ПРАМЕНЬ (промень, праменне). Вузкая палоска святла ад сонца ці месяца (або ад іншых крыніц святла).

1. Пра колер, яркасць (промня): агністы, асляпляльны, барвовы, барвяны, бліскучы, бурачны, вясёлкавы, жаўтлява-ружовы, жоўты, залаты, залацісты, зіркаты (разм.), зіхатлівы, зіхоткі, зыркі, іскрысты, ліловы, празрысты, пунсовы, рознакаляровы, ружовы, румяны, светлы, серабраны, серабрысты, сляпучы, чырвона-палаючы, чырвоны, чысты, ярка-залаты, яркі, ясны.

Першыя агністыя промні сонца пырснулі з-за небасхілу (А.Чарнышэвіч). Пагас барвовы Скразны прамень і знік ліловы. Ёсць толькі цень (А.Пысін). Бліскучы прамень каўзануўся па рэйках (М.Стральцоў). Пад залатымі сонечнымі промнямі Не хочацца і птушкам паміраць (П.Панчанка). Я слаўлю радасныя дні, Калі ў праменнях залацістых... Гараць святочныя агні (П.Глебка). Будзе ўзыходзіць сонца, ля таго берага акунецца ў вадзе першы вясёлкавы прамень (А.Кулакоўскі). Міця зноў убачыў перад сабою Чэсін тварок..., абліты жаўтлява-ружовымі промнямі [сонца] (В.Адамчык). Не гады мінуць, стагоддзі — і прамень зіркаты прадзярэцца, сцежкай пройдзе праз гушчар закляты (Т.Бондар). І спявае промень зіхатлівы (Е.Лось). Вырвалася раптам аднекуль на волю сонца і, пераліваючыся, асыпаючы ўсё наваколле вострымі, зыркімі праменнямі, паплыло над зямлёю (Б.Сачанка). А сонца струны павучка Кране празрыстым променем. Заслухаешся, як гудуць Лясы-бары над Нёманам (М.Танк). Ружовы ранішні прамень пяшчотна казытаў яе [Валюшкі] белы тварык (Г.Шчарбатаў). І вось у Дубягавых чорствых руках Іграе прамень серабраны смыка (М.Танк). Праменьчык серабрысты сонца Майстрыха юная ўзяла... (А.Пысін). Промень на захадзе з чырвона-палаючага рабіўся бурачным, а па краях пераходзіў у буланы колер (Ц.Гартны). Радасна і сумна шалясцяць асіны — Гоман жаўталісця я пачуў у іх, І нітуюць неба струны-павуціны Ў сонечных праменнях чыстых, залатых (А.Куляшоў). І прасціна вялізная на сцэне Пад яркім промнем раптам ажыла (Н.Гілевіч). Вясна прыйдзе, снег пагіне, Вышэй сонца хадзіць стане. Промень ясны ўсюды кіне, Рунь падыме на паляне (Я.Колас). ...Падалі мне на твар... сляпучыя промні сонца (Б.Сачанка).

2. Пра форму, накіраванасць, тэмпературу; пра час, інтэнсіўнасць выпраменьвання: асенні, весні, востры, высокі, вясенні, вясновы, вячэрні, гарачы, густы, касы, колкі, наведзены, незваротны, неспякотна-ласкавы, нізкі, прамы, пякучы, раскосы, роўны, скразны, скупы, спякотны, стромкі, тонкі, халодны, цёплы, шырокі.

