КРАСА. Хараство, прыгажосць (прыроды, чалавека, наваколля і інш.): адвечная, адменная, бяскрайняя, высокая, гаючая, дзіўная, жывая, зайздросная, залатачубая (аўт.), залатая, зыркая (разм.), зялёная, казачная, кідкая, маладая, мілая, мядовая, небывалая, незямная, некрыклівая, непагасная, непазбыўная, непаўторная, нерастрачаная, несмяротная, някідкая, няпісаная, паўнацветная (паэт.), пенная, першародная, пяшчотна-суровая, пяшчотная, радзімая, раздольная, светлая, святая, спакойна-рашучая (аўт.), строгая, усемагутная, цудоўная, шматвяковая, шырокая  атрутная, ашуканская, грымотная, журботная, маўклівая, нерухомая, нямая, пустацветавая, расхлістаная (аўт.), сівая (аўт.), сірочая, смяротная, сонная, спакуслівая, сумная, халодная.

Мы выйдзем з думамі ў бяскрайнія прасторы, Абсыплем ружамі адвечную красу (П.Трус). Восень не сумная, ёй уласціва свая, адменная і непаўторная краса (У.Краўчанка). Утопіцца вока там [на Волзе] у пеннай бяскрайняй красе (А.Вялюгін). І прад высокаю красою, Увесь зачараваны ёй, Скланіўся я душой маёй, Натхнёнай, радаснай такой (М.Багдановіч). І спатрэбяцца словы гаючай красы, Каб любоў не была і чужой і забытай (Ю.Свірка). Эх, луг шырокі! Як жывы, ты, Травой мурожнаю закрыты, Стаіш зялёны прада мною І ззяеш дзіўнаю красою! (Я.Колас). Тады і загучала песня родная — Старая песня беларускай вёскі. Яе краса жывая, несмяротная На дне душы будзіла адгалоскі (Н.Гілевіч). Я хадзіў і параўноўваў іх [дзяўчыны і грушы] зайздросную красу (Н.Гілевіч). Хутчэй у поле, покуль не убралі яго залатачубую красу! (Е.Лось). Падрастаюць руні на шырокім полі, Разлілося сонца залатой красой (А.Русак). Гармонію вуглоў і граняў З лінейкай вымяраў я сам: Я ўведаў моц і сілу ззяння, Што мае зыркая краса (А.Русецкі). Чакаю вясновай зялёнай красы (П.Броўка). Зіма! Сваёю казачнай красою Чыёй душы ты толькі не кранеш! (А.Астрэйка). Мы ўяўлялі, што калоссе Стаіць у залатой красе (П.Прануза). Ніколі ў лесе не было такой дружнай, бурнай, як усплёск полымя, яркасці фарб, такой кідкай красы (І.Мележ). Вясна маладая! Як мне цябе шкода! Ты прыйдзеш, я знаю, усё прыйдзе з табою, І блісне прырода красой маладою (Я.Колас). Ціха прыходзіце вы [родныя вобразы], як жывыя, Ззяючы мілай красой (Я.Колас). Я кланяцца гатовы пчаліным сотам, Мядовай іх спакуслівай красе (П.Макаль). Дзякуй цёплым дажджам і халоднай расе За жыты, што ўзраслі ў небывалай красе (А.Вольскі). Мы ўбачым жанчын у няземнай красе іх, Яны — наша шчасце... (П.Панчанка). Мне суджана навечна У неаплатным быць даўгу Перад тваёю [Беларусі] некрыклівай, Зусім не кідкаю красой (Н.Гілевіч). Вымыта пякучаю слязою Непагасная твая [Беларусі] краса (А.Бялевіч). Поўны твары маладыя непазбыўнаю красой (П.Броўка). І глядзяць мне ў вочы красой нерастрачанай Сінія касачы (П.Панчанка). А прыгож быў дуб, над дубамі дуб, У красе паўнацветнай і сіле (Я.Колас). Ты [Палессе] спрадвеку ўсім сэрцам трывожыла Першароднай журботнай красой (П.Панчанка). На сонечнай зямлі пяшчотна-суровай красы, на радзіме Сервантаса... песня яшчэ раз паўтарылася ў маёй душы (Я.Брыль). Краса пяшчотная ў плячах, У ручаінах кос дзявочых (В.Жуковіч). Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, слёзкі Сціраючы яму, штось пачала казаць, Каб заспакоіць плач — зусім як быццам маці, ...і ў гэты час яна, Здавалася, была аж да краёў паўна Якойсь шырокаю, радзімаю красою... (М.Багдановіч). А там, пад Мінскам, мора ў сонцы майскім Бярэ ў нябёс раздольную красу (П.Прыходзька). Не згадаць не змагу... Поля, дзе смутак забудзеш адразу, Сэрцам аддаўшыся светлай красе (К.Кірэенка). Чуццё прабудзіцца людское, Дабро ў сэрцы ажыве, І зацвітуць красой святою Дзіцячы думкі ў галаве (Я.Купала). Была восень з апошнімі днямі спакойна-рашучай нейкай красы (М.Стральцоў). Здзівіў ён [Львоў] нас красою строгай, Кіпеннем паркаў і садоў (П.Панчанка). Толькі знаю: немінуча, Што табе самой дакучыць Жыць нявольнікам, скаваным Уладай неабмежаванай, Тваёй уладай незямною — Усемагутнаю красою (М.Танк). Ах, колькі ёсць красы цудоўнай поруч з намі, Калі глядзець вакол дзіцячымі вачамі (М.Багдановіч). І вабяць зрок падземныя палацы Сівою шматвяковаю красой (П.Макаль). Паўстае маладосць у атрутнай красе, Паўстае невыказнае гора (П.Глебка). Мы патомкам нашым кінем межы без ашуканскіх крас (Я.Купала). Не раз, не раз красой грымотнай Пярун акрэсліць вышыню (К.Кірэенка). І прыходзіць радасць у красе маўклівай (П.Трус). Відаць грудок і вуллі ўсе, Дубы за рэчкаю і тоні У нерухомай іх красе (Я.Колас). Цэлы дзень мяцеліца снежны мех трасе. Поле, луг, аселіца У нямой красе (Н.Гілевіч). Восень, восень! Тыя песні перазвонены ўсе, Адгулі бясследна ў пустацветавай красе (В.Вітка). Тут (у музеі)... і школы новыя кагалам з сваёй расхлістанай красой (П.Панчанка). Стаю каля сівой красы, Хаджу па гулкіх сутарэннях — І чую продкаў галасы, І бачу нашых дзён карэнні (Г.Бураўкін). Чырвоная хусцінка з вышытымі над ілбом пшанічнымі каласамі, неяк па-свойму, непаўторна завязаная на чорных густых валасах, была ў сірочай красе тым нечым вельмі важным, вельмі ўдала знойдзеным, з-за чаго вар’яцелі бадай усе гаросіцкія дзецюкі (Я.Брыль). Нібы ўсё тут і ўсе ў соннай вечнай красе... (С.Дзяргай). Чым так прыкованы Я к вам, мае ўзгорачкі роднага поля, Рэчкі, курганы, лясы, Поўныя смутку і жальбы нядолі, Поўныя сумнай красы? (Я.Колас). Хто ў часе халоднай, смяротнай красы Уславіць зямлю бессмяротным словам (А.Куляшоў).

Паведаміць пра недакладнасьць