ГРОМ. I. Грукат, трэск, што суправаджаюць маланку ў час навальніцы: адважны, адзінокі, арганны, басісты, весні, восеньскі, вясёлкавы, вясёлы, вясновы, гулкі, густы, гучнабежны (аўт.), зялёны (аўт.), крутарогі (аўт.), крылаты, лагодны, летні, магутны, несціханы, нясмелы, першы, плодны, працяглы, радасны, раскацісты, сіні, сінялобы (аўт.), сталёвы, ціхі, яркі  аблачынна-калматы (аўт.), аглушальны, глухі, гнеўны, гразлівы, грукатлівы, гультаявата-грозны, далёкі, кульгавы, позні, пыхлівы, рэзкі, страшны, строгі, сухі, цёмны, цяжкі.

Гром прайшоўся адважны і гулкі, Скалануў пацямнелы прастор (П.Прануза). Міл майму сэрцу гоман далёкі, Водгук вясёлы і шум. Гром ты магутны, гром адзінокі! Колькі ўскатурхаў ты дум! (Я.Колас). Раскацістым громам арганным Агучыўся свет у імгненне (В.Ракаў). Уціхла, прайшла завіруха, Замоўклі басістыя громы (Я.Колас). Прызначыла мне сустрэчу Пад вясёлкай Першага весняга грому І не прыйшла (М.Танк). Восеньскі, З ночамі вераб’інымі, Забурчыць сярдзіта хрыплы гром (Р.Барадулін). Вясёлы гром, нібы грукат калёс, пракаціўся па лесе (Я.Брыль). Качаю бульбіну ў руках, як дома, — з-пад хмары, з-пад вясёлкавага грома (Е.Лось). І чуецца грому вясновага грукат (М.Танк). Ці гром гучнабежны пракоціцца ў хмарах, Ці грукне над лесам пярун, — Усё адклікаецца ў вольных абшарах, Усё іх дакранаецца струн (Я.Колас). А маланка ў тайзе бывае зялёная... Яна таропка жыхала па зялёнай тайзе — здавалася, шукала, дзе б схавацца ад зялёнага грому (Я.Сіпакоў). Першай прачнулася вярба — Руплівая маладзіца, Пачуўшы, як верхаводка Казыча ногі. Верхаводка, Абліскавічаная бліскавіцай, Агромленая Громам крутарогім (М.Танк). За брамаю мігцяць вясёлкі, Ляціць крылаты плодны гром (М.Лужанін). Лагодны гром за дальняю дубровай Напомніць ім [дзецям] пра жах бамбардзіровак (П.Панчанка). Каб хлеб, як сонца, палымеў У кожным нашым доме, Каб сэрца грэў і ў жылах пеў Вясёлым летнім громам — Пад ветру сіні перасвіст, Шум вербалозаў ніцых Кляновы ліст, асенні ліст Збіраюць маладзіцы (М.Танк). Мы прачнуліся ад несціханага глухога грому (І.Навуменка). Недзе далёка-далёка грымеў першы нясмелы гром (А.Асіпенка). І радасны гром ударыў, Зямельку ад сну абудзіў (“Маладосць”). Ён [сланечнік], як і я, без зямлі жыць не можа, Любіць вясёлы раскацісты гром... (М.Танк). Спякота, Лівень. Сіні гром. Раскрыла лета ўсе вароты, І хоча кожны жаўтароты Дастаць да гэтых дзіў крылом (А.Пысін). Пад страху падстаўляю вядро, Грукну, грымну ў самае дзенца. Забурчыць сінялобы гром, Бліскавіцу скіне ў вядзерца (Н.Тулупава). Будуць і маланкі, калі зноў сталёвы Чуецца ў песнях навальніцы гром (М.Танк). Сёстры-хмары! З ціхім громам, з радасным дажджом Вы прайдзіце... (К.Кірэенка). І ў адказ на гром той, яркі і вясёлы, Віхрам закружыўся збуджаны пасёлак (М.Танк). А гром аблачынна-калматы — Марудна сплывае за лес (В.Зуёнак). Далёкі глухі гром раз-пораз чуўся мацней, бліжэй і магутней (Я.Колас). Песня расцвіла, заўладарыла, Чуецца ў ёй сум і гнеўны гром (П.Панчанка). Пыхлівы, гразлівы і строгі Гайдаўся пад хмаркі гром (К.Кірэенка). Варочаўся пад самым сонцам гультаявата-грозны гром (А.Вялюгін). Кульгавы гром Спускаецца апоўначы Дасюль са стром (Р.Барадулін). Можа песня, што ласкі чакае даўно, Аджыве і ад позняга грому (К.Кірэенка). Недзе за даляглядам красала маланкі сухога грому (У.Паўлаў). Цёмны гром прагрукоча над шэраю пусткай аблог (М.Стральцоў). Арлянят падлічвае арліца. І песціць тых, што жывы пад крылом, І кліча тых з тужліваю надзеяй, Каго разбіў аб скалы цяжкі гром (К.Кірэенка).

II. Моцны гул, грукат: бясконца старажытны, гарматны, журботны, затоены, касмічны, магутны, малады, некрыклівы, нязвыклы, прыглушаны, ракетны, раскацісты, рэактыўны, салаўіны, смяротны, старажытны, сцюдзёны, трывожна-дзіўны, трывожны, чырвоны, ярасны.

Я пачуў якісь нязвыклы Трывожна-дзіўны гром званкоў. Якісь бясконца старажытны, Ён завалодаў зразу мной (Н.Гілевіч). Я ў сорак першым развітаўся Пад ярасны гарматны гром (А.Зарыцкі). Я люблю гэты помнік просты Пад высокім зялёным шатром... І нібы не было тое ростані Пад аркестра журботны гром (П.Панчанка). Жыццё пачну... З першым громам Раўчука, Маладым, сцюдзёным (Р.Барадулін). І некрыклівы гром, і стрыманая радасць ціхай паводкі гукаў, і песня скрыпак, што захоплена ішла па гэтым громе і сардэчным рокаце..., — усё здавалася незямным, незвычайным (Я.Брыль). Артылерыйская кананада даходзіла сюды прыглушаным громам (К.Чорны). Гром ракетны, наш магутны гром Для ворагаў не скончыцца дабром (П.Панчанка). Мне сніўся ў зімовы той памятны вечар Рагоў паляўнічых раскацісты гром (М.Танк). У кроны яблынь, вінаграда Пад шум далёкага каскада Ударыў салаўіны гром (М.Танк). Пад якім лазняком, ядлоўцам Навальніцы [вайны] мінулай Смяротны затоены гром (М.Танк). Хутчэй давайце, скрыпачы, Чырвоны гром сваім цымбалам (М.Танк).

* Гром-чарадзей.

Клубястыя хмары паціснулі далей, Зганяе іх гром-чарадзей (Я.Колас).

Паведаміць пра недакладнасьць