ДУША. Рысы характару, унутраны, псіхічны свет чалавека; чалавек з пэўнымі (тымі ці іншымі) уласцівасцямі.

1. Пра станоўчыя ўласцівасці душы: адданая, адкрытая, асветленая, багатая, бескарыслівая, блізкая, бяздонная, высакародная, высокая, галубіная, глыбінная, глыбокая, далёкая, дарагая, дзівосная, добрая, жывая, залатая, здаровая, іскрыстая, крылатая, крыштальная, лагодная, ласкавая, маладая, мудрая, мяккая, незласлівая, непадкупная, неўміруючая, нявінная, нязломная, простая, прыгожая, пяшчотная, разумная, родная, самаадданая, светлая, слаўная, спагадлівая, спагадная, сумленная, сціплая, цёплая, чулая, чуткая, чыстая, шчодрая, юная.

І хачу, каб з любоўю да краю Паўтарыў ён [сын] маю маладосць, Каб душу меў адданую, чулую (К.Кірэенка). Слязіна радасці пры шчасці, Нібы крышталь ці біруза, Яна вачэй зусім не засціць, Душы асветленай сляза (П.Броўка). І гэтая душа, багатая і слаўная, іншы раз хаваецца пад самым сціплым абліччам (У.Карпаў). Бліжэй за ўсіх у гэтую пару яму стаў Іваноў з яго бескарыслівай самаадданай душой (В.Быкаў). Ні далёкай, ні блізкай душы, — Так бывала з табой? (А.Пысін). З высокіх душ гартуецца планета, Каб душагубам месца не было! (Я.Янішчыц). Прагна я ўглядаюся ў калодзеж, Быццам бы ў бяздонную душу (Я.Янішчыц). Адслужыце па ёй паніхіду — Галубінай душы памін, Морам сонечнага краявіду, Прыдарожнай журбой галін (В.Вярба). Адно я знаю, што пустога слова Не выцерпіць глыбінная душа (Я.Янішчыц). У Боркі ёсць слаўная маці, якая абавязкова навучыць яго іграць... За жыццё шмат усякіх мелодый сабралася ў яе глыбокай душы (К.Кірэенка). І глядзіш маўкліва На дарожку тую, Што нясе ўдалечу Душу дарагую (Я.Колас). Ці прыме яе [Джуліі]... добрая, сумленная дзявочая душа яго суровую праўду (В.Быкаў). Край праўды выгляне з-пад плесні І ўскалыхне душой жывой (Я.Купала). Забраць цябе цалкам, як ёсць ты, такую: гарачае сэрца, душу залатую... (А.Астрэйка). Цяпер мне хочацца, зноў набіраючы сілы, шчыльней дакрануцца да гэтай простай, здаровай душы (Я.Брыль). Стала неяк холадна, сумна, дзіўна ад думкі, што жывога чалавека, з яго глыбокай іскрыстай душой... замкнулі ў камень і метал шматлікіх помнікаў (Я.Брыль). Ляціце, крылатыя душы, Спявайце, крылатыя душы! (П.Панчанка). ...Рыму называлі... героем, патрыёткай, крыштальнай душы дзяўчынай (А.Васілевіч). Жывога розуму дзяўчына І шчодрай, ласкавай душы (Н.Гілевіч). Надакучліва, сумна, з надрывам плача нябачная кнігаўка... Гэты плач... змушае прызнаць яго нечым зусім неразлучным з расой, і травой, і паўцемрай, і смуткам, які агарнуў маладую душу... (Я.Брыль). Ты пішаш мне спакойныя запіскі Збалелым цельцам мудрае душы (Я.Янішчыц). Што ж за дзіва, што нашай душой неўміручаю стала [мова]? (Н.Гілевіч). Савельеў глядзіць на мяне з фотаздымка, і ў вачах яго тая самая простая і сціплая, разумная душа (Я.Брыль). Толькі на гэтай зямлі мог нарадзіцца [Купала] чалавек з прыгожай душой (У.Караткевіч). Пялёсткі кволыя сціскаюцца У кулачкі вільготныя. Цюльпаны ўноч абараняюцца, Душу хаваючы пяшчотную (В.Вярба). Плача [каласок], што дарэмна Тут расце ў глушы, Што нідзе не згледзіш Роднае душы (Я.Колас). Аж скаланецца раптам сэрца, Ліхой збаяўшыся мяжы, І так захочацца пагрэцца Ля ўласнай цёплае душы (М.Стральцоў). На Сымонку даўно ў хаце Усе махнулі ўжо рукой, Не радзіцца б лепш дзіцяці З такой чуткаю душой (Я.Колас). Мне насустрач здалечы Лесам песня ішла. Вечаровай часінай зазвінела ў глушы Нерастрачанай сілай Чыстай юнай душы. (Н.Гілевіч).

