ВЕРШ. Мастацкі твор, напісаны рытмізаванай мовай: блізкі, бяссмертны, вольны, востры, гібкі, гучны, дарагі, дзіўны, добры, жартоўны, кіпучы, любы, маленькі, мудры, натхнёны, неастылы, неразгадана прыгожы (аўт.), несмяротны, просты, радасны, ранні, самастойны, светлы, спакойны, удумны (разм.), цудоўны, чырвоны, шчыры, яркі, яскравы  горкі, дрымучы (аўт.), знявечаны цэнзурай, наіўны, нядоўгі, нязграбны, нясмелы, няўдалы, распалены, скрэслены, снатворны (аўт.), суровы, трывожны, халодны, чужы, шурпаты.

Адзін вобраз калісьці востра ўспомнены над кнігай з малюнкам сівабародага аратага, над радкамі верша, такога блізкага і неразгадана прыгожага ў сваёй прастаце, зноў вось ажыў у сэрцы маім... (Я.Брыль). Ажыў у сэрцы з новай сілай Бяссмертных вершаў гнеўны жар... (П.Панчанка). Я на душы ўражлівай маю Жыцця мінулага пячаць: Схачу свой вольны верш пачаць — І ўраз праз прошлае згадаю (М.Багдановіч). Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, Абрабіць яго трэба з цярпеннем (М.Багдановіч). І верш твой гучны, верш удумны, І верш твой востры, як лязо, — Кранаў ён сэрцы шчырым словам... (П.Броўка). Вершы, вершы дарагія! Спарадзіў я вас, маленькіх, ў час, калі мне падымала грудзі хваля пачуцця (М.Багдановіч). Вы кажаце мне, што душа ў паэта, Калі спараджае ён дзіўныя вершы, Нябесным агнём абагрэта, І ў час той між люду ён першы (М.Багдановіч). У добрым вершы — радуга дугой І молата знясіленага ўзлёт (Е.Лось). Жартоўны верш аднойчы напісала, Хто ў добры час не любіць жартаваць! (Е.Лось). Бледны, хілы, ўсё ж люблю я Твой і мудры і кіпучы верш, Анакрэон! (М.Багдановіч). І толькі натхнёныя вершы За іх [паэтаў] не напіша другі (С.Грахоўскі). Яшчэ неастылыя вершы Пакінуць ніяк не магу (С.Грахоўскі). І ноч усю агнём палаюць Мае распаленыя вершы (М.Танк). Першы, зусім самастойны Алесеў верш напісаны быў на польскай мове (Я.Брыль). Пад зоры ўзнялі Мы высокія думы і светлыя вершы (П.Панчанка). І ў неспакойным горадзе — і ў свеце! — Спрабую напісаць спакойны верш (Я.Янішчыц). Цудоўны верш, наскрозь прасякнуты верай у чалавека і болем за яго (Р.Бярозкін). Пішу ды хачу, каб і белыя вершы Чырвонымі вершамі вечна былі (С.Грахоўскі). Я чытаў гонкім соснам Просты, шчыры свой верш (П.Броўка). Каля мяне спынілася вавёрка. Шкада — не ўзяў арэхаў. А верш — горкі, На мове незнаёмай і чужой, як зразумець без перакладу ёй? (М.Танк). Знаючы, што цябе, дружа, бяссонніца мучыць, Нат эскулапы не могуць бядзе памагчы, Шлю табе том сваіх вершаў снатворных, дрымучых, Толькі разгорнеш — і сон адалее ўначы (М.Танк). Як з няўдалых маіх вершаў ранніх, Скрэсленых, знявечаных цэнзурай, Адгадала аб маім каханні..? (М.Танк). Можа, якраз над гэтай крыніцай, у зялёнай загадкавай засені дрэў нараджаўся той першы наіўны вершык, за які яму бацька-ляснік адмераў авансам важкі ганарар (Я.Брыль). Нядоўгі верш — жыццё паэта На памяць ведае сястра (А.Пысін). У анкеце зноў пішу свой верш нязграбны (М.Танк). За парогам зіма і нуда, За парогам раздум’е і боль, Неспакойныя сны уначы, Пра каханне нясмелыя вершы (П.Панчанка). Ну, а масла? Што пра масла скажаш? І не трэба, а не абмінеш. Калі гэткім маслам рыфмы змажаш, Нават верш няўдалы праглынеш (П.Панчанка). Я не такі ўжо наіўны, Каб думаць, Што вершы мае, Шурпатыя, як далоні рабочага, Суровыя, як сумленне, Народжаныя На скрыжаванні Вятроў і дарог, — Больш варты, Як нейкі глыток невялічкі Вады (М.Танк). Ім [кветкам], бледным, мёртвым, не збудзіць Былога пачуцця, Як не змагу яго збудзіць Халодным вершам я (М.Багдановіч). Чужы мой верш для вас, чужы! (Н.Гілевіч).

Паведаміць пра недакладнасьць