ЛЮДЗІ (люд). Баявыя, вольныя, высокія, вялікія, вясёлыя, гордыя, дарагія, дарослыя, добрыя, дружныя, дужа вучоныя, дужыя, загарэлыя, клапатлівыя, мілыя, мудрыя, працавітыя, працоўныя, простыя, родныя, сардэчныя, свабодныя, сільныя (разм.), слаўныя, сціплыя, удалыя, умелыя, шчаслівыя, шчасныя, шчырыя  абыякавыя, бяспечныя, гаротныя, грозныя, грэшныя, жорсткія, загнаныя, запыленыя, злыя, малыя, несагрэтыя, нешчаслівыя, няшчасныя, пагарджаныя, прагавітыя, скаваныя, таемныя, труслівыя, цёмныя.

Ласёў багата развялося, Людзей умелых, баявых (Е.Лось). Хутаючыся ў незашпілены кажушок, яна [Галя] чула... не чула, а прагна слухала маладую гутарку вольных, шчаслівых людзей (Я.Брыль). Гаворыш з настаўнікам, які яго [Купалу] ведаў, з селянінам, якому ён дапамог, і не можаш не думаць, якія гэта чыстыя і высокія людзі (У.Караткевіч). У вялікія ты людзі Выйдзеш з беднаты, — Шаблю звесіш цераз грудзі, Стражнік будзеш ты (Я.Купала). Можа будзе так лепей, чым пераносіць увесь жах, быць сведкам лютай расправы ненажэрнага ката над мілымі і дарагімі яму людзьмі (М.Лынькоў). І глядзелі з усмешкай дарослыя, мудрыя людзі: то яшчэ не тваё, не тваё, мілы хлопча, “люблю” (Н.Гілевіч). Жыве ў Гіпербарэі люд дзівосны, Якому не балюча паміраць (У.Караткевіч). У нас маладых людзей дужа вучоных Цяпер надта шмат развялося (Я.Купала). Разляцеўся па краі Люд дружны, вясёлы (Е.Лось). Быццам ён [Максім] даўно ўжо ведаў гэта сяло: павінны жыць у ім людзі, не падобныя да тых, якіх ён дагэтуль ведаў, — вялікія, дужыя, з яснымі блакітнымі вачыма (А.Кудравец). З поля вярталіся загарэлыя, запыленыя людзі (І.Мележ). Аўтобус лёгка імчаў па шашы.. У ім, як у хаце, весела і дружна гаварылі да гэтага людзі, добрыя і шчырыя, працавітыя і клапатлівыя (Я.Сіпакоў). Засланяючы вочы Ад солі рукой, Углядаюцца ў мора Сардэчныя людзі (К.Кірэенка). І выйшлі людзі сільныя На бітву на крывавую, Дый смерцяю акрыліся, Хоць несмяротнай славаю (Я.Купала). Наш край нарачанскі, Край сініх азёраў,... Бяроз меднастволых, Свабодалюбівых, працоўных людзей (М.Танк). Мае знаёмыя няўзрачны, Нічым не слаўны і не значны, Усе людзі простыя, малыя, Хоць па-сваему і ўдалыя... (Я.Колас). Пра будучыню марыў я не раз. Аб людзях працавітых, гордых, чыстых. Без гультаёў, паклёпнікаў, пралаз (П.Панчанка). Як без волі і без хлеба Працавіты люд наш гнецца... Кінь ты [месяц] жальбу нашу ў неба — Няхай неба ўскалыхнецца! (Я.Колас). Мовы ён [хлопец] не забыўся, вядома, Гэтых простых і сціплых людзей (Н.Гілевіч). Свет быў для яго [Васіля] цяпер напоўнены абыякавымі людзьмі, і ён сярод іх жыў адзінокі... (І.Мележ). О, жаль мне праз гэта вас, людзі загнаныя, Цёмныя людзі, гаротныя людзі, Жаль, што вы такія, праз свет пагарджаныя, Жаль, што так жыцца йшчэ доўга вам будзе (Я.Купала). І людзі ў роздуме Стаялі грозныя Над тымі чорнымі Сваімі сцежкамі (П.Глебка). Навукі паданне, ой, шмат захавала Для грэшных, труслівых і цёмных людзей, У ім бачым, што шчасця зазнае той мала, Хто праўды не хоча пазнаці... (Я.Купала). Ці то людзі злыя Шчасце адабралі, На маёй дарозе Ямы пакапалі? (Я.Колас). Валянціна Андрэеўна палажыла трубку і, зусім знясіленая, прысела на канапу: “Якія жорсткія людзі” (І.Шамякін). Ён [Шліпчык] добра не ўяўляў яшчэ, чым небяспечныя гэтыя людзі, але вострая непрыязнь да іх хвалявала яго (М.Лынькоў). Ой, чаму на хаты гэтыя Сышла восень з халадамі, Калі людцы несагрэтыя Трасуцца пад лахманамі?! (Я.Купала). Чуць толькі купальскае свята Набліжыцца з ночкай сваёй, Як папараць кветкай заклятай Чаруе няшчасных людзей (Я.Купала). Трудна, крыўдна жыць на свеце Між нячулымі людзьмі... (Я.Купала). І ідзі, і крычы Прагавітым людзям, Няхай хлеба дадуць Табе, жонцы, дзяцям! (Я.Купала). То падымаўся люд скаваны... (Я.Купала). Каля яго мітусіўся Піліпчык, які не мог дачакацца канца ўсёй справы, каб уведаць усё... аб усіх гэтых таемных людзях... (М.Лынькоў). Шэрая вёска. Цёмныя людзі. Цьмяная рэчка жыцця (М.Зарэцкі).

* Люд-волат, людзі-волаты.

Вышэй, ярчэй узнімем молат, Распалім горны гарачэй. На абарону, мой люд-волат! (Я.Колас). Людзі-волаты! Глядзіце, Колькі гонім мы вады, Бо яднанне — сіла ў свеце, Хто ж дужэй ад грамады? (Я.Колас).

Паведаміць пра недакладнасьць