Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

ВАДА (воды). 1. Пра колер, празрыстасць, чысціню (вады); пра яе тэмпературу: аксамітна-чорная, аранжавая, бірузовая, блакітная, брыльянцістая, густа-цёмная, густая, жамчужная, залатая, зялёная, іскрыстая, крынічна-празрыстая, крыштальная, люстраная, малочна-жамчужная, празрыстая, ружовая, светлая, серабрыстая, сіняя, чыстая, чысцюткая, янтарная  гнядая, збуцвелая, каламутная, мутная, пасівелая, пенная, свінцовая, сталёва-цёмная, цёмная-цёмная, чорная; зледзянелая, колкая, крынічная, ледзяная, ломкая (разм.), сцюдзёная.

Я мог зразумець, чаго варта краса гэтай цёмнай ночы і аксамітна-чорнай вады (М.Багдановіч). Пачала выступаць зямля... нібы выспа з бірузовых вод (З.Бядуля). Мільярды брыльянцістых кропель брыльянцістай вады заззялі ў праменнях (Я.Колас). А вада-то ў Волзе густа-цёмная (М.Багдановіч). Каляда пастаяў... потым асцярожна ступіў у ваду, густую ўжо, восеньскую (А.Жук). Рукі на гэты раз — не падымаліся, каб падставіць прыгаршчы пад струмень і апаласкаць крыштальнаю вадою рукі, твар (Ф.Янкоўскі). Ужо стомленыя... вочы знайшлі-такі ў вясёлым бляску залатой вады патрэбнае (Я.Брыль). З разбегу шуганулі ў іскрыстую ваду (А.Асіпенка). Нагледзеліся за век і на яснае сонца, якога так шмат бывае на крынічна-празрыстай азёрнай вадзе (Я.Брыль). Слізгацяць душагубкі па люстранай вадзе пад лоўкімі ўзмахамі вёсел прывычных палешукоў... (Я.Колас). Прысмеркам вада ў Дняпры робіцца малочна-жамчужнай (У.Караткевіч). Шумлівыя пушчы, празрыстыя воды, Радзіма, любоў мая светлая! Заслуга мая, што я аднагодак, Я кропля твая непрыкметная (П.Панчанка). Было тут Азярко... Сама прырода адарыла яго хараством, у светлыя яго воды любіла зазірнуць сонца (Я.Колас). Горад белы глянуў у сіні спакой, У хвалі серабрыстае вады (К.Буйло). Беларусы біліся, каб зберагчы і пасля ўпрыгожыць нашу маці-зямлю, абараніць гэтыя азёры і нівы, сівыя пушчы і сінія воды, старадаўнія і новыя кнігі, сваю песню і слова, веды свае (У.Караткевіч). Дрэвы таксама насцярожана драмалі, гледзячы праз сон у празрыстую, чыстую, як шкло, ваду (У.Дамашэвіч). Бывайце, даліны квітнеючых ніў, Стэповага мора бяскрайні разліў, І родных кішлакаў утульны спакой, Узоры арыкаў з янтарнай вадой (Я.Колас). Вёслы... ударылі па вадзе, ружовай ад святла бліскавіцы (У.Караткевіч). Гнядая каламутная вада радасна балбатала аб вясне (Ц.Гартны). Зялёныя, вострыя шаблі аеру Праб’юцца да сонца з збуцвелай вады (П.Броўка). Вада, мутная, цяжкая, ціхая білася аб бераг (В.Іпатава). Іскрыліся на зломах крыгі, Па плыні пасівелых вод Павольна адыходзіў з Рыгі Услед за сонцам цеплаход (С.Грахоўскі). Адзіны тыдзень выбраў я — пагрэцца... ля пенных вод (А.Пысін). [Гусі], раскінуўшы крылы, белыя-белыя, з хрыплым крыкам лятуць над свінцовай вадой (У.Караткевіч). Цёмная-цёмная вада... Шуміць Вілія, адклікаючыся здалёку-здалёку... (І.Пташнікаў). Звіняць у трубах і ў бочках Струмені колкае вады (С.Грахоўскі). А я... Здалося піў, прыпаўшы ніцма Да ручая з крынічнаю вадой (Н.Гілевіч). Ледзяной вады глыне са студні І курлыкне хрыпла журавель (М.Аўрамчык). І хочацца да ручая прыпасці — Напіцца чыстай ломкае вады (С.Грахоўскі). Пакланюся я табе, царыца, Чыстая, сцюдзёная вадзіца (М.Багдановіч).

2. Пра характар воднай паверхні, пра хуткасць цячэння: бурлівая, высокая, вялікая, вясёлая, грымучая, гуллівая, імклівая, спакойная, трапяткая, ціхая  вірлівая, стаялая, стаячая, шумлівая, шумная.

