ДЗЕНЬ (дні). 1. Пра колер неба, празрыстасць паветра; пра стан надвор’я; пра даўжыню (працягласць) дня: барвовы, белы, беласнежны (паэт.), блакітны, бліскучы, залаты (паэт.), зіхатлівы, зялёны (аўт.), іскрысты, прамяністы, раздольна-сонечны (аўт.), румяны, светлы, святлісты (аўт.), сонечна-снежны, сонечны, срэбны, чысты, яскравы, яснавокі (паэт.), ясны (нар.-паэт.)  пахмурны, хмарны, хмурны, шэры; вельмі цёплы, ветраны, гарачы, пагодлівы, пагодны, пагожы (разм.), сухі, цёплы, ціхі  дажджавы, дажджлівы, душны, марозны, непагодны, нягожы (разм.), пахмурны, размыты (аўт.), спякотлівы (разм.), спякотны, халодны; бясконца доўгі, бясконцы, доўгі, імклівы, павольны, хуткацечны, цягучы.

Я чакаў асенніх дзён барвовых, Калі будуць ападаць лісты... (М.Танк). Хай белы дзень адзене снегам чыстым Зямлю маю (А.Звонак). Я ўспомніў, як беласнежным днём... У поўны рост стаяў ён [Мікалай Стрыбук] у санях (Н.Гілевіч). Прыгожы хмарны дзень па-свойму, Ды ў дзень блакітны весялей (П.Броўка). Гарачым і бліскучым летнім днём Апейка з маткаю завёз яго [хлопца] на станцыю (І.Мележ). І залаты вясновы дзень настаў (Я.Брыль). Была пара зіхатлівых сонечных дзён, высокага неба і да слёз іскрыстага снегу ў палях (А.Жук). Прамінула многае мноства белых, зялёных, сонечных, шэрых і чорных дзён (Я.Брыль). Дзень сонечны, іскрысты душу маю хвалюе (“Маладосць”). Не знаў жа ён [Арцём], што набяжыць такое ліха, Чорны час, Што прамяністы дзень пагас, Што знікла з поля цішыня, — З захаду ўдарыла вайна (П.Броўка). Змярцвелы лес будзе стаяць пад суровым небам, успамінаць раздольна-сонечныя вясновыя дзянькі (Л.Дайнека). У аправе кос іскраных Дзень выходзіць з-за зямлі, Яснавокі і румяны (Я.Колас). А, памяць, ты ж усё хаваеш... Хаваеш светлых дзён не многа... (П.Броўка). І на світальны змрок святлісты пырсне дзень, І сонцу лісце дрэў зашэпча штось спрасоння... (А.Звонак). У сонечна-снежныя дні Стэфка выводзіла дзяцей на дзядзінец (З.Бядуля). Унучак просіць, каб дзядуля дазволіў разуцца (сонечны, вельмі цёплы чэрвеньскі дзень), пабегаць басанож... (Ф.Янкоўскі). І ад срэбнага дня і ад яе [Ірынінай] халоднасці ў душы нараджаўся нейкі... адчай (У.Караткевіч). Весела спявалі жаўранкі ў вышыні, славячы чысты сонечны дзень (Т.Хадкевіч). Над намі сёння дзень устаў яскравы, Вось лог, на ім квітнеюць буйна травы (К.Буйло). Уцякай жа за пагодай, Донька маладая, Покі дзень засвеціць ясны, Покі сіл хапае! (Я.Купала). Пахмурны дзень імжыў, імжыў І пералескі затуманіў (С.Грахоўскі). Дзядзька кленчыць у санях-развалах і нудна, як гэты хмарны дзень, маўчыць (Я.Брыль). Дзень непагодны, ветраны, шэры, Невадам з стрэхаў рыбацкіх Спусціўшыся, мокне... (М.Танк). Як люстра, возера лягло ў гарачы ясны дзень (А.Бачыла). Пагодлівых дзён і начэй было больш, чым дажджлівых і хмарных (Я.Брыль). Відаць, самотна ў дзень пагожы Сасонкам на касе крутой (А.Пысін). А нядзеля цэлая, ад раніцы да вечара, сухі, доўгі і нудны дзень... (І.Пташнікаў). Асабліва прыгожай бывае палеская пушча ў ціхія марозныя дні (У.Краўчанка). Відаць, аб многім думае араты У гэты дзень, размыты, дажджавы (А.Пысін). Ліпнёвым днём, спякотлівым і душным, Прыладзіўшы за плечы хатулёк, Ішла бабуля (Н.Гілевіч). Калі ўлетку статак пас, Днём нягожым, хмурым, Ты [лес] не раз мяне, не раз Прыкрываў ад буры (П.Броўка). Над сонечным мацерыком разліта Духмянасць ніў спякотным летнім днём (А.Куляшоў). Настане дзень халодны, змрочны. Ты ловіш водгукі начы... (Я.Колас). Першым пачуццём, з якім я ўбачыў іх [промні сонца], была тая самая злосць на доўгі, бясконца доўгі летні дзень (Я.Брыль). Бясконцы чэрвеньскі дзень нарэшце канаў (А.Марціновіч). Шпаркім лётам над гэтай краінаю Пралятаюць імклівыя дні (П.Глебка). Пачакай, хуткацечны дзень! Затрымайся хоць на імгненне (В.Жуковіч). Цягучы дзень... схіліўся к вечару (А.Кулакоўскі).