Вострым промнем [зорка] коле вока (М.Стральцоў). Вясенні промень стрэхі лашчыць, І слёзна плачуць цеплякі (М.Хведаровіч). Матчыны пяшчоты — як вясновыя, ясныя праменьчыкі! (І.Мележ). Зверху праз густую сетку галля і лісця падалі... гарачыя... промні сонца (Б.Сачанка). ...Ласкавае сонца на пачатку восені добра грэе, адчуваеш, як густыя промні ласкава торкаюцца ў твой нос, перабягаюць са шчакі на шчаку (Я.Сіпакоў). Марознае сонца быццам палошча дрэвы сваімі касымі промнямі (В.Мыслівец). Плаўна круціцца наша планета Пад наведзеным промнем касым (А.Пысін). І незваротным промнем зіхацяць На пальцах скамянелыя пярсцёнкі (Я.Янішчыц). Калоссе яшчэ не хіліцца долу ад маладога, салодкага цяжару зярнят, а ледзь не да болю ў сэрцы, ледзь не да слёз прыгожа ружавее ды мігціць у неспякотна-ласкавых промнях вячэрняга сонца (Я.Брыль). Нізкія сонечныя промні... знаходзілі беласнежную кіпень яблынь (В.Карамазаў). Нам некалі было хавацца ў цень Ад позіркаў чужых і ад пякучых промняў (М.Аўрамчык). Прахапілася сонца. І прамянямі раскосымі Да сонных павек дакранулася (Р.Барадулін). Шуміць асенні вецер верасовы, Скупы праменьчык сэрца саграе (Я.Янішчыц). І ўзляцеўшы шпарка на праменнях тонкіх, Пар зрабіўся слічнай чарадою хмар (М.Багдановіч). Месяц сцежку ў дубняк Залівае халодным праменнем (А.Куляшоў). [Сонца] выкацілася іскрыстым паўколцам з-за застылай на ўсходзе хмаркі і тут жа схавалася, сыпануўшы наўкруг сябе жменю зыркіх цёплых промняў (Б.Сачанка). Цягнік імчыць шалёна, быццам уцякае ад шырокіх і колкіх промняў вялізнага агністага сонца (А.Савіцкі).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (промня); пра яго ўздзеянне на чалавека, прыроду: асцярожлівы, асцярожны, вясёлы, гарэзлівы, гарэзны, гаючы, жыватворны, звонкі, крохкі, ласкавы, малады, мяккі, нясмелы, пачэсны, пяшчотны, развітальны, трапяткі, хрупкі, хрусткі, шчодры  кволы, ляны, свінцова-цяжкі, сіратлівы, шалёны.

У кожнай буйнай кроплі адбіваўся зялёны, поўны асцярожлівых сонечных промняў, суладны ранішні свет (У.Арлоў). Сонца шле ім праз вецце Высокі, вясёлы, прамень (А.Куляшоў). Не пайду я ў бярэзнік: Там замнога весялосці, Шмат праменняў там гарэзных На галіне кожнай госціць (П.Панчанка). Прагне сонца — каб яго жыватворныя промні абудзілі насеннае зерне (Н.Загорская). Як запомніць вось гэты блакіт... Гэтых коней, што ў ціхіх лугах Топчуць звонкія, крохкія промні (Я.Сіпакоў). Сонца шле нам апошні ласкавы прамень (К.Буйло). Загараліся ў сіняй страсе Вечных зор маладыя праменні (А.Астрэйка). Нечакана азвалася сонца, коса сыпнула ружовыя мяккія промні на ствалы дрэў, на верас (М.Стральцоў). І праменьчык малы, пяшчотны, Што праз лісце ў шчыліну ўпаў, Руку голую цёплым ротам, Крадучыся пацалаваў (У.Караткевіч). Па нівах промені пачэсныя, Як лён той, сцелюцца ў жывых агнях (Я.Купала). Сонца прамень развітальны іграе, Скача На забаўках дзіцячых... (М.Танк). Трапяткі і тонкі праменьчык спускаўся з неба: міргала над горадам зорка (М.Стральцоў). А некалі ж у зеляніне шат Вас [гнёзды] песціў сонца першы промень хрупкі (А.Бачыла). Зацяты боль, як дождж абложны, неўтаймаваны, зацяжны, рвануў мяне, як шаблю з ножнаў, пад промні хрусткія вясны (А.Лойка). Уся прырода, нібы ачнуўшыся ад сну, радавалася цеплыні, маладзела пад шчодрымі промнямі сонца (У.Краўчанка). Марудзіць час. Прамень ляны, як кот (С.Дзяргай). Дняпро... ляжыць цяпер пад свінцова-цяжкімі промнямі сонца, трывожны і нямы (У.Караткевіч). Сіратлівы прамень ціха зайшоў у кабінет... (Р.Мурашка). Ты мне сцежку паслала з шалёных праменняў... (С.Гаўрусёў).

* Агеньчык-прамень, піка-прамень, праменьчык-валаконца, промень-пялёстак, промні-навальніцы.

Але вось з-за лугавых расцяробаў, з-за вежаў сасновага бору прабіўся і выскачыў на прастор залаты агеньчык-прамень (К.Кірэенка). Макавінкі старой яліны... нібыта прапорвалі сонца..., выкінуўшы чорную піку-прамень (А.Савіцкі). Сонца — сланечнік на сіняй градзе, Промень-пялёстак на дол упадзе (М.Стральцоў). І той праменьчык-валаконца [майстрыха] Да верацёнцаў падвяла (А.Пысін). Мне не да твару грым ружовай маскі — Саткана доля з промняў-навальніц (Я.Янішчыц).

Паведаміць пра недакладнасьць