БЯРОЗА. 1. Пра колер; пра вышыню, таўшчыню бярозы, яе крону: белагрудая (паэт.), белакорая, белакрылая (паэт.), беланогая (паэт.), белапенная, беластанная (аўт.), беластвольная, белатварая (паэт.), белая (нар.-паэт.), залатагаловая (паэт.), залатакудрая (паэт.), светлая, срэбна-белая, яснавокая (паэт.); выносістая, высокая, гнуткая, каржакаватая, касатая (аўт.), кроністая, купчастая, кучаравая, плакучая (нар.-паэт.), пышная, разгалістая, раскідзістая, рослая, стройная, танклявая, тонкая  голая, каравая, кудлатая, чорна-каравая, чорная.

Я з той краіны, дзе рвуцца з долу Тугія стрэлы хвой карабельных, Дзе, белагрудыя, над вадою Стаяць бярозы, як каралевы (К.Цвірка). Каля дуба бярозка ўзнялася высока, белакорая станам і ліствой яснавока (К.Буйло). Бярозка мая белакрылая, Якая ж ты, сонейка, мілая! (К.Буйло). Каля бярозак беланогіх Рабіны стройныя стаяць (Г.Бураўкін). Пяю белапенным у полі бярозам, Вучуся ў сэрцы людскія званіць (М.Машара). Мне сніцца старонка далёкая... Расла там бярозка другая, Такая ж, як ты беластанная, У летнюю зелень прыбраная (К.Буйло). Дубы і клёны, сярод якіх дзе-нідзе пракідаюцца танклявыя беластвольныя бярозкі... (Б.Сачанка). Следам за імі [грузавікамі] папаўзла і ўся плынь машын, мінаючы рады белатварых бяроз (І.Мележ). Палілася кроў чырвона, Сэрца абамлела, Павалілась на зямельку, Як бярозка бела (Я.Купала). Як зданні, белыя бярозы Да болю журацца ў прастор (П.Трус). Любы мне летуценні Смаленскіх бялявых бяроз (К.Кірэенка). Расчасаўшы пругкім ветрам косы, Спаласнуўшы ногі ў расе, Залатагаловыя бярозы Паўстаюць ва ўсёй сваёй красе (М.Аўрамчык). У пералеску восеньскім за вёскай... Сабой залатакудрую бярозку Ад ветру засланяе ясакар (М.Аўрамчык). Тут прывольна і зацішна... між бярозак срэбнабелых... (Н.Гілевіч). Бярозы, выносістыя і рослыя, Гасцінец прамы ў абдымкі бяруць (В.Макарэвіч). Высокія тонкія бярозы мяшаліся з шэрымі стваламі хвой (Я.Колас). Як жа добра... гайдацца на маладых, гнуткіх бярозках і перагуквацца, ловячы звонкае рэха (Я.Брыль). Каржакаватая бярэзіна, Што пры шашы здаўна расла, На хатні абыходак зрэзана... (В.Вітка). Святлее ў касатай бярозы прабор... (Р.Барадулін). Бадай і не абудзіў бы я сваіх, часам журботных успамінаў, калі б не ўцалелыя сям-там на месцы былых сядзіб грушы-дзічкі ды кроністыя бярозы (В.Жуковіч). Тонкая, сіняватая смуга, поўная цеплыні і ласкі, песціла далёкія лясы і купчастыя бярозы (Я.Колас). На невялікай градзе ўзвышаліся кучаравыя бярозы (І.Гурскі). Паміж прысад гасцінец біты — пясчаны, узвілісты пакат; Паводкай мост стары падмыты, Бяроз плакучых сумны рад (Я.Купала). Расфарбавана ў гонар свята Бяроза пышная (А.Александровіч). Бярозкі пышныя, надзеўшы свой убор, З цікавасцю глядзяць у вокны хаты (Я.Колас). Кукуе над тым дубам, над тымі бярозамі светлымі галасістая зязюля (К.Кірэенка). Я стаю на былой сядзібе пад высокаю разгалістаю бярозай (В.Жуковіч). Пацямнелі рослыя бярозы каля гасцінца (Т.Хадкевіч). Бярозкі адна ў адну, стройныя, высокія. Хто ні пройдзе міма, залюбуецца (З.Бандарына). Каля высокай раскідзістай бярозы спыніліся (І.Мележ). Танклявая бярозка махае мне рукою (А.Звонак). У начной шэрані значыліся то заінелыя голыя бярозы, то дачныя будынкі, то мачты з правадамі высокага напружання (І.Мележ). Закрые мне вочы, як медзякі, каравых бяроз жаўталісце (Р.Барадулін). Шэпчуць бярозы кудлатыя, Сцелецца сівы туман (А.Звонак). Дзесяткі два рассыпаных па пясчаным пагорку чорна-каравых бяроз абнесены невысокім дашчатым плотам (А.Кудравец).

2. Пра ўзрост (бярозы): векавая, вячыстая (паэт.), даспелая, маладая, стагодняя, старая, юная.

