БЛЯСК (блеск). Яркае асляпляльнае святло, яго адлюстраванне: агністы, брыльянцісты, вясёлы, гарачы, дзівосны, дзіўны, залаты, зіхатлівы, зорны, зялёны, іскрамётны, іскрыста-белы, іскрысты, любы, непагасны, нестрыманы, пераліўны, праменны, прамяністы, распалены, свавольны, серабрысты, сліпучы (разм.), срэбраны, трапяткі, чысты, яркі, яскравы, ясны  бледны, вадзяны, востры, вялы, зманлівы, кволы, нудны, панура-злосны (аўт.), раўнадушны, халодны, цьмяны.

Неба ж грозна пыша, ззяе, Бляск агністы разлівае, Паліць мрочную смугу (Я.Колас). Ходзіць дзед белабароды Полем, лесам, пералескам, Засцілае рэчкі лёдам, Брыльянцістым снежным блескам (Я.Колас). Быстрыя вочы знайшлі-такі ў вясёлым бляску залатой вады патрэбнае (Я.Брыль). Тым часам сонца выйшла ўгору... На землю шчодраю рукою Лье бляск гарачы і яскравы (Я.Колас). Яна [зорка] бесперастанку мігацела дзівосным бляскам (Я.Колас). Поле страціла залаты дзіўны бляск (З.Бядуля). Усё наваколле заліта пераліўным, зіхатлівым бляскам (І.Навуменка). У хмары месяц зайшоў, І бляск зорны патух (Я.Колас). Зялёным бляскам слепіць ціна (У.Паўлаў). [Вадзяныя струмені] то бурнымі хвалямі падалі на зямлю, то рассыпаліся пылам, ззяючы вясёлкавымі пералівамі ў іскрамётным бляску маланак (Т.Хадкевіч). Глянула [Алена] на неба — і аслепла ад іскрыста-белага распаленага бляску: сонца толькі-толькі бралася на захад (І.Мележ). Яна [песня] злівалася з тым, чым мы цяпер жылі, як зліваецца калыханка з гудзеннем малога ці з любым бляскам яго бяссонных вачэй (Я.Брыль). Люблю агонь, што нельга патушыць, Што свеціць іншым — непагасным бляскам (К.Буйло). Сказалі калісьці дзяды мне, хлапчыне, Што ходзяць начамі агні на балоце, Сказалі, што з нетраў, З глыбокіх аконцаў Увысь уздымаецца Бляск нестрыманы (П.Броўка). Над хваінкаю толькі-толькі ўзышло сонца. Ад яго промняў пераліўным бляскам ззяла раса (В.Жуковіч). Хмаркі ў небе аніводнай, Толькі бляск праменны (Н.Гілевіч). Маладосці дні адшалясцелі, Пацямнеў свавольны бляск вачэй (А.Звонак). Серабрысты, трапяткі бляск рыбы цешыў, як невядома што (І.Мележ). Угары... сліпучым бляскам ззяла сонца (А.Кудравец). Ноч абсыпала срэбраным бляскам Галіны стромкае сасны (А.Звонак). А на дварэ бурліць вясна, і капяжы, каля акна На сонцы ззяюць бляскам чыстым (К.Буйло). У яркім бляску спачывае На ракіце ліст (Я.Колас). Дзянніца зоймецца шчасліва, у ясным бляску і ў красе (Я.Колас). Хіба бляск убачыш бледны, Як ліхтар мігае (Я.Колас). Вочы [старога] свяціліся кволым, як бы нейкім вадзяным бляскам (Я.Скрыган). У высокім студзеньскім небе з вострым бляскам густа высыпаюць зоркі (В.Быкаў). Затое не чар пазалота, Не зманлівы бляск медаля — Работа, работа, работа Навек застанецца пасля (Г.Бураўкін). Свеціць лямпа нудным бляскам, А вакол — ціхутка! (Я.Колас). Яна [Наста] прыкмеціла, як увачавідкі чэзне ў яго [Шаплыкавых] вачах прыветнасць, набірае глыбіню панура-злосны бляск (А.Савіцкі). Праз шыбы бачны кавалачак сіняга неба ў халодным раўнадушным бляску шматлікіх зорак (І.Мележ). У акне неспакойна мільгаў цьмяны бляск газнічкі (М.Лынькоў).

* Бляск-дрыгаценне, бляск-ззянне, бляск-чырвань, бляск-чырвонцы.

На зямлю сырую Ціха ночка пала, Бляскам-дрыгаценнем Зорка замігала (Я.Колас). Праменні, стрэлы залатыя, Макушы лесу прабіваюць І бляскам-ззяннем высцілаюць нябёсаў багны патайныя (Я.Колас). Злавесны бляск-чырвань, як кроў, Варваўся ў пакой (Я.Колас). Сноп праменняў, пышна ўзняты, Сее бляск-чырвонцы — Гэта неба сцеле шаты На дарогу сонцу (Я.Колас).

Паведаміць пра недакладнасьць