2. Пра адметны (баявы, працоўны і інш.) дзень: агністы, баявы, векапомны, вясняны, добры, залаты (паэт.), незабыўны, радасны, светлы, святлісты (аўт.), сіні, славуты, слаўны, сонечны, урачысты, яскравы, ясны  віхурны, грозны, суровы, цяжкі, ярасны.

Мне не забыцца дзён агністых, Ні страт цяжкіх, ні горкіх ран (П.Броўка). Але сэрцы салдацкія, Сэрцы ўсё тыя ж! Помнім Грозныя, Цяжкія Дні баявыя (К.Кірэенка). У гэты дзень векапомны Болей песняў і руж бы! (М.Танк). Але незабыўны вясняны Балгарыі сённяшні дзень... (М.Танк). Устань, свабодны мой народзе, Ідзе твой ясны, добры дзень! (К.Буйло). Дзён залатых, раскіданых па свеце Не шкода мне... (А.Куляшоў). У сонечны, радасны дзень Першамая, пасля парада на лясной паляне, казакі... прайшлі ўрачыстым маршам па многіх вёсках ваколіцы (Я.Брыль). Не забывайце сцежкі даўнія, Што мсціўцы вытапталі ў лесе, Калі праз ночы легендарныя Вам светлы дзень насустрач неслі (Н.Гілевіч). Расія! Вечна ззяе над табою Святлістых дзён праменная пара (А.Звонак). Народ мой, дзякуй, што нідзе Мяне балюча не ўпікнулі За твой далёкі век мінулы, За сённяшні твой сіні дзень (Г.Бураўкін). Вечны агонь — Славутыя дні, Бачу герояў У вечным агні (П.Броўка). У гэты слаўны дзень ад рана На рэвалюцыі паверцы Суладны сэрцы ветэранаў І маладыя нашы сэрцы (У.Паўлаў). Мне ў сэрца песня звоніць, Што ідзе мой дзень яскравы (К.Буйло). Паходы грозных дзён... Іх слава ў песнях шчасця і вясны (А.Александровіч). Адгрымелі суровыя дні, І завеі даўно адшумелі (А.Звонак). На плошчах, на плошчах, на плошчах паслухай — Глыбінна чуцён суровы, разложысты пошчак Віхурных і ярасных дзён (В.Ракаў).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (дня): асабліва прыгожы, бесклапотны, бестурботны, блаславёны, ветлы, высокі, вясёлы, гаманлівы (разм.), гасцінны, горды, дзівосны, дзіўны, духмяны, жудасна шчаслівы (аўт.), залаты (паэт.), звонкі, каларытны, клапатлівы, ласкавы, любы, малады, медназвонны (аўт.), мяккі, незабыўны, немяцежны (разм.), непаўторны, новы, падцягнуты, паэтычны, працавіты, прыветны, прыгожы, прыўдалы, радасна насцярожаны (аўт.), радасны, расквечаны, руплівы, рупны, светлы, святы, спелы, хлебадайны (паэт.), ціхазвонны (аўт.), чароўны, шчаслівы, шчыры, шырокі  аднастайны, ашалелы ад болю, беспрасветны, будны (разм.), бязладны, гаротны, глухі (аўт.), горкі, жахлівы, журботны, засмучоны, змрочны, казённа-шэры (аўт.). кіслы, лянівы, марна пражыты, марудны, мітуслівы, напружаны, невыносны, нудны, нялёгкі, нясцерпна галодны (аўт.), няўдалы, пакутны, пануры, панылы, пахілы (аўт.), перажыты, плакучы (уст.), пусты, пякельны, разжалены, самотны, спусцелы, страшнаваты, страшны, сумны, трывожны, тужлівы, узрушана трывожны (аўт.), узрушаны, хмурны, хмуры (разм.), цяжкі, чорны, шумлівы, шэры.

Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца, калі даўно скошана жніво (М.Лынькоў). Эх вы, бесклапотныя дні дзяцінства, што адляцелі так рана (І.Мележ). Мы дзень сустракалі прыгожы і ветлы, На бераг затокі мы з песняй ішлі (А.Звонак). Выносіць сонца дзянёк новы Скрозь гэты лес стары, хваёвы, Дзянёк кароткі, чуць заметны, Але вясёлы і прыветны (Я.Колас). Дзень гасцінны, мітуслівы, Гаманлівы, каларытны. Доўга я блукаў шчаслівы Сярод вуліц старажытных (М.Танк). І вось тая субота — сонечны, страшнаваты і горды дзень яго [Алесевага] жыцця!.. (Я.Брыль). Падарыць табе рэчку з жоўтым дном, Мурожным берагам... Ліпнёвым сонечным духмяным днём? (Д.Бічэль-Загнетава). Якія жудасна шчаслівыя гады і дні нашай любві і дружбы, і як жа часта мы марнуем іх на пустое!.. (Я.Брыль). Прайшлі незваротна дзянькі залатыя, Адспеваны песні вясны маладыя (Я.Колас). Патрымаўся глыбокі ранні снег толькі да Новага года, потым задажджыла, быццам на поўдні — то мокры снег, то дождж, і як рэдкае шчасце — снежныя, чыстыя і звонкія марозныя дні (А.Жук). Хутка прачнецца клапатлівы дзень (П.Глебка). Радуюць сэрца Збожжа і травы, Дзень мой праменны, Дзень мой ласкавы (П.Броўка). Ой, прайшлі дзянькі любыя, немяцежныя, святыя, Іх няма, няма! (Я.Колас). І ўсё ўстала прад вачыма Беднае кабеты: Маладыя дні дзяцінства, Дзявочыя леты (Я.Колас). Не жалобу і не смутак люты Ты прыносіш, медназвонны дзень (С.Гаўрусёў). Неспадзяваны мароз, раптоўна наваліўшыся на Палессе пасля некалькіх ціхіх і мяккіх дзён на сходзе зімы, пратрымаўся нядоўга (Я.Колас). А Данік, дык ён узлез з каленьмі на падаконнік і — як у той незабыўны дзень, калі на тратуары перад школай галасіла цётка, — узяўся рукой за раму фортачкі (Я.Брыль). Колькі дзён непаўторных і зорных начэй!.. (М.Танк). У спевах гудкоў, перазвоне трамваяў Я чую, як дзень працавіты вітаеш, Рэспубліка маладая! (А.Звонак). Пасля трэцяга ўрока ўся школа пайшла на высокі бераг пацешыцца з прыгожага яснага дня (К.Чорны). І вось у дзень адзін прыўдалы загаманілі перавалы (Я.Колас). У адзін з тых радасна насцярожаных і нясцерпна галодных красавіцкіх дзён на Руневіча цэлым сонцам упала першае пісьмо з дому (Я.Брыль). А на ўсходзе чырвань грае, Цень радзее, нікне мрок, І зямельку ўжо вітае Новы радасны дзянёк (Я.Колас). Плаваюць песні звонам-разлівам, Песні расквечаных дзён (Я.Колас). Мяняе працоўныя змены, — Руплівы наш дзень (А.Пысін). Радзіўся новы рупны дзень — Ад рос, ад сонца яркі (П.Панчанка). Не, не так меркаваў Сустракаць я цябе, маё свята... Мой светлы і радасны дзень (П.Панчанка). З трывогай з дарогі бяжыць цішыня Ад гулкага постуку спелага дня (А.Александровіч). Ціхазвонныя ды ласкавыя дні плешчуць раніцай з бярозавых крыніц (А.Дудар). Напэўна, тысячу год: На захадзе — дзень хлебадайны, На ўсходзе — песні ўмалот (В.Зуёнак). Я вітаю чароўныя дні, Я вітаю сваё абуджэнне (А.Звонак). Ці помніш жніў, касьбы дзень шчыры, Начлег, агонь сярод кустоў; Палёты з выраю ў вырай Буслоў, гусей і журавоў? (Я.