ГОД (гады). Перыяд у жыцці чалавека, краіны, адзначаны нейкімі падзеямі; ацэнка гэтага перыяду (пераважна ў форме мн. л.): адметны, баявы, векапомны, высокі, далёкі, дзівосны, дзіўны, жудасна шчаслівы (аўт.), залаты, зялёны, зямны, касмічны, кіпучы, крамністы, маладыя (мн.), малыя (мн.), мудрэцкі (разм.), недасяжліва далёкі (разм.), незабыўны, незгасальны, непаўторны, непражыты, нязгасны, партызанскі, перажыты, пераможны, светлы, славуты, слаўны, удалы, хлебадайны (аўт.), шчыры, яркі, ясны  бурны, гнеўны, грозны, доўгі, замутнёны (разм.), ліхі, незваротны, няласкавы, няспраўджаны, пакутлівы, пакутны, пякельны, самы горкі, самы цяжкі, страшны, суровы, трудны, чорны, штармавы.

Лявонік часта ўспамінае тыя адметныя, непаўторныя гады (І.Навуменка). Былі дні гарачай... эры, быў дваццаты, векапомны год (Ю.Лявонны). Паўстаюць з камення і жалеза За спіной высокія гады (А.Пысін). Паўсталі і прайшлі перад вачыма яго памяці дні і людзі незабыўных і ўжо далёкіх гадоў (Э.Самуйлёнак). Якія жудасна шчаслівыя гады, і дні нашай любві, дружбы, і як жа часта мы марнуем іх на пустое (Я.Брыль). Дзівосныя гады далёкай маладосці, Як часта мы не цэнім вас... (“Полымя”). Жывучы ў зарэччы лясістым, У малыя свае гады Я зайздросціла ўсім машыністам, Што па рэйках вядуць паязды (Е.Лось). Маладыя гады, маладыя жаданні! Ні жуды, ні нуды, Толькі шчасце кахання (М.Багдановіч). Для паэзіі працы служыць гатоў... Да апошніх зямных і касмічных гадоў (М.Танк). Будзе год залаты, хлебадайны, Трудны год ярыну абміне (Я.Янішчыц). У сяле, сярод садоў і красак, Дзе цвілі зялёныя гады, Мы наслухаліся даўніх казак, Што калісь расказвалі дзяды (М.Аўрамчык). Леапольд Гушка бачыў перад сабой берагі шчаслівай зямлі, да якой плыў з самых маладых год сваіх (К.Чорны). ...І не пыталі ў зязюль-варажбітак, Колькі ў запасе год непражытых (М.Танк). Народ гэты просты... яшчэ не ў мудрэцкіх гадах, а робіць такую машыну, што цудам завуць на палях (Е.Лось). Я на свяце маладым Сонца, ветру і аблокаў — Ахвярую годам тым, Недасяжліва далёкім (У.Някляеў). Фатаздымкаў на паўсцяны, Партызанскія гнеўныя годы (П.Панчанка). У Прыпяці маёй залатабруйнай — Майго жыцця нязгасныя гады (У.Верамейчык). — Расці, лён, высокім! — Сказаў партызан. — Нямала прыкрыў ты Шрамоў, нашых ран У грозныя годы вайны (М.Танк). Хутка ўжо споўніцца доўгі і пакутны год, як я пакінуў [Беларусь] (В.Быкаў). А за плячмі ўсяго семнаццаць Нічым не замутнёных год (А.Пысін). Мінулі даўно тыя змрочныя, грозныя трывогі і бітваў ліхія гады (В.Шымук). Не заўважыў ты ў громе няласкавых год, Што да сонца ўзнясла твае пошукі сталасць (К.Кірэенка). І лес пасівеў, як матуля, Над кожным жыццём маладым, Адлічвае толькі зязюля Няспраўджаныя гады (В.Вярба). Героі садзяць сад, якому век цвісці. Не трэба паліваць — ён будзе сам расці, Бо ў той пякельны, незабыўны год Яны аддалі глебе кроў І пот (І.Калеснік). Гэты апошні гадок няволі Язэпу здаваўся самым цяжкім і пакутлівым (А.Якімовіч). Мінуў яшчэ адзін мой год, Год самы цяжкі, самы горкі (Я.Колас). Бачыш, дружа, праз колькі суровых гадоў Мы ў свабоднай Варшаве сустрэліся зноў (М.Танк). Франтавыя дарогі Грозных, чорных гадоў. Дым уедлівы, горкі, Сталі плаўленай гром. Смерць пад кожным узгоркам, Смерць пад кожным кустом (П.Броўка). Прыпарушыла скроні ўжо шэранню Штармавых, перажытых гадоў (М.Танк).

Паведаміць пра недакладнасьць