ЖЫТА (жыты). 1. Пра вышыню, гушчыню, колер (жыта), пра ступень спеласці: высокае, густое, даспелае, дружнае, жаўтлявае, жоўтае, жоўта-попельнае, залатое, залацістае, зеленаватае, зялёнае, зярністае, каласістае, кусцістае, лапушное, лапушыстае, маладое, наліўное, паспелае, рослае, сакаўное, саладжавае, серабрыстае, сіваватае, сіва-зялёнае, сінявата-зялёнае, спелае, сцяна-сцяною, чырвонае  дробнае, заглушанае валошкай, збэрсанае, кволае, невысокае, нізкае, няспелае, пасмяглае, пустое, рэдкае, стракатае.

Зялёнаю сцяною да самай дарогі падступала густое высокае жыта (Б.Сачанка). Ты [Беларусь] узяла ў азёраў блакітныя вочы, У даспелага жыта ўзяла валасы (С.Грахоўскі). Ах, якое дружнае... жыта! (І.Мележ). Прабегшы па ўзмежку ля... кліна жоўта-попельнага жыта, яна [Наста] прадралася праз вузкі лаз (А.Савіцкі). Звезлі з поля залатое жыта (П.Броўка). Бежанцы ішлі паміж залацістых жытоў (І.Гурскі). Па адным баку дарогі стаяла высокая сцяна зеленаватага жыта (І.Сіняўскі). Дожджыку просіць зялёнае жыта, Прагне вады ярына (Я.Колас). А жыта сцяною, зярністае, лапушыстае... (“Беларусь”). Навокал стаіць густое, каласістае жыта (Я.Брыль). Густа жыта маладое поле ўсё акрыла, Лапушное, сакаўное — Проста глянуць міла (Я.Колас). Да небакраю — наліўное жыта, Імклівыя каналы між балот (П.Панчанка). Радавала і кусцістая грэчка, і бясконцы масіў жыта, хоць яно і не ўсюды было аднолькавае, рослае і густое (І.Сіняўскі). Міця нарэшце выбег з сіва-зялёнага, саладжавага, што блытала ногі, жыта (В.Адамчык). Дарога выбегла да сіваватага, серабрыстага жыта, марнага, невысокага, заглушанага сіняй валошкай (В.Адамчык). Лес пачынаўся за сінявата-зялёным... жытам (В.Адамчык). Спелае жыта схіліла каласы (М.Гарэцкі). У спелым і высокім жыце Чакае першае адкрыцце — Бяссмерце зерня (С.Грахоўскі). Крывая, вузенькая, як аднаму прайсці, сцежачка ўкінулася ў лаву зялёнага, густога, сцяна-сцяною, жыта (М.Лобан). А жыта, жыта — з залатога на чырвонае змянілася (Ц.Гартны). Жыта на палях стаяла дробнае, кволае, лёгка трымаючы беднае нікчэмнае калоссе (І.Мележ). [Міця] падазрона зірнуў на прымяты ў збэрсаным жыце доўгі шнурок свайго следу (В.Адамчык). На пясчаных пагорках, паміж вёскамі, скрозь шапталася пасмяглае і пустое жыта (І.Чыгрынаў). Воддаль ад дарогі сярод стракатага жыта чарнела голая груша (В.Адамчык).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (жыта): дзівоснае, дзіўнае, добрае, залатое, калюча-мігатлівае (аўт.), расістае, роднае, свежае, супакоенае, цёплае, цудоўнае, чуйна-шапаткое (аўт.), шчодрае  марнае, мізэрнае, нікчэмнае, сухое, тужлівае.

Змагацца будзем — і ўродзяць Дзівосныя жыты, аўсы (П.Панчанка). За жыты залатыя свой тост я ўзніму Ды за песню, што згублена ў жыце (Н.Гілевіч). Лес пачынаўся за... калюча-мігатлівым... высакаватым жытам (В.Адамчык). Сонца, паказаўшыся на даляглядзе, пырснула чырвоным золатам, і рознакаляровыя пералівы пайшлі па расістым жыце (Т.Хадкевіч). Чалавек стаяў на полі, гладзіў каласы роднага жыта... (К.Чорны). [Васіль] усё ж падаўся на прыгуменне... мінуўшы чорнае гуменца, што пахла... сухім, свежым жытам (І.Мележ). У супакоеным жыце... недзе з самага дна, ад самай зямлі, пачынае падаваць свой голас перапёлка (Я.Брыль). Стаіўшыся за чуйна-шапаткім жытам яны [Імполь і Алеся] ляжалі, покуль не сціхла далёкая страляніна (В.Адамчык). Шапацела бездапаможна жыта, Цёплае, як малако (В.Вярба). Заціснуўшы вярэдлівую рану, Паверу ў невымернасць дабраты І радаваць цябе не перастану: Паглянь, якія шчодрыя жыты! (Я.Янішчыц). Дарога выбегла да... жыта, марнага, невысокага (В.Адамчык). Пастаяўшы каля мізэрнага жыта, Шыманскі падаўся на двор трэцяй брыгады (І.Дуброўскі). Жыта было нікчэмнае, малаціць яго — адна пакута (І.Мележ).

Паведаміць пра недакладнасьць