ДОЛЯ. Стыхійны, незалежны ад волі чалавека ход падзей; лёс.

1. Пра шчаслівую, вялікую, удачную (долю): вялікая, гаючая, добрая, лёгкая, льняная (аўт.), маладая, неблагая, новая, нястомная, песенная, прыгожая, сакаліная, светлая, слаўная, харошая, шчаслівая, шчасная, яркая, ясная.

Старасвецкі ён [дудар] музыка, Важна толк вядзе ў дудзе, Важна доляю вялікай І свабодаю гудзе (Я.Купала). Дай мне [Прыпяць] долю сваю гаючую, Дай блакітную чысціню (В.Вярба). Гэта ёй, маладой, Зычаць шчасця сябры, Зычаць долі прыгожай і лёгкай (Н.Гілевіч). З пагоста, з бітага гасцінца Тут не мыляліся з вякоў Льняная доля пехацінца І песня шчодрых землякоў (Я.Янішчыц). Астаўся стол адзін на месце, Каб у апошні раз накрыцца І даць мужчынам прыпыніцца, На час кароценькі прысесці І выпіць чарачку, другую За жыцце, долю маладую (Я.Колас). А я вот павіншую: Мець спор вам з любасці сваёй, Мець долю неблагую (Я.Купала). Засявайце нівы зернем новай долі! (Н.Гілевіч). Благаслаўляю нястомную долю: Найчалавечнаму свету служыць (Я.Янішчыц). Калі спяваць прытоміцца душа, Не бойся скрухі, песенная доля (Я.Янішчыц). А лятаў ён, бо шукаў сакалінай долі (У.Някляеў). Прывітайма ж мы нашу долечку, Долю светлую, долю слаўную... (ЛіМ). А у небе, сінім полі, Без сляда, за край зямлі, Як бы думкі светлай долі, Хмаркі белыя плылі (Я.Колас). Шчаслівую доленьку, як у снох, вытку ніткай тоненькай на краснох (Л.Геніюш). Весела, прывольна жыць пад небам вольным... Сярод долі шчаснай (М.Танк). Друг, калі ты ў вёсцы будзеш, Пакланіся ўсім руплівым Той зямлі гаспадарам, Што заўжды жадалі нам Долі яснай і шчаслівай (К.Кірэенка).

2. Пра нешчаслівую, цяжкую долю: беззямельная, бяздольная, горкая (нар.-паэт.), жабрацкая, жабрачая, жабрачыная (разм.), зласлівая, золкая, зрэбная (аўт.), лапцюжная (разм..), ліхая, нешчаслівая, няздзейсненая, нясытая, няшчасная, пакутлівая, пакутная, пахілая, праклятая, пустасейная (аўт.), сабачая, сівая (аўт.), сіроцкая, сірочая, скрыўджаная, сумная, цёмная, цяжкая, чорная.

І клянеш напэўнае Гора неразвейнае, Долю пустасейную, Долю беззямельную (Я.Купала). Згінула доля бяздольная, Сонца над хатай і ў хаце (Я.Купала). Хлопчык выбег на пашу свіным пастушком — чарнаногім, у латаным зрэб’і, з кіёчкам. І разам з ім на пашу выбегла горкая доля (Я.Брыль). Глядзеў хлеў гэты старычынай, Пахілай доляй жабрачынай (Я.Колас). Як Беларусь, відаць, ніколі Ніводзін край, ніводзін кут Не знаў такой зласлівай долі... (А.Александровіч). Зярнятка радасці маёй, Карэньчык сонца ў золкай долі! (Н.Мацяш). Ніткаю срэбнай на утку долю зрэбную разатку (Л.Геніюш). Каб гэткі прайсці шлях жыццёвы бясконцы: Ад долі лапцюжнай да яснага сонца, — ...Мець трэба было ў грудзях сілы без меры... (М.Танк). [Максім Багдановіч] чакаў шчаслівага вяртання, Як лета кветак і святла. Чакаў... Ды збыцца спадзяванням Ліхая доля не дала (А.Бачыла). Нешчасліва наша доля: Нам нічога не дала. Не шукайце кветак ў полі, Бо вясна к нам не прыйшла (Я.Колас). І на пясках дрымотных поля, Разняўшы прывіды свае, Мая няздзейсненая доля Такою, брат мой, паўстае (П.Глебка). Не забывалася ў долі нясытай — Роднае слова (М.Лужанін). Няшчасная доля — памерці У смутку-тузе аднаму (Н.Гілевіч). Над жаночай пакутлівай доляй Чыстым імем, як струнны гук, Плачуць гнуткія вербы ў полі... (В.Вярба). Эх, праклятая доля мая, Ненавісная служба-прыгон! (Я.Купала). Такая ўжо служба паліцэйская, сабачая доля (М.Лынькоў). Долі сівой не тоячы, Дуб памірае стоячы (Д.Бічэль-Загнетава). Перад яго [Максімавымі] вачыма ажывалі ў новай красе далёкія вобразы, якія заставаліся да канца неспазнанымі на той зямлі, дзе ляжала яго маці, дзе лёс рана прымусіў спазнаць сіроцкую долю (А.Бачыла). Доля горкая, сіроча, Як і тая даль, маўчыць (Я.Колас). Гэта плача вінавата наша скрыўджаная доля (П.Глебка). Думу думаю, Каб шчаслівых больш нараджалася, Каб апошняю доляй сумнаю Доля ўласная заставалася (Е.Лось). Чаму ж, доля, ты цяжкая, Тут мне шчасця не даеш? (Я.Купала). Не спадзейся, сын і матка, Ад жыцця патолі... Ні канца, ані пачатку Вашай чорнай долі (Я.Купала).

* Доля-весялуха, доля-воля, доля-нядоля, доля-радасць, мачыха-доля, песня-доля.

Цяжка сірацінцы Адзінокай жыць; Доля-весялуха Знікуль не бяжыць (Я.Купала). Роднай бацькаўшчыны долю, Як у люстры, бачыш так. Долю-волю ў бязволлі, Што сышла, ідзе наўзнак (Я.Купала). Нарадзіўся на долю-нядолю Чалавек на багатым свеце (Я.Купала). Толькі вам [сябрам] няма Долі-радасці (Я.Колас). Спі, мой Сымонка, дзіцятка маё... Лёгка ж табе было век гараваць, з мачыхай-доляй змагацца? (Я.Купала). Як ты дорага мне, мая родная мова — Песні-долі маёй векавая аснова (Н.Гілевіч).

Паведаміць пра недакладнасьць