Ды вось вада, як полымя, высокая, — Ёй вечна ракатаць, свяціць, звінець (А.Пысін). Праз тры акны большай палавіны [хаты] відаць адразу лес і возера — рыжы гушчар сасновых ствалоў, маладая трава, вечназялёныя лапы і вялікая спакойная вада (Я.Брыль). Рознакаляровыя хусткі жней мільгалі на ім [полі], як каменьчыкі над вясёлай рачной вадой (А.Кудравец). Зазвіняць жалобна крыгі, І бурлівая вада Снег, размоклы ў час адлігі, Змые з лугу без сляда (М.Багдановіч). І вось ільды пакрышаны грымучаю вадой (Л.Дайнека). Дзвіна, Дзвіна! Люблю ў імгле вячэрняй Павольны ўсплеск тваіх гуллівых вод (А.Звонак). Вада — празрыстая, імклівая — з гор... (Я.Брыль). А бераг так далёка ў баку Ад трапяткой вады (П.Панчанка). Трохі вудзілі, прыпыніўшыся ў спакуслівай мясціне, а болей любаваліся, з бадзёрым грукатам летучы на празрыстай і ціхай вадзе (Я.Брыль). След вірлівай вады За кармою бяжыць (А.Зарыцкі). [Думка] не хоча спыніцца ў стаялай вадзе, хоць там і люструюцца зоры (У.Дубоўка). А вада ў канаве стаячая, затхлая (У.Паўлаў). Ідзе вясна ў шумлівых водах, У звонкім срэбры ручаёў (Я.Колас). Нібы з вядра лінулі хмары сцюдзёнай шумнаю вадой (А.Вялюгін).

3. Пра ваду як сродак фізічнага ўздзеяння на чалавека: гаючая, жывая, жыўчая (аўт.), цудадзейная, чароўная, шчодрая.

Задрамлю, і можа, зноў прысніцца, Што прынесла з поплава сюды Вечна маладая чараўніца Прыгаршчы гаючае вады (С.Грахоўскі). Мне трэба... Дапамагчы старой маці Жывой вады, шчодрай Прынесці з крыніцы гарачай Паўнюткія вёдры (М.Танк). Ліце [струны] прызыўныя чары, Жыўчую думкам ваду... (Я.Купала). Не адшукалі яшчэ такой цудадзейнай вады, якая змыла б з людскіх твараў сляды чорнай пякельнай пакуты (У.Дубоўка). Вясна ідзе да нас на Поўнач Пад грукат рэк, птушыны крык, Бы напаіў вадой чароўнай Яе раптоўны чараўнік (А.Звонак).

4. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (вады): вечная, гаваркая, дрымотная, залітая сонцам, звонкая, ласкавая, маладая, мяккая, нячутна мяккая, прыгожая, радасна неспакойная (аўт.), сінявокая (аўт.), спагадная, спелая  гарбатая (аўт.), жалезна-шэрая (аўт.), лютая, непрытульная (паэт.), растрывожаная, сонная, цяжкая, чужая.

Была нейкая загадка ў гэтай вечнай вадзе, якую давала зямля (А.Жук). Добра знайсці сцюдзёную крыніцу і прыкленчыць каля яе гаваркой вады (Я.Брыль). Кляновіч задумаўся глыбока, акунуўшы позірк у дрымотную ваду (П.Пестрак). Ідучы ў залітую сонцам, радасна неспакойную, да светлага пяску празрыстую ваду, падумаў, што напісаць трэба і пра тое, колькі я за жыццё спажыў хараства прыроды (Я.Брыль). А дзяўчына... Вёдры поўныя набрала Звонкай ранішняй вады (А.Пысін). Іду над разбуджанай рэчкай па дошцы І гляджу ў маладую ваду (К.Буйло). Чым далей адыходзіў ад рэчкі, здавалася, што зноў уваходзіў у ваду, толькі цёплую і нячутна мяккую (А.Жук). Над вадой сінявокай каліна апранула ўзорны фартух (Л.Геніюш). Пустыя вёскі... Без прозвішчаў. Ў якой жа ты Прасіў спагаднае вады? (А.Пысін). Пляж пусты, Толькі цень на пясок упадзе. Дубравенка калыша лісты — Жоўты вырай на спелай вадзе (А.Пысін). Свістала і хрыпела Жалоба і нуда, Як з крана з’іржавелага Гарбатая вада (У.Някляеў). Неба над морам... падкасалася — ясная паласа паміж цяжкай жалезна-шэрай вадой (Я.Брыль). Ці ж не чуеш ты І ці ж не бачыш, Што — да недаўмення — перавернуты Свет сцюдзёных, непрытульных вод (Н.Мацяш). За кармой на буксіры — доўгае сасновае бервяно і яшчэ даўжэйшы трохкутнік растрывожанай вады (Я.Брыль). Як адвячоркам над соннымі водамі Кнігаўка ўсё не дапросіцца піць, — Тры гады я не чуў (Р.Барадулін). Вада, як заўсёды, без назвы, чужая, халодная (Я.Брыль).

* Вада-верхалёдка, вадзіца-жывіца, вадзіца-крыніца, цуда-вада.

Ішлі, плюхалі па вадзе-верхалёдцы... (П.Місько). Пры лесе, пад горкай бруіцца крыніца. У светлай крыніцы вадзіца-жывіца (П.Броўка). Слухаў слова пра дарагую родную вадзіцу-крыніцу (Ф.Янкоўскі). Мурог! Ды што за травіца! І шоўк у ёй мяккі, і лён, і вечная наша крыніца з гаючай жывіцай-вадзіцай ад бацькаўскіх, дзедаўскіх дзён (Я.Колас). А скуль гэты смак вашай цуда-вады? (Н.Гілевіч).

Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы   Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2018