аснове біблейскага падання пра першых людзей на зямлі (Быццё, 3, 7). Адам і Ева пасля выгнання іх з раю (гл. у касцюме Адама) упершыню пазналі сорам і, каб схаваць сваю галізну, зрабілі сабе паясы з лісця фігавага дрэва. Выраз атрымаў асаблівае пашырэнне ў сувязі з тым, што жывапісцы і скульптары XVI-XVIII стст., калі трэба было адлюстраваць голага чалавека, выкарыстоўвалі фігавы лісток як умоўнасць: царква не дазваляла паказваць галізну ў мастацтве.

Паведаміць пра недакладнасьць