КУТ (куток). I. Мясцовасць, мясціна.

1. Пра маляўнічую, прыгожую мясцовасць: багаты, выгодны, вясёлы, зацішны, летуценны, маляўнічы, паквапны (разм.), прывабны, прыгожы, прыемны, утульны, цёплы, ціхі, цудоўны, чароўны.

Так. У лясніцтве кут парожны, Куток паквапны і багаты, Не застаіцца, не згуляе, Паноў к сабе ён прыцягае... (Я.Колас). Вось у кірмашовы б дзень выходны з ім ці з ёй зайсці ў куток выгодны (Ёсць такія на зямлі куткі) — Раз у сем гадоў павіць вянкі (А.Куляшоў). Парэчча — слаўная мясціна, Куток прыгожы і вясёлы... (Я.Колас). Якуб Колас не любіў ездіць на курорты. За лепшы адпачынак яму было пажыць лета дзе-небудзь у зацішным кутку Беларусі (П.Броўка). На ўскраіне сасновага падлеску... я знайшоў сабе ціхі, цёплы і, я нават сказаў бы, летуценны куток (К.Кірэенка). Прыемна прайсціся, падыхаць свежым паветрам. Ды і куток тут маляўнічы (А.Астрэйка). Першыя краскі варта ахоўваць, каб не збядніць прывабны куточак лесу (Р.Ігнаценка). У самым цэнтры Мінска, у зацішным і ўтульным куточку над Свіслаччу, там, дзе калісьці стаяў яго [Купалаў] дамок, цяпер музей і парк (В.Вітка). Пачуццё зачараванасці цудоўным кутком беларускага краю назаўсёды застанецца ў сэрцы (К.Кірэенка).

2. Пра глухую, далёкую мясцовасць (мясціну): задумлівы, задумны, патаемны, таемны, таямнічы  глухі, далёкі, дзікі, невясёлы, парожны, пусты, цёмны.

Нямала сказаць можа пільнаму воку Задумны надсожнага бору куток (К.Кірэенка). Забіраючыся ў самыя патаемныя, глухія куткі на Бярозе, я, прызнацца, доўгі час лічыў сябе першаадкрывальнікам іх непаўторнай красы (К.Кірэенка). У тым далёкім таемным куточку Коласу заўсёды добра думалася ў цішыні лесу (“Беларусь”). У тым кутку, глухім і дзікім, Стараннем дзядзькавым вялікім І цяжкай працай хлебароба Набыта розная надоба (Я.Колас). Абы не бачыць сцен тых голых, Куткоў пустых і невясёлых (Я.Колас). Даўно не шануем багоў. Электраліній апоры Нясуць ачышчэнне грахоў... Бетонным слупам пакланюся, Каб менш было цёмных куткоў (А.Пысін).

II. Радзіма, родны край (дом): абжыты, белабярозавы (аўт.), бярозавы, дарагі, жытнёвы, мілы, незабыўны, родны, сіні, слынны, святы  галодны, грамамі, здзекамі пужаны, забыты, закінуты, самотна-зялёны (аўт.), спрадвечна рэзаны, стары, таптаны, цярплівы, шчымлівы.

Ёсць у кожнага свой незабыўны, абжыты куток, дзе ніколі не страшаць ніякія спёкі і сцюжы (Ю.Свірка). Сэрцу збалеламу ёсць на прыкмеце Белабярозавы кут (Я.Янішчыц). Прымі ж удзячнасці вяршэнства, Бярозавы мой сіні кут, Што ты ўбярог маё маленства Ад слёз дарослых і пакут (В.Вярба). Хоць знаю: ўсюды ёсць святое, А толькі тут і толькі тут Я адчуваю, чый я, хто я, І што мне дзе загадкай тоіць Зялёны луг, жытнёвы кут (А.Бачыла). Дольцы! Дольцы! Хай цяжка, хай горка жылося, Кут мой родны, забыты калісьці на свеце, Прыгадаць не магу, каб не білася сэрца... (П.Броўка). Убогая дзеўка Пайшла ў двор на службу... Ад хаты радзімай, святога кутка (Я.Купала). Кут мой слынны не глухі І да песень, і да танцаў (Я.Янішчыц). Як успомніш кут свой родны, Кут закінуты, галодны, Сцісне сэрца горкі жаль (Я.Колас). На міг я адкрыю сабе, што замала Пражыта ў самотна-зялёным кутку, Што часта губляла, калі вандравала Без мэты, вось гэты лясок і раку (Я.Янішчыц). Люблю цябе, мой кут стары, Спрадвеку рэзаны, таптаны, Грамамі, здзекамі пужаны, Цярплівы, але да пары (Е.Лось). У кожнага з нас ёсць такі шчымлівы куток — наша Учора (Я.Сіпакоў).

Паведаміць пра недакладнасьць