2. Пра адмоўныя ўласцівасці душы: азмрачнелая, акамянелая, апусцелая, аслеплая, васковая, гнілая, дваістая, дзікая, дробязлівая (аўт.), дробязная, жабрачая, заскарузлая, застылая, змучаная, камарыная, каменная, крывая, маркотная, мёртвая, ненатоленая, нізкая, параненая, прыспаная, разбойная, сасмяглая, скалечаная, смутная, спусцелая, ссамотненая, счарсцвелая, халодная, хамская, хворая, цёмная, чорная.

У белы свет адкрыты дзверы Для азмрачнелае душы (М.Стральцоў). Прыгадала мне чырвоная асіна Здрадніцу з душой акамянелай (А.Бялевіч). Я на душы васковай маю Жыцця мінулага пячаць... (М.Багдановіч). Я не чакала, што ў цябе такая гнілая душа (У.Дамашэвіч). Я рагачу з Герасіма, пазнаючы ў ім адразу ўсю душу — дваістую, хворую (Я.Скрыган). І ў сіняй нябеснай купелі Душу дзікую ён ахрысціў (М.Багдановіч). Душа твая [Сяргеева] дробязлівая (М.Лынькоў). [Русаковіч:] Вашу заскарузлую душу не кратаюць ніякія довады (К.Крапіва). Вершы пачалі размякчаць Вользіну застылую душу (І.Шамякін). І звёў [лёс]... “Прыслухаўся”, нарэшце, Да крыку змучанай душы (Н.Гілевіч). І раптам пасуравеў Сілівон: “Устань, камарыная душа!” (М.Лынькоў). Грозна нясліся магутныя вашы [зваяваных] клікі, Нават каменныя душы скідалі свой сон (Я.Купала). Скаціўся цяжкі камень гнёту З крывой душы... (Я.Колас). Смутна мне, божа! Куды я ні гляну, Куды ні мчуся з маркотнай душою, Бачу, што шчасця зары не дастану (Я.Купала). Дай хлеб [Максім] душы ненатоленай, Змажы, што маці не змагла (А.Бачыла). Хутка мёртвую душу да жыцця разварушу (А.Александровіч). Ні ласкай, ні мікстураю ніколі Не залячыць параненай душы (С.Грахоўскі). А не трапіць ён [кліч] к душам прыспаным, Вызву гром, перуны — хай памогуць яны (Я.Купала). Баяліся [фашысты] партызан, як агню, і ненавідзелі іх усёю звярынаю злосцю свае разбойніцкай душы (Я.Колас). Маці, як кожная маці, зноў з самага пачатку, пачала рабіць сваю вечную справу: лячыць скалечаную душу сына... (У.Караткевіч). І ты [паэт] душу сасмяглую напоіш Сівой расою з роднага двара (Я.Янішчыц). Гэй, ты, сэрцайка, Не тужы, замры! Душа смутная, Песень не твары! (Я.Купала). Я хачу зберагчы цябе, Матчына песня, Каб запоўніць табою Спусцелыя душы! (Н.Гілевіч). І дзень павекі разамкне... Што для яго пялёстак кволы Ссамотненай душы? (Н.Мацяш). Душы счарсцвелай, быццам сажа, Ужо нічым не дагадзіць (С.Грахоўскі). Лепш быць сляпым або бязногім, Чым мець халодную душу (С.Грахоўскі). Эге, васпане, ды тут змова. О, хаме, хамская душа! Сышоў, як злодзей, і ні слова... (Я.Колас). Душа ты цёмная. Колькі можна парад не слухаць (У.Караткевіч). З табою, свет мой добры, раюся, Як звесці чорную душу (А.Пысін).

3. Пра тэмперамент, сілу пачуццяў; пра характар перажыванняў чалавека: агністая, акрыленая, гордая, крылатая, маладая, моцная, музычная, натхнёная, непагасная, паэтычная, раскаваная, распетая, свабодалюбівая, сільная, страсная, тонкая, цярплівая, чуллівая, шчаслівая, шчасная, энергічная, яркая  адвеяная (аўт.), адзінокая, адчайная, відушчая, горкая, зацятая, збалелая, змораная, кончаная, ліхая, маўклівая, набалелая, надарваная, непакорная, неспазнаная, неспакойная, неўтаймоўная, неўталонная (аўт.), нешчаслівая, няшчасная, няшчырая, пакутная, спапялелая, стамлёная (разм.), уражлівая, устрывожаная, цяжкая, шчымлівая.

