ЛІСТ (лісток, лісце, ліства, лістота). 1. Пра колер лістоў; пра іх памер і форму, моц і пругкасць; пра тэмпературу, вільготнасць; пра характар лісця паводле ўзросту, паху, смаку і г.д.: барвова-чырвоны, барвовы, бронзавы, жаўтлявы, жоўта-чырвоны, жоўты, залаты, залацісты, зялёны, медны, мядзяны, праменісты, ружовы, серабрысты, сіні, сіняваты, сонечны; срабрысты, счырванелы, чырвоны  бледна-зялёны, бледны, блеклы, высахшы, гарэлы, жоўклы (разм.), зрудзелы, пажоўклы, парудзелы, пачарнелы, шэры, шызы; агромністы, выразны, вялізны, даланясты (разм.), дробны, жылкаваты, лапушысты, рэзны, шарготкі, шорсткі; крамяны, ліпучы, моцны, напоўнены сокам, свежы, сыты, тонкі, тлусты, тугі  кволы, слабы; гаручы (нар.-паэт.), цёплы  абледзянелы, азяблы (аўт.); вільготны, мокры, шчодра акроплены расою; духмяны, малады, салодкі, спелы, стары.

Горкім дымам пацягне ад барвова-чырвонага лісця, Ад асенняга (У.Някляеў). З усіх бакоў абступалі Ганну кучы падпаленага лісця, жаўтлявага, дзе-нідзе зеленаватага, зусім, дарэшты, чырвонага, ружовага, барвовага (І.Мележ). Як хораша жыць, глядзець, як іграе ранішняе сонца на жывой вадзе, як цалуе яго бронзавы ліст... (М.Лынькоў). Галінка з жоўта-чырвоным лісцем зноў падымаецца ўгару, не дастаць рукой (І.Пташнікаў). Жоўты ліст, тонкі ліст Аблятае, шапоча, звініць, Нізка ходзяць, а можа, плывуць Вераснёвыя хмаркі... (А.Звонак). Жоўтым бляскам шары-светлякі Пазалотай пакрылі І так залацістае лісце (А.Звонак). І за простымі, ад самае раллі, словамі сябра ўстаюць, шумяць зялёнай, сонечнай лістотай будучыя карціны волі, вялікай дарогі (Я.Брыль). Спадае медны ліст каштанаў На жоўты стоптаны мурог (М.Танк). Адвячоркам вецер, як сляпы, Начаваць кульгае пад ракіты. Ён шукае вобмацкам лісцё, Медзяное, звонкае, тугое... (К.Кірэенка). Там пальмы растуць, прамяністае лісце Узняўшы ў неба блакіт (К.Буйло). Вось у цішыні лясоў Ліст трапеча счырванелы (А.Пысін). Здавалася тады, што стары пануры лес наўмысна развесіў тонкую празрыстую покрыўку, сатканую сонцам і зямлёю з тысячы тысяч маладых, кволых, бледна-зялёных лісточкаў... (Я.Колас). Вы, хто любіце натрапіць Між страніц старых, пажоўклых, Кнігі, ўжо даўно забытай, Блеклы, высахшы лісток, — Паглядзіце гэты томік (М.Багдановіч). Гарэлыя лісты злятаюць з лоз, На захадзе сціхае гул трывожны (П.Панчанка). Золь асенняя, туман, Шэпчуць жоўклыя лісты (К.Крапіва). Жалобна шумелі зрудзелым лісцем бярозы (В.Быкаў). Так дрэвы скідаюць пажоўклае лісце, Пажоўклага лісця асеннюю медзь (А.Звонак). Замятае і двор і балкон Парудзелае мокрае лісце... (С.Грахоўскі). Стаіць на вадзе Пачарнелае лісце альховае (Н.Гілевіч). Лісце пажоўклае, шэрае Ціха шасціць пад нагамі, Толькі дубы па-над Свіцяззю Меднымі звоняць лістамі (П.Броўка). Кожны парастак прагнуў Узвысіцца дрэвам магутным, Кожны лісцік хацеў Разрасціся ў агромністы ліст (Н.Гілевіч). Ходзіць бабка лесам-гаем, У хусціначку збірае: Даланясты ліст кляновы — Хлеб на ім пячы жытнёвы (М.Танк). На дробным лісточку расінку Аднойчы сустрэў светлячок (М.Танк). Кожны лісцік шэпча з небам, а прыгожы, выразны, Як зялёны аганёчак, пасланец сваёй вясны (П.Броўка). Раса шукае выйсця — Стрывожаная вецярком, З пажоўклых жылкаватых лісцяў, Нібы з далоняў, лье цурком (П.Панчанка). З лапушыстага лісця росы Асыпаеш поўнай жменяй (П.Глебка). Ніхто ў Куранях, бадай, не заўважыў, калі яна [рабіна] красавіцкай раніцай апранулася ў лёгкае празрыста-зялёнае плацце з кволых, рэзных лісточкаў (І.Мележ). Прыемна было глядзець на мокрае крамяное дубовае лісце, успамінаючы таксама моцны і сыты капусны ліст (Я.Брыль). І яму [Захару] здавалася, што ён чуе, як шумяць густыя дубровы, як трапечацца на ветры ліпучы бярозавы ліст (М.Лынькоў). Дыша і праціскаецца пругкі, напоўнены сокам ліст (Я.Скрыган). А навокал сонца, серабрыстае лісце зіхаціць, пераліваецца (“Маладосць”). Цвёрдая, сухая сцежка ўбегла ў халодны і настылы лес і скоранька знайшла там вузенькую, засыпаную тлустым сіняватым лісцем дарогу (В.Адамчык). З цяністых груш і яблынь маладых Сарваў лісты гаручыя віхор (М.Танк). Вось так і да мяне прыйшла пара Прайсці па цёплым вераснёўскім лісці Да той хаціны, Дзе я жыў калісьці (Г.Бураўкін). Маладыя дубкі, якія не захацелі скінуць асенняга ўбрання, перазвоньваліся абледзянелымі і бронзавымі лісткамі (З.Бандарына). ...Вятрыска варушыць азяблае лісце (А.Звонак). Майскае ранне на Дняпры... Зялёны, амаль да самага неба стромы абрыў, з густой, аціхлай, шчодра акропленай расою лістотай (Я.Брыль). У садочку май, Май, духмяны ліст, І ўсю ночку несціханы Салаўіны свіст (М.Танк). Не кватэр аганькі мірна ў вокнах гараць, як калісьці, А агню языкі Ліжуць ліпы салодкае лісце (А.Куляшоў). І паляцеў паштоўкай лета на бераг снежня спелы ліст (А.Вялюгін). Гоніць вецер ад лімана, ад Дняпра здалёк Малады лісток (М.Танк).

