ДЗЯЎЧЫНА (дзеўчына, дзевачка, дзяўчо). Вясёлая, гарэзлівая, жвавая, залатая, зграбная, лёгкая ў танцы, маладая, маленькая, мілая, ненаглядная, простая, прыгожая, пяшчотная, разумная, сарамлівая, сінявокая, сталая, сур’ёзная, тоненькая, ушчэнт шчаслівая (аўт.), харошая, худзенькая, чарнявая, шустрая, шчаслівая  грозная, легкадумная, няшчасная, пакутная, самотная, сумная, тужлівая, устрывожаная, усчырванелая, хударлявая, худая.

Умеру вясёлая і сур'ёзная, лёгкая ў танцы, простая, мілая [дзяўчына] у скромнай стракаценькай сукенцы, — такой я сёння бачу Машу тых дзён (Я.Брыль). Гарэзлівыя грозныя дзяўчынкі, Яшчэ не цалаваныя нікім, Ляцелі ў пекла і без адпачынку Бамбілі і ўзнімаліся над ім (С.Грахоўскі). Мама апранула сваю залатую дзяўчынку, трапяткімі ад радасці пальцамі зашпіліла ўсе гузікі шубкі... (Я.Брыль). Не нацешацца дзяўчынкай Дзеткі маладою (Я.Колас). І ніяк не праходзіць туга Па маленькай чарнявай дзяўчыне (П.Панчанка). І наш Машэка, у жальбе Па ненаглядненькай дзяўчыне, Паплыў з плытамі ў край чужы (Я.Купала). О, шмат прыгожанькіх дзяўчатаў Старонцы нашай бог прыдбаў! (Я.Купала). Вось яна, сінявокая дзяўчына, што стаіць тут у лесе і з прыадкрытым ротам слухае музыку (М.Лынькоў). У яе, у гэтай пяшчотнай, худзенькай дзяўчыны, на ўсё, здаецца быў адказ! (І.Мележ). Быццам сарамлівая дзяўчына Аж гарыць ад чырвані рабіна (П.Броўка). І на падворку хлапчукоўскі смех Хвалюе дзяўчанятак сарамлівых (Е.Лось). Ушчэнт шчаслівая дзяўчына На вулку выбегла з варот (Н.Гілевіч). А пад нагамі тоненькай дзяўчынкі, Нібыта глобус, круціцца зямля (С.Грахоўскі). І Сцяпан успомніў Кацю, жвавую тоненькую дзяўчынку са светлымі косамі (М.Стральцоў). Але дзяўчына, якая завіхалася там, устрывожаная, усчырванелая, не гледзячы на яго, сарамліва махала рукамі (М.Лынькоў). У святочныя дні там [у лесе] шумліва блытаюцца песні птушак з песнямі шустрых дзяўчат (М.Зарэцкі). Трэба было б назаўсёды, на ўсё жыццё падзяліцца шчасцем з гэтай харошай, яшчэ ўсё самотнай дзяўчынай (Я.Брыль). Няхай не кажа часам майстра, Што — легкадумнае дзяўчо (А.Пысін). Я бачыў дзяўчыну няшчасну адну... (Я.Купала). Апусціліся вейкі У пакутнай дзяўчыны, Быццам сумныя хвоі Па-над возерам сінім (П.Броўка). А я ўсё глядзеў на хударлявае дзяўчо (У.Караткевіч). Жаніўся Мартын, узяў сінявокую грабараву Еву, сталую, зграбную дзяўчыну і разумную (Я.Колас). Худая дзяўчынка. А зубы, як пена. Ад холаду рукі і губы дрыжаць (З.Бядуля).

* Дзевачка-галубачка, дзевачка-нябожа, дзеўчына-краса, дзяўчына-басаножка, дзяўчына-казка, дзяўчына-красуня, дзяўчынка-галубка, дзяўчынка-нежурынка, дзяўчынка-нябожа, дзяўчынка-сонца, ненаглядачка-дзяўчынка, працаўніца-дзяўчынка, сонейка-дзевачка.

Тругі, тругі, трубачкі! Грайце ў добры час! Дзевачкі-галубачкі, Люблю, люблю вас! (Я.Купала). Дзевачка-нябожа Уздыхае, плача Па сваім прыгожым Па жыцці бядачым (Я.Купала). Спадабаў той хлопец дзеўчыну-красу, гаварылі разам ціха пра вясну (Л.Геніюш). Між столікаў — дарожкі, Дзяўчаты-басаножкі Кветкамі гандлююць — Ружы, астры, ландыш (А.Александровіч). Калі толькі пала раса на лугавыя травы, схапіў вораг дзяўчыну-казку (Т.Хадкевіч). Расла яшчэ за князем на ўзбярэжжы Дзвіны-ракі дзяўчына-красуня (С.Грахоўскі). Будзь шчасліва, дзяўчынка-галубка!.. (Я.Купала). Ці не яна [маладосць], звонкая, заводзіць песню пра дзяўчынку-нежурынку? (М.Лужанін). Прыстройся дзяўчынка-нябожа, Так, як у дзянёчак святы, Галоўку ўчашы ты прыгожа, — Сягоння прыедуць сваты (Я.Купала). І кроў маладая Ў жылах закіпіць, І дзяўчынку-сонца Хацеў бы туліць (Я.Купала). На млын грэбляй ручаінку Здзержу, перайму; Ненаглядачку-дзяўчынку За жонку вазьму (Я.Купала). Дзе ты, мая працаўніца-дзяўчынка, Што ж не ўзяла ты мяне на зажынкі? (А.Пысін). Вочы неўспадзевачкі Усё туды бягуць, Дзе сонейкі-дзевачкі, Любачкі жывуць (Я.Купала).

Паведаміць пра недакладнасьць