Любіў жыццё, свабоду Я душой сваёй агністай (П.Броўка). І неба тое, што калісь Душу акрыленую стала У зорную гукала высь, Над галавою столлю стала (П.Макаль). Продкі пакланяліся дубу і дзічцы, лічылі, што жывуць у іх гордыя душы палескіх мужчын і пяшчотныя душы мясцовых жанчын, ледзь не самых прыгожых на ўсёй Беларусі (У.Караткевіч). Крылатая душа, дай сонцам набрыняць (Н.Тулупава). А маладая, моцная душа яе [Надзеі] імкнулася да шчасця... (М.Лынькоў). Мець у сэрцы трэба мару і натхнёную душу (А.Астрэйка). Сымонава музычная душа спявала разам з прыродай (А.Чарнышэвіч). Другія заплачуць, збяруцца другія ... У золкія ранні і ў ночы глухія Ім свеціць святло непагаснай душы (С.Грахоўскі). Час змываць бруд зімовы з раскаванай душы (А.Куляшоў). Я буду маліцца і сэрцам і думамі, Распетаю буду маліцца душой, Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй (Я.Купала). Душы сільныя Абяссілелі, Сэрцы добрыя Азвярэліся (Я.Купала). [Мастак да Галі:] — Калі не памыляюся, вы... вельмі ўражлівы, з тонкай душой чалавек (М.Ракітны). Хаціну між белых бяроз Запомнілі людзі навек: У ёй гадаваўся і рос [З.Бядуля] Чуллівай душы чалавек (Н.Гілевіч). З глыбіні душы шчаслівай Нясмела, нетаропка і ўрачыста... слова ўсплывае (Г.Бураўкін). Спяць стрыжы... Не будзіце стрыжоў, Душ абвеяных не разбудзіце (А.Пысін). Адчайныя і кончаныя душы, — сказаў я, — але зноў-такі для бою ў шырокім полі” (У.Караткевіч). Цяпер я кірую паўстаннем Сваёй адзінокай душы (Ю.Свірка). Не магу я адмовіць нікому ў радзіме, Калі ўпоцемку стане відушчай душа (М.Лужанін). І цяжкія, горкія душы жывуць на чужой старане (“Маладосць”). Душа зацятая, ліхая, Такіх паноў і свет не знае (Я.Каолас). Над магілай друга не грашы, Гавары ты шчыра і сурова ад імя збалелае душы (В.Жуковіч). І па кроплі, па маленькай частцы Мне ў душу збалелую ідзе Нехаванае чужое шчасце Толькі што спатканых мной людзей (Г.Бураўкін). Цярнёвым шляхам я ішоў, Пакіну томік грэшных твораў, Сагрэтых зморанай душой (Я.Пушча). Нібы глыбіннае свячэнне, Душы маўклівае агонь (В.Вярба). Каму вас, песні, я нясмелы Тут буду пець, снаваць з душы, З душы няшчаснай, набалелай, Аж, змучан, згіну дзе ў глушы? (Я.Купала). Кветкі асеннія, родныя, бледныя! Выраслі вы, каб ураз жа і згінуць. Можа таму-та душа надарваная Гэтак любоўна вянок з вас сплятае (М.Багдановіч). Я, нафта, прабілася лаваю чорнай З чырвоным агнём У душы непакорнай (П.Макаль). Канспект накідваю лекцыйны пра неспазнаную душу (Е.Лось). ...Хмурылася нізкае неба, поўнячы шчымлівай самотай і без таго неспакойную душу дзяўчыны (В.Быкаў). Душу неўтаймоўную поўняць пачуцці начной цішыні (К.Кірэенка). Выберу сёння якую вандроўку, Каб неўталоннай душы дагадзіць (Я.Янішчыц). Злятаюцца думы ў душу нешчаслівую, І вырвецца песня абліта слязой (Я.Купала). Як душы тваёй пакутнай З-пад магільнай пліты Гоман веча ў гуслях чутны, Чутны звон разбіты (Я.Купала). У спапялелую ад гора душу байца дыхнула замілаванай шчаслівай мінуўшчынай... (В.Быкаў). З вышынь гадоў, з жыццёвага ўзвышэння Цяпер гляджу ў стамлёную душу (А.Пысін). У першыя гады жыцця ўражлівая душа дзіцяці спасцігае найтанчэйшыя фарбы і адценні роднага слова (В.Вітка). Устрывожаная душа [Васіля] адгукнулася на гэтыя родныя праявы (І.Мележ). Душы не патрывож Адчайнай і шчымлівай (Я.Янішчыц).

* Душа-камень.

Дык чаму ж напятаю струною Не рыдае сэрца, а пяе? Я яго аб гора разбівала, Аб чужыя душы-камяні (Я.Янішчыц).

Паведаміць пра недакладнасьць