2. Пра гучнасць (гаманлівасць) лістоў: жывыя, звонкія, стозвонныя (аўт.), шалпатлівыя (разм.), шапаткія (разм.), шарготкія, шумлівыя.

Першы клён за мястэчкам. Духмяная засень ад гушчы жывых шалпатлівых лістоў (Я.Брыль). Калі так хочацца смяяцца, Што бачыш ты І чуеш ты, Як ціха сыплюцца праз пальцы Каштанаў звонкія лісты (М.Танк). Шапаткое, яно [лісце] яшчэ ўсё падымалася і жыло, дыхала (В.Адамчык). А навокал сонца, шарготкае лісце пад нагамі, цеплыня і цішыня, якія бываюць толькі ў апошнія дні восені (Я.Сіпакоў). Абвіты ліствою стозвоннай, І я стаў падобны зусім Да цёмна-зялёнага клёна (М.Танк). Вішня-вішанька дарагая, Скора збудуцца твае сны, Дачакаешся белых кветак І шумлівай зялёнай ліствы (А.Вярцінскі).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце ліста (лістоў); пра іх стан: буйнацветны (аўт.), вясёлы, гожы, далікатны, дзівосны, ласкавы, мілы, прыгожы, прыўдатны (разм.), пяшчотны, раскошны, родны, свежы, трапяткі, цудоўны, чароўны, ярка-пышны  анямелы, апечаны замаразкам, здратаваны, знявечаны, пагарджаны, пакалечаны, палахлівы, патоптаны, самотны, сонны, сумны.

Дзе такому [лісту] раўняцца З іншымі — Буйнацветнымі, Ярка-пышнымі (Н.Гілевіч). А ў агародзе мак чырвоны, Раскрыўшы гожыя лісточкі, З іх ткаў прыўдалыя вяночкі Вакол галоўкі маладзенькай (Я.Колас). На дрэве покаўка таўшчала, У сабе лісточак далікатны, Пахучы, свежанькі, прыўдатны На добрым сонцы гадавала (Я.Колас). Рукі мае ловяць пяшчоту ласкавых лісцяў... (В.Жуковіч). Адчайна трапятала тонкімі галінкамі і пяшчотным лісцем бярозка (А.Жук). Клён... стаяў яшчэ многа гадоў, абсмалены, аднабокі, але зялёны, і трымаў буйное, раскошнае лісце (А.Жук). І толькі асіны шалясцелі трапяткой ліствой, сумнай і палахлівай... (М.Лынькоў). Маладая бярозка пад маім акном штосьці лапоча мілымі і чароўнымі свежымі лісточкамі (“Маладосць”). Мы так, без болю, не ўмелі І не патрапілі б гэтак Мірна, як ліст анямелы, Кінуць свой родны палетак (М.Танк). [Лісце трыпутніку] Патаптанае, Здратаванае Каблукамі і капытамі, Пакалечанае, Знявечанае І машынамі і калясьмі, Шэрым пылам удзень спавітае, Невядома чым ноччу ўмытае — Ці то росамі, Ці то слязьмі. Дзе такому раўняцца З іншымі ... Што адвеку красою славяцца... Што кідаюцца ў вочы кожнаму І прывабліваюць здалёк... Пагарджанаму, Прыдарожнаму І не сніцца падобны лёс!.. (Н.Гілевіч). Пад нагамі Міці шастала сівае, апечанае замаразкам лісце (В.Адамчык). Вячэрні сад. Над лісцем сонным Плыло высокае акно (А.Пысін).

* Ліст-бедачок, ліст-далонь, ліст-струна, талерка-ліст  бадзяга-ліст, галуза-ліст.

Эх, дажыў ты свой век, Жоўты ліст-бедачок, А на весну цябе скіне новы лісток (Я.Колас). Павекі пазаплюшчвалі лілеі, Спяць, ліст-далонь паклаўшы пад шчаку (Р.Барадулін). Сам лес таямніча шапацеў чуллівымі лісточкамі-струнамі (Я.Колас). ...Пагойдваліся на вадзе белыя кветкі... — ліліі ў акружэнні цёмна-зялёных талерак-лістоў (Я.Брыль). Цішыня, цішыня, Толькі шолах бадзягі-ліста (А.Звонак). І рэдка-рэдка варушыцца на грушы... галуза-лісток (М.Гарэцкі).

Паведаміць пра недакладнасьць