Бярозы векавыя, збуялыя, стройныя, танклявыя, з пышнымі шатамі. Яны яшчэ ў зелені... (І.Пташнікаў). А сэрцы! Яны — як раней. Толькі клікні — і кінуцца на арэлі Сярод сініх званкоў і вячыстых бяроз (К.Кірэенка). Дарогу завейвала лісце даспелых плакучых бяроз (С.Грахоўскі). Валока ступіў колькі крокаў, прымасціўся пад маладой бярозкай (А.Марціновіч). Узнімаецца ў самае неба чорная постаць стагодняй бярозы (К.Чорны). Бяроза, бяроза Старэнькая ў полі, Цябе і такой не забыцца ніколі (П.Броўка). А нам з табой упарта сніцца Сцяжынка вузкая мая, Бярозак юных завушніцы... (Г.Бураўкін).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (бярозы): беларуская, вясёлая, зграбная, крылатая, набухлая саладкаватым сокам, нясмелая, пакорлівая, пяшчотная, родная, сарамлівая, смелая, сонечная, спакойная, трапяткая, шумліва-трапяткая  бедная, вымаклая, журботная, ніцая, панурая, разамлелая, расхрыстаная (разм.), самотная, трывожная, тужлівая, хмурная.

Бярозка мая беларуская, Агнёвай плакучаю хусткаю Маланка цябе атуліла. І ўся ты панікла без сілы... (К.Буйло). Я бачыў перад сабой зграбныя, пяшчотныя бярозкі (М.Шыманскі). Не вытрымаўшы больш на санцапёку, Бярозы белыя, што з ранку млелі, Набухлыя саладкаватым сокам, Раптоўна неяк выпырснулі зелень (М.Аўрамчык). Там бярозы шэпчуць белыя, Сарамлівыя, нясмелыя (К.Кірэенка). Маланкі любяць дубы і амаль ніколі не чапаюць бярозу: такая яна плакучая, пакорлівая і ніцая (У.Караткевіч). Але ратаваў люд мой слова ад згубы. І, гонячы катаў ад родных бяроз, Праз далеч стагоддзяў сівых... Да нас, незамутненае данёс (К.Цвірка). Страката бялеюць-зелянеюць тры смялейшыя бярозы (Я.Брыль). Паміж сонечных бяроз я іду (А.Бялевіч). На твар мне падаюць кроплі... Гэта бяроза нада мной, спакойная, мокрая, асенняя (А.Адамовіч). Схвачана бярозка полымем зялёным, Трапяткая ўстала перад стройным клёнам (К.Буйло). Зялёная, шумліва-трапяткая Між поля жытняга на ўзгорку за сялом Мяне ты [бяроза] гэтак радасна страчаеш... (А.Бачыла). І стала сумаваць і тужыць бедная бярозка (Я.Колас). Халодны сквер дашчэнту апусцеў, Хоць бы лісток на вымаклай бярозе (Г.Бураўкін). Бярозы стаяць журботныя (В.Жуковіч). Без мяне да Пятра Венікаў навязалі З разамлелых касатых бяроз (Р.Барадулін). Асенні вецер несціханы паміж расхрыстаных бяроз, Адкуль, з якіх ты акіянаў хмурыны чорныя прынёс? (П.Броўка). Ёсць тры сцяжынкі-дарожкі каля сівых курганоў, Каля самотнай бярозкі, Каля надрэчных стагоў (М.Танк). Дзве тужлівыя, хмурныя бярозы стаялі на самым краю лесу (М.Шыманскі). Саша і Пеця... прайшлі паўз могілкі, дзе раслі бярозы, старыя і панурыя (І.Шамякін).

* Бяроза-бабулька, бяроза-патайніца, бяроза-шаптуха, бярозкі-сяброўкі, красуня-бяроза, прыгажуня-бяроза, суседкі-бярозкі, удава-бяроза.

Журботныя постаці бабулек-бяроз... паапускалі сваё гнуткае, як лён, вецце (Я.Колас). Бяроза крылатая З дарогаю сватала. Бяроза-патайніца, Ці станеш вяртальніцай? (В.Зуёнак). А лісічак набраў каля сцежкі-вяртухі, Што да хаты лісінай лагчынай вяла; Падбярозавікаў — пад бярозай-шаптухай... (М.Танк). Ля прызбы стаялі сяброўкі-бярозкі, Ранялі на голаў мне светлыя слёзкі (К.Буйло). [Аляксею] здалося, што ўсё расказанае Арцёмам ён бачыў сам і красуня-бярозка накіроўвае да яго свой запальны покліч (Т.Хадкевіч). Насыпала на яшчэ зеленаватую траву залатовак прыгажуня-бярозка (І.Шамякін). І дуб, першы прыняўшы яго [вецер] на сябе, як бы папярэджваў сваіх суседак-бярозак: будзьце напагатове, бярэцца вецер (М.Шыманскі). Удовы-бярозы сваімі каралямі горда глядзяцца ў люстэрка вады (П.Трус).

Паведаміць пра недакладнасьць