Купала). [Тварыцкі] чуў увесь гэты сонечны і шырокі дзень (К.Чорны). Ішлі дзень за днём аднастайныя, здавалася, незвычайна доўгія і пустыя (І.Мележ). Гэта было ў той суровы Памятны год над Віллёю Днём ад пажараў барвовым І ашалелым ад болю (М.Танк). Каб не было даляглядаў хмарных Дзён беспрасветных, пражытых марна (М.Танк). Без цябе ўсе мае дні — Глухія і будныя (М.Танк). Тлуму шмат было, мала плёну, дзень бязладны мой аддыміў (В.Жуковіч). Песню адну прыгадаў я, З дзён перажытых, гаротных (М.Танк). Помню змалку Горкіх дзён нямала... (П.Броўка). Ёй [Рэнаце] нават здавалася, што жахлівага мінулага дня і яшчэ больш жахлівай ночы ўвогуле не было (А.Савіцкі). Над скрухаю ўсходзіць яго светласць — жывы, журботны, клапатлівы дзень (Н.Тулупава). І дзень тужлівы, засмучоны Аздобіць сонцаў агняпіс (Я.Колас). І [нямецкі] батальён тым асеннім змрочным днём быў пасланы, як чарговая экспедыцыя рабаўнікоў (Ф.Янкоўскі). Звычайны дзень, казённа-шэры, падцягнуты і посны, ён разнасцежыў зарана дзверы ў гімназічны пансіён (А.Вялюгін). Цішыня. Глушыня. Кіслы дзень. Цяжка, чорна на сэрцы ў Міная (А.Бялевіч). І над Кісцянямі пацягнуліся лянівыя і пагодныя дні (У.Караткевіч). І бясконца доўга цягнецца марудны, белы, спрэс аднолькавы дзень (Я.Скрыган). Добра, што гэты дзень канчаецца — Гэты цяжкі, невыносны дзень (А.Вярцінскі). Дні цягнуліся за днямі, шэрыя, нудныя, халодныя (М.Лынькоў). Ужо і сонца на заходзе, Упаў на травы доўгі цень, І непрыкметна адыходзіць Яшчэ адзін нялёгкі дзень (С.Грахоўскі). Дзень мінае няўдалы... (А.Куляшоў). Дні цягнуліся адзін за адным, нудныя... пакутныя (М.Лынькоў). Ішоў зранку дзень пануры, Ахінуўшыся ў імглу (Я.Колас). Марудна цягнуўся панылы, змрочны дзень (А.Асіпенка). Дзе вы, думкі мае чыстыя, Майго сэрца дзеткі мілыя? Як жылося лёгка з вамі мне У дні шэрыя, пахілыя! (Я.Колас). Які дзень быў тады, вясновы, ясны, што абяцае шчасце, ці восеньскі, плакучы? (Т.Хадкевіч). Пасля двух пякельных баявых дзён рота лейтэнанта Клямта была адведзена з пярэдняга краю (І.Мележ). Вопратку з дрэваў віхур ужо скінуў, подзьмухам гнуткім, як быццам смыком, ударыў па струнах бязлістых галінаў восені сумным разжаленым днём (Л.Геніюш). Бы словы разор, Дні спусцелыя... (У.Някляеў). Хай скруха самотных дзён Нікому не будзе вядома (Р.Барадулін). Аж вось прайшло маруды колькі Трывожных дзён, а ўсё няма Ні Веранікі, ні пісьма (М.Багдановіч). Цяпер былі тыя ўзварушана трывожныя дні, якіх ён [Алесь] так доўга чакаў, да якіх рыхтаваўся з зімы (Я.Брыль). Восень слала дзень свой хмурны Па падатак у лясы (Я.Колас). Хмуры асенні дзень саступаў месца шумнаму гарадскому вечару (Я.Колас). Прамінула многае мноства... чорных дзён (Я.Брыль).

* Дзень-санцавей, дзень-скакун.

Ой, не яснага сокала крылле, — Праімчаліся дні-санцавеі (П.Трус). Дні гарачыя, дні-скакуны! Я джыгіт ваш, імчуся ў страмёнах (А.Звонак).

Паведаміць пра недакладнасьць