ЗАРА (заранак). I. Яркая афарбоўка гарызонту пры захадзе і ўсходзе сонца. Пра колер, ступень гушчыні; пра час з’яўлення зары, пра яе працягласць і характар: агністая, барвістая, барвовая, барвяная, блакітная, вогненна-чырвоная, вогненная, журавінавая (аўт.), залатая (паэт.), залацістая, малінавая, прамяністая (паэт.), пунсовая, пунцовая (разм.), пурпуровая, рубінавая, ружовая, румяная, санцавейная (аўт.), светлая, смуглаліцая (аўт.), ясная (нар.-паэт.)  вогненна-крывавая, іржавая, крывавая, цьмяная; асенняя, весняя, восеньская, вячэрняя, летняя, ранішняя, ранняя; велічная, дзіўная, заравая (разм.), ласкавая, палымяная, хмельная, ціхая, чыстая  доўгая, пахмурная, сумная, халодная.

Пад агністай зарой Над сівым курганом Заручаліся з ёй Туманом і агнём (Я.Купала). Мне цябе не стае, быццам мору прыбою, Ветру — ветразям, ранню — барвовай зары (В.Лукша). І тады пад небам нашым сінім, Пад барвянай восеньскай зарою Зноў збіраюць да астачы сілы Маладой рэспублікі героі (А.Звонак). Купаюцца вострыя вежы ў праменнях блакітнай зары (П.Прыходзька). А зара ўставала вогненна-чырвоная, крывавая (М.Лынькоў). Агнямі журавінавай зары... маіх пачуццяў дух гарыць (“Маладосць”). І строй залатой зарою Будзе склікаць трубач (В.Ракаў). Жыццё — не адна толькі роўная роўнядзь, Бясхмарная далеч з зарой прамяністай (К.Кірэенка). Велічная, пурпуровая зара ахінала неба (Э.Самуйлёнак). Непрыкметна патухла на захадзе пунсовая зара (Р.Ігнаценка). Помніш вечар з рубінавай дзіўнай зарой, ружавелі далёкія далі? (Т.Кляшторны). Зара ружовая плыла з-за гор (Н.Гілевіч). ...У гэты ціхі ранак, з марозікам пасля адлігі, з яснай румянай зарой усходу, з чырвонымі, здаецца, нават цёплымі снегірамі на сярэбраным голлі, з хрустам снегу і стракатаннем сарок — усё для Толі было напоўнена новым, яшчэ не зведаным, радасным зместам (Я.Брыль). А усмешкі — водбліск ясны санцавейнае зары (А.Звонак). Радзіме не быць паланянкай... Хай светлым і ясным заранкам Дзень шчасны ўзыдзе над ёй! (А.Звонак). Позна-позненька Зарою смуглаліцай Каля постаці кудравіста-аўсянай Я спаткаю жнейку-маладзіцу (П.Трус). Сонца шар зарою іржавай на аселіцу выцек (П.Панчанка). У знобкіх туманах усплывала цьмяная зара (Э.Самуйлёнак). Займаўся вогненна-крывавы заранак (П.Ткачоў). Я цябе і цяпер уяўляю сасонкай, Што яшчэ палымнее вячэрняй зарой (С.Грахоўскі). Так раннем барвяным зара заравая, Зара заравая зганяе туман (А.Звонак). Яна [вясна] сустрэла мяне рана, З дарамі ласкавай зары, Як сонца плавала ў тумане Ды сосны плакалі ў бары (П.Трус). ...У садах залатыя ранеты Хмельнай, як мёд, налівала зарой (М.Танк). І зарою, ціхай, чыстай, пра каханне мне казаў... (“Маладосць”). За вокнамі дагарала халодная малінавая зара (У.Карпаў). Тлела, дагасаючы, сумная зара (Э.Самуйлёнак).

II. Пачатак, зараджэнне новага, радаснага, шчаслівага: маладая, незгасальная, цёплая, яснакрылая (аўт.), ясная (нар.-паэт.).

У маўчанні стаю ля тваіх [Беларусі] абеліскаў, Бачу новага дня маладую зару (Г.Бураўкін). І, як водсвет зары незгасальнай, гарыць Па-над Венгрыяй усёю... Ззянне сцяга... (М.Танк). Слаўлю я свой край любімы, Незгасальную зару (П.Броўка). Зара мая, зара надзеі І веры цёплая зара, З табой тварыў усё, што спее Майго на высевах дабра (К.Кірэенка). Зарою яснакрылаю, Красою, новай сілаю Над светам ты [родны край] заззяй! (Я.Колас). На кліч жыцця ішлі будаўнікі З вясковых хат, ад роднага двара, — Каб праз усе гады і праз вякі Свяціла шчасця ясная зара (Н.Гілевіч).

Паведаміць пра недакладнасьць