БОР. Стары хваёвы лес.

1. Пра вышыню, гушчыню, колер, плошчу (бору): белы, бронзавы, высозны, гонкі; глухі, глыбокі, густы, дрымучы; залатаногі (аўт.), залаты, залаціста-ружовы (паэт.), зеленакрылы (аўт.), зеленачубы (аўт.), зялёны, кучаравы, меднастволы, медны, неабсяжны, светлы, сіні, смалісты, стромкі, стрункі (разм.), цёмнагрывы (паэт.), цёмна-русы (паэт.), цярністы, чарнагрывы (паэт.)  кашлаты, цёмны, чорны.

Сосны захутаны ў белыя шалікі, Белая мітусь у белым бары (Н.Гілевіч). Там, дзе дарогі беглі ўдалеч, У засень бронзавых бароў, Сыны шчэ многія чакалі Сваіх бацькоў з другіх краёў (П.Прыходзька). Высозны меднастволы, бор, з засені якога выбівалася рачулка, як быццам адчуваў і разумеў настрой маёй душы (К.Кірэенка). Сумёты раскінуўшы ў гонкім бары, Вязе лесавозы бульдозер (А.Александровіч). За Глускам у глухіх барах Яшчэ маё блукае рэха. І дзень суніцамі прапах, Даспелі першыя арэхі (С.Грахоўскі). Пакаціліся самі Цымбалы з высокай гары, Загулі галасамі І зніклі ў глыбокім бары (А.Куляшоў). Гэй ты, лес, хваёвы бор, Бор густы, высокі! (Я.Колас). Ася была ўжо далёка-далёка. Яна сядзела з татам на кані і ехала ў дрымучы, цёмны, бор (Я.Брыль). Залатаногі бор лье гул і водар смолкі, Глядзяць на белы свет скрозь мох баравікі (А.Звонак). Залатога бору грэбень Пахне шышкамі, смалой (М.Танк). Перад намі паўстаў прыгожы, велічны залаціста-ружовы старадаўні бор (В.Адамчык). А твая парадзела чупрына, Бор беларускі зеленакрылы (Р.Барадулін). Прыметнікамі бор здалёк прыкметны — зеленачубы, статны, залаты (В.Гардзей). Пад борам зялёным вёска стаяла (Я.Купала). А мне крышку сумнавата зараз... Расставацца з борам кучаравым (М.Аўрамчык). Меднастволы, як выліты, высіцца бор, Зацвітае на ўзлессі блакітны чабор (П.Панчанка). Для нас бор медны, неабсяжны Шчытом надзейным быў і хатай (М.Танк). Мы адшукалі шлях у родны край, І ў светлы бор, і ў густалісты гай (П.Панчанка). Адзін ты знаеш, дружа мой маўклівы, Які быў я ў цябе ў гасцях шчаслівы, Мой сіні бор, мой родны бор зялёны (Н.Гілевіч). І калі ў паходнай палатцы прысніцца мне Светлы гай з залатымі суніцамі, Плёскат сініх азёр на зары, Спеў драздоў у смалістым бары, — Тады гасне туга, адыходзіць самота... (П.Панчанка). Стромкі, сухі бор... песціць погляд сваёй цёмнай прытульнай зелянінай (М.Зарэцкі). Закрываецца стрункі бор доўгай чыстай старонкай дарогі (Д.Бічэль-Загнетава). Бор сасновы, цёмнагрывы, А за борам — сіні Нёман (М.Танк). Дзе ні глянеш — бары цёмна-русыя — Беларускай адзнака красы (А.Гурло). Хусткі дзяўчат на галовах цвітуць. Калі ж адцвітуць — маладзіцы нясуць... Зязюльчыны песні з цярністага бору (М.Танк). Бор сасновы чарнагрывы, а за борам — сіні Нёман (М.Танк). І заімшэлы, чорны бор кашлаты Пад нос бубнеў сваю лясную песню (В.Лукша).

2. Пра бор паводле яго веку, “узросту”: адвечны, векавечны, векавы, вячысты (паэт.), малады, спелы, спрадвечны, стагодні, старадаўні, старажытны, стары.

Люблю я лес, адвечны бор, Дзе ўзносяць хвоі ўгору шапкі (Я.Колас). Над цішынёю бору векавога Нясецца рэха песні партызанскай (М.Танк). Над рэкамі чыстымі, Барамі вячыстымі Мігцяць, Загараюцца, Пераліваюцца, Глядзяцца ў азёры Палескія зоры (В.Вітка). У цішыні такога спелага бору я накіроўваўся ўсё далей па беразе рачулкі (К.Кірэенка). Вось люстэркі чыстых лясных азёр... І жывіцаю пахне спрадвечны бор (У.Караткевіч). Па-над Сожам стаіць стагодні бор (К.Кірэенка). Не, не спіць, не дрэмле старажытны бор (Я.Колас). Маўчалі нахмурана елі, Маўчаў бор стары (Я.Колас).

3. Пра ўражанні, пачуцці чалавека, псіхалагічнае ўспрыняцце (бору): абуджаны, ашчадны, басавіты (аўт.), велічны, відушчы, вольны, вясёлы, галасісты, гаманлівы, горды, гулкі, гутарлівы, дрымотны, духмяны, загадкавы, задумёны (разм.), задумлівы, запаслівы, звонкі, з’інелабровы (аўт.), казачна-задумны (аўт.), лагодны, магутны, маляўнічы, нязведаны, песенны, полымнастволы (аўт.), прыгожы, пявучы, пяшчотны, родны, смуглабровы (аўт.), статны, стольны (уст.), цярплівы, чуйны, шумны, шчодры, шчыры (нар.-паэт.)  аглухлы, адзічэлы, грозны, зажураны, засмяглы, знямоглы, маўклівы, непрабудны, пануры, сонны, сумны, сыры (нар.-паэт.).

Адгукніся ліст лісточку ў абуджаным бары (А.Александровіч). Люблю бары, бярэзнікі і пушчы я Яшчэ з ваеннай бежанскай пары. Цярплівыя, Маўклівыя, Відушчыя, Яны мае надзейныя сябры. Ашчадныя, Запаслівыя, Шчодрыя, Яны і мне прадоўжылі гады (Г.Бураўкін). ... Песні бяссонныя бор басавіты спявае, Пад ногі кідаючы цень (М.Калачынскі). Што за цудоўная, што за дзівосная з’ява прыроды — нашы такія песенныя, лагодныя, пяшчотныя і ... такія велічныя, нават можна сказаць, магутныя ў сваёй велічы беларускія бары (К.Кірэенка). Патрымаўшыся трохі берага, каб зусім не выбіцца з сіл, я вырашыў ісці далей прастораю вольнага бору (К.Кірэенка). А цяпер з нядаўніх пор Спахмурнеў вясёлы бор (П.Панчанка). Як ты сэрцу майму міла, Дарагая Беларусь! Рэкі, ціхія азёры, Галасісты шумны бор! (П.Броўка). І паўстае прад вачыма Ўся дарагая айчына... Бор над ракой гаманлівы (К.Кірэенка). Бор стаяў грозны і горды (З.Бядуля). Іскрыцца поле снежнае, белае, Бор гутарлівы ціха стаіць (Я.Купала). Каля гулкіх бароў столькі азёр сінее (С.Панізнік). Пазалотай заірдзеў дрымотны бор (А.Александровіч). А бор такі духмяны, загадкавы такі! Крамяныя, румяныя Стаяць баравікі (П.Панчанка). Душа Янкі імкнулася далей, У гушчар задумёнага бору (П.Трус). Беларусь мая! Цёмны, задумлівы бор... Дзе выносныя сосны ўзняты да зор, дзе пралеглі абшары лагоднай зямлі (К.Буйло). Песня чуецца ў звонкім бары... (А.Русак). Мне ўяўляўся казачна-задумны бор, пра які расказваў Янка Брыль (К.Кірэенка). Заходзіў нечакана з’інелабровы бор, Пілой падперазаны (Р.Барадулін). На месцы, дзе сёння шум гоман азёр, На золаку раннім крык чаек, Быў некалі цёмны нязведаны бор, Быў лес без канца і без краю (М.Танк). А з полацкіх стольных бароў Да полымнастволых ушацкіх Вятры пачынаюць спяшацца, Як некалі мы з вечароў (Р.Барадулін). Над Дзвіною бары пявучыя (Г.Бураўкін). Потым князь забраў Данілу, Прыпісаў яго ў свой двор, Хоць яму і больш быў мілы Бор палескі, родны бор (Я.Колас). Плакалі ветры ў дуброве галосячы, Плакаў і бор смуглабровы (П.Трус). У шчырым бары неспакой загаю (Д.Бічэль-Загнетава). Далёкія зоры слухае бор, Аглухлы і чуйны... (Р.Барадулін). Бор шумны, бор грозны, гамоніш з вятрамі... (П.Броўка). Журыцца крыніца, Бор сыры, зажураны (Р.Барадулін). Бор засмяглы, бор знямоглы так зароў: — Абудзіся ў трыдзевятым краі, гром! (Д.Бічэль-Загнетава). А нядаўна бор пануры Гнеўна з хваляй гаманіў (А.Дзеружынскі). Скалануўся сонны бор (Я.Колас). Вясёла зашумеў адвечна сумны бор (М.Чарот).

* Бор-гушчар

Не адна, як струна, Сасонка расла У бязмежным бары-гушчары (А.Александровіч).

Паведаміць пра недакладнасьць