ГОМАН (гамана). Бязладны шум, мноства галасоў, прыродных гукаў.

1. Пра гучнасць, характар гоману, яго працягласць, аддаленасць: аднастайны, бурны, бязладны, бязмежны, бясконцы, вірлівы, вялізны, вялікі, глухі, густы, гучны, далёкі, доўгі, жвавы, звонкі, злітны, зычны, многагалосы, моцны, несканчоны, нецярплівы, няспынны, няўмоўчны (разм.), няясны, працяжны, прыглушаны, рознагалосы, роўны, стогалосы, стозыкі (аўт.), ціхі, цягучы, шматгалосы, шумны.

Грушэўскаму надакучыў аднастайны гоман лесу і нязладныя галасы ночы... (Р.Мурашка). Ля барвовых ракіт Бурным гоманам пеніцца Нёман (А.Астрэйка). Тут завіраваў нецярплівы, бязладны гоман (І.Мележ). Бязмежны гоман лесу, невыразная чужая гаворка зліваліся ў адно (І.Шамякін). Рэха з вялікім лёскатам доўга ідзе да другога берага і не памірае, а вяртаецца назад памаладзелым і памножаным на бясконцы гоман хваляў (К.Кірэенка). У пахучым паветры стаяў вялізны гоман (В.Каваль). Я бягу праз поле-шыр на вірлівы гоман (В.Каваль). Густы гоман лесу супакойваў інжынера (М.Лынькоў). Густы, злітны гоман лесу, плёскат азёрных хваляў настройваў на ціхі роздум... (“Маладосць”). Глуха шэпча лес зялёны, І шуміць ён і шуміць, Гоман доўгі, несканчоны Цэлы дзень над ім стаіць (Я.Колас). Плёўся жвавы, радасны гоман са смехам... (І.Мележ). Многагалосы вясковы гоман доўга вісіць у паветры, а потым пачынае паступова сціхаць (А.Васілевіч). За вакном не змаўкаў роўны, прыглушаны гоман горада (П.Галавач). Жураўліная песня злівалася з няўмоўчным гоманам бору (М.Лынькоў). Праз ранішні гоман стозыкі пасёлкаў і вёсак... Спяшаецца ўдалеч стары беларускі бальшак (Н.Гілевіч). Любы ваш ля хваляў Гоман шматгалосы — Райнісавы сосны, Райнісавы сосны! (П.Броўка). З самай раніцы лес напоўніўся рознагалосым гоманам (І.Шамякін). У карчомцы грук вялікі, Гоман шумны... (Я.Колас).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (гоману): адвечны, баравы, велічны, вольны, вясёлы, дзіўны, дрымотны, зеленалісты (аўт.), зялёны, малады, мілы, непаўторны, прыветлівы, прыемны, радасны, разухабісты, таемна-глухі, таемны, урачысты, шчаслівы, ясны  журботны, каснаязыкі (аўт.), маркотны, нядобры, няўцямны, пагрозлівы, пагрозны, страшны, сумны, сцішны, трывожны, тужлівы, халодны.

Прыслухоўваючыся да гэтага адвечнага баравога гоману, Дубок пачуў ціхія галасы, дзесьці там, унізе, над рачулкай (М.Лынькоў). І гэтая ясная раніца, і велічны гоман горнага лесу, і так цяжка здабытая воля — усё хвалявала, здавалася яму [Аляксею] нерэальным (Т.Хадкевіч). Вольным гоманам хвоек высокіх, туманамі санлівых нізін, Казкай векаў блізкіх і далёкіх Клічам сонца... (Я.Купала). У звонкую марозную раніцу ўварваўся вясёлы разухабісты гоман гармоніка... (А.Васілевіч). Ах, як нам блізка і знаёма З гадоў дзіцячых, маладых — Вясновых рэчак дзіўны гоман (П.Броўка). Дрымотны гоман баравы Захутаў сосны і яліны... (П.Броўка). У карчомцы грук вялікі, Гоман... малады... (Я.Колас). Шчадрэе вясны казна Гоманам зеленалістым (Р.Барадулін). Будзе над вогнішчам гоман зялёны, Стрэнем світанейка ў спевах птушыных... (П.Броўка). Шэпчуць згодна каласінкі, Гойдаюцца нівы, Ходзіць гоман між збажынкі, Мілы і шчаслівы (Я.Колас). Я... глыбока ў душы берагу Гоман пушчаў таемна-глухі... (Н.Гілевіч). Усю ноч ад рэчкі і на Нёман Ушыр, удоўж нясецца гоман Няўцямны, сцішны і таемны І разам страшны і прыемны (Я.Колас). Я люблю твой [краіна] гоман ясны гарадоў і ніў... (А.Астрэйка). Над гаманой каснаязыкай — Не трэба нам вялікіх слоў... Даволі музыкі вялікай (У.Някляеў). Зноў пайшоў нядобры гоман (І.Мележ). Кучаравыя дрэвы паспляталіся ў вершалінах, быў чутны тужлівы гоман (І.Гурскі). Ён адзін. Халодны гоман, За акном драты гудуць (А.Александровіч).

* Гоман-спеў, гоман-шум, гоман-шчэбет.

Калі ў засень ад сонца Пахаваюцца росы, Будзеш слухаць бясконцы Гоман-спеў стогалосы (Н.Гілевіч). Дубы стаяць у пагрозным гомане-шуме ў часе восеньскай завірухі (М.Лынькоў). Колькі чуў ён [дуб] тут дзіцячага гоману-шчэбету (Н.Гілевіч).

Паведаміць пра недакладнасьць