БРОВЫ (брыво). 1. Пра памер, форму, размяшчэнне; пра выраз (броваў): вузкія, выгнутыя, выразныя, высокія, вытанчаныя, доўгія, звужаныя, зламаныя, круглыя, крутыя, крылатыя, прамыя, прыгожа выгнутыя, тонкія, тоўстыя, шырокія.

У яе былі чорныя-чорныя, прыгожа выгнутыя і вельмі выразныя бровы (А.Марціновіч). Твар дзяўчыны быў далікатны: вялікія шэрыя вочы пад высокімі вытанчанымі бровамі (М.Лупсякоў). Адразу кідаліся ў вочы яго [Сяргееў] шырокі лоб, доўгія прамыя бровы (І.Чыгрынаў). Лабановіч глянуў ёй [Ядвісі] у вочы... на яе чорныя тонкія бровы, якіх ён не бачыў ні ў аднае дзяўчыны, ні ў кога на свеце (Я.Колас). Твар Сухавай імгненна змяніўся, дзіўная старэчасць прабілася і на шчоках, і ў звужаных, схмурнелых бровах (А.Савіцкі). Я ўпершыню ўбачыў яе [дзяўчыны] твар. Бровы зламаныя, вочы вялікія, шэрыя... (У.Караткевіч). Дзяўчына ўскінула крутыя вузкія бровы, паглядзела здзіўлена (І.Мележ). Пад крылатымі бровамі Хітравата ззялі вочы (П.Панчанка). Пад бухматымі тоўстымі... бровамі... блішчэлі кроплі вады (А.Савіцкі). Шэрыя вочы прыязна смяюцца з-пад чорных шырокіх брывей (Я.Брыль).

2. Пра стан (броваў), пра іх гушчыню, мяккасць ці жорсткасць; пра колер: аксамітныя, бухматыя, густыя, дрымучыя, жорсткія, калматыя, касмыкаватыя, кашлатыя, кудлатыя, купчастыя, кусцістыя, навіслыя, натапыраныя, не сапсаваныя модай (аўт.), узлахмачаныя, шаўкавіста-чорныя (аўт.); белабрысыя, белапушыстыя (аўт.), белыя, бялёсыя, бясколерныя, выгаралыя, высветленыя сонцам, выцвілыя, залацістыя, зялёныя, пасівелыя, рудыя, рыжыя, саламяныя, светлыя, ссівелыя, цёмныя, чорныя (нар.-паэт.).

Багдан вывучаў Чэсін твар. Гожая лінія падбародка, бухматыя чорныя бровы (А.Савіцкі). Густыя бровы і вусы, пацямнеўшыя ад поту і пылу, надавалі яму залішняй суровасці (М.Лынькоў). Вера заўважыла гэтую ўсмешку і... пакрыўджана насупіла свае аксамітныя бровы (М.Зарэцкі). Ускінутыя над вачыма жорсткія бровы нервова трымцелі (В.Быкаў). Светла-шэрыя, як вадзяністыя вочы пад рудымі касмыкаватымі бровамі хітра і насмешліва вузіліся (А.Савіцкі). На цёмным твары салдата блішчалі вочы пад кашлатымі бровамі (У.Караткевіч). [Наста] правяла пальчыкам па кудлатых бровах (А.Савіцкі). Пракопавіч... хмурыць рудыя кусцістыя бровы (К.Каліна). Нядобра зыркалі маленькія выцвілыя вочы з-пад нейкіх натапыраных, кусцістых броваў (І.Мележ). Густыя навіслыя бровы Пакрытыя пылам дарог (Я.Колас). Трапяткія водбліскі запалкі прабягалі па калючай шчаціне, вырывалі з цемені ночы ўзлахмачаныя запыленыя бровы... (М.Лынькоў). Яна [Людачка] была прыгожая... Тонкія, чорныя бровы, вядома, яшчэ не сапсаваныя модай (Я.Брыль). У іх [вачах Ганны] таксама ж нешта таілася... Але сачылі яны з-пад шаўкавіста-чорных смелых броваў цяпер з падсцярожлівай, пільнай уважнасцю... (І.Мележ). Стась сцягнуў на ілбе белабрысыя бровы... (К.Чорны). Белапушыстыя ўскінуты бровы. Час замірання. І час адкрыцця (Я.Янішчыц). Дзед зняў шапку, пакланіўся. Лагодна з-пад белых броваў агледзеў усіх (І.Мележ). Убачыўшы Канькова, [Даніла] адсунуў міску, нахмурыў бялёсыя, выгаралыя бровы (А.Асіпенка). Шафёр меў вогненна-рыжыя валасы, кароценькія бясколерныя бровы (А.Асіпенка). Антонік змоўк, нахмурыўся, выцвілыя бровы амаль схавалі вочы (І.Мележ). І сінія вочы былі таксама даверлівыя... Глядзяць яны цяпер з-пад залацістых, высветленых сонцам броваў (А.Савіцкі). Лес насупіў зялёныя бровы (С.Законнікаў). Яшчэ больш вылінялі ад спёкі рыжыя бровы [старшыні] (А.Бялевіч). Пад густымі саламянымі бровамі — маленькія, калючыя і разам з тым вельмі светлыя вочы (Я.Брыль). Алесь стаяў перад немчыкам... спачатку звёўшы густыя светлыя бровы, пасля — з усмешкай (Я.Брыль). Затраслося помстай сэрца У грудзёх дзявочых, Спахмурнелі чорны бровы, Заіскрылісь вочы (Я.Купала).

3. Пра бровы, што выражаюць стан, настрой, характар чалавека: далікатныя, добрыя, ласкавыя, прыветныя, смелыя, спакойныя  грозныя, журботныя, злосныя, маўклівыя, насупленыя, нахмураныя, схмурнелыя, упартыя, хмурыя.

Дзяўчына ўскінула вочы, якія пад далікатнымі ласкавымі бровамі здаваліся незвычайна прыгожымі (“Маладосць”). З-пад брывей прыветных палінялых Журыцца даверлівы пагляд (Р.Барадулін). Нібы добрыя вочы з-пад злосных брывей, з-пад хмарнай навісі цёпла глядзіць зара (Я.Брыль). Грозныя бровы вахмана сышліся на пераносіцы (Я.Брыль). Ляпеча штось касцёр. Іскрынкі-восы мільгаюць ля маіх маўклівых броў (А.Пысін). Яна [маці] глядзела то на машыны,... то на свайго сына. Цяпер відаць быў яго твар, — упартыя, яшчэ юнацкія рысы, прыплюшчаныя ад сонца вочы, нахмураныя цёмныя бровы (І.Мележ). Грыша стаяў збялелы, заклапочаны, з насупленымі брывамі (П.Пестрак). Трывога і неспакой адбіліся ў схмурнелых бровах і пацямнелых яе [Майкі] вачах (М.Лынькоў).

* Дугі-бровы, хмурынкі-бровы.

[Джулія] высока над вачыма ўскінула свае шырокія дугі-бровы (В.Быкаў). Яна [дзяўчына] не чула нашай мовы І звону песень у пакос, А светлыя хмурынкі-бровы Набеглі на кірпаты нос (В.Вярба).

Паведаміць пра недакладнасьць