КАХАННЕ. 1. Пра ўстойлівасць, працягласць пачуцця; пра час яго ўзнікнення: бессмяротнае, бязмежнае, бясконцае, вечнае, доўгае, доўгачаканае, лёгкае, маладое, моцнае, неакрэсленае, невычэрпнае, непахіснае, неперажытае, неспадзяванае, неўміручае, нечаканае, нядоўгае, нязвыклае, паўзабытае  запозненае, кароткае, мімалётнае.

Дзяўчынка мая любая... Шчасце маё. [Андрэй] не знаходзіў больш слоў, каб выказаць сваё пачуццё, сваё бязмежнае каханне і шчырасць (А.Чарнышэвіч). О каханне маё бясконцае, Не ўцякай ад мяне, пашкадуй! (У.Караткевіч). І вось яно прыйшло, маё неспадзяванае, доўгачаканае і такое нядоўгае каханне (І.Мележ). Я ведаў, што яна мяне любіць, яна сама пісала і гаварыла аб гэтым. Гэта было як бы гарантыяй таго, што наша каханне непахіснае (І.Шамякін). За што каханне берагчы? Неперажытае, нязвыклае, Як дзікі голуб на плячы (В.Вярба). У дарозе ружы Заснулі... І, беражна раскрыўшы рукі, Пялёсткі слухала, як гукі, Было мне водару гучанне, Як паўзабытае каханне (В.Вярба). Думітрашка кахаў яе [Ліду] першым, для яго самога яшчэ неакрэсленым каханнем (Я.Колас). Я не ведаў... ці мне адвярнуцца ад яе і захаваць у сэрцы маладое, шчырае каханне (З.Бядуля).

2. Пра глыбіню і сілу пачуцця, пра пяшчотнае і грубае, шчаслівае і нешчаслівае каханне: асаблівае, ахвярнае, бурлівае, бязмернае, высакароднае, высокае, вялікае, гарачае, глыбокае, гордае, кранальнае, летуценнае, міжвольнае, моцнае, неазмрочанае, невыказнае, нездрадлівае, нерастрачанае, нябеснае, нясцерпнае, палкае, патаемнае, прыгожае, пяшчотнае, радаснае, светлае, таемнае, тайнае, усёпаглынальнае, чыстае, шчаслівае, шчырае  адбалелае, безнадзейнае, бязрадаснае, вымучанае, выпакутаванае, горкае, грэшнае, журботнае, маўклівае, непадзельнае, нярадаснае, няшчаснае, пакутнае, пякельнае, раўнівае, самотнае, сарамлівае, саромнае, утрапёнае, хваравітае, ціхае.

Ён [Імполь] пачынаў... разумець, што патаемна, ціха... любіць Хрысцю, ды нейкім асаблівым, вымучаным і нерастрачаным каханнем (В.Адамчык). Міг шчаслівы ў ахвярным каханні, Час здзяйснення, што свету даў цуд! (А.Пысін). Ганна растала, разлілася ў бурлівым каханні (М.Нікановіч). Дабрыня людская ёсць — Толькі ў працы з поўнай аддачай, У каханні шчырым і гарачым, І ў вачах даверлівых дзіцячых, Дзе яшчэ не начавала злосць (П.Панчанка). Калісь па светлым промні па вясне Спусцілася каханне да мяне. Яно было гарачае, зямное, Яно было нябеснае такое... (У.Карызна). У Ланскага было толькі каханне, кранальнае ў сваёй непасрэднасці і глыбіні (У.Караткевіч). Каханне яе, гордае, высокае, перамагло боль і горыч па страчаным, беззваротна згубленым у жыцці (“Маладосць”). А вочы — два глыбокія сусветы... Яны ж мяне вучылі Калісьці нездрадліваму каханню, Каханню маладому (У.Караткевіч). Быццам не год нясцерпнага кахання звязаў іх, не месячныя іскры..., а гэтыя дні яе пакут... (У.Караткевіч). Усё гэта нагадвала яму бязрадасную, батрацкую маладосць і адзінае шчасце ў ёй — светлае каханне і жаніцьбу (І.Шамякін). У гасцініцу да яго зайшла студэнтка-зямлячка, у якую ён... быў закаханы. Патаемным, міжвольным, нейкім журботным каханнем (Я.Брыль). Як можа пражыць чалавек жыццё, так і не зведаўшы моцнага, усёпаглынальнага кахання (А.Адамовіч). Забыла ўсе Машэкі ласкі, Каханне шчырае яго (Я.Купала). “Безнадзейнае каханне”, — усміхнулася Люба (А.Васілевіч). Як ускрык, як боль тваё імя. Сціснуся, перавяду дыханне. Ёсць на свеце справы, акрамя Адбалелага даўно кахання! (В.Іпатава). Восень... Жоўтая Белавежа. ...Тут самая пара ўтрапёнага кахання (Я.Сіпакоў). Сумненняў не аставалася — каханне ў іх было бяскрылае, сляпое, саромнае (У.Карпаў). Выйдзі, любы, на спатканне, Я раскажу табе пра долю, Пра наша горкае каханне (П.Глебка). Маўклівае каханне хлопца мучыла... (Я.Васілёнак). Каб загасіць агонь пякельнага кахання, Янка ўцёк у горад (З.Бядуля). Андрэй адчуў, што каханне яго да Каці стала нейкім хваравітым (А.Чарнышэвіч). З гэтай пары я пачаў углядацца У неба начное і зорку шукаў, Ціхім каханнем к табе разгарацца З гэтай пары я пачаў (М.Багдановіч).

Паведаміць пра